Гісторыя Дукоры
Дукора — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму сядзіба Ашторпаў і былы касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся клясыцыстычны палац Ашторпаў, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі партызанамі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVI стагодзьдзі Дукора знаходзілася ў складзе маёнтку Бакштаў і належала Кезгайлам, з 1554 году — у валоданьні іхных нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Першы пісьмовы ўпамін пра Дукору як уласнасьць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582 годам. Тады ж упамінаецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Пад 1592 і 1595 гадамі ў якасьці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.
З 1606 году Дукора знаходзілася ў супольным валоданьні ўдоваў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 годзе сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялянаў-кунічнікаў. Пазьней уласьнікамі маёнтку сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімер.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дукора апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні. З канца 1790-х гадоў паселішча перайшло да Францішка Ашторпа — сына аселага на Літве швэдзкага жаўнера арміі Карла ХІІ. У 1800 годзе Дукора складалася зь сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела Ўзьвіжанскую царкву, юдэйскую школу, будаваўся мураваны касьцёл; штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1-й палове XIX ст. Ашторпы (сыны Францішка Лявона, 1786—1851) збудавалі мураваны палац, у гэты ж час працавалі цырк з замежнымі акторамі, аркестар, бібліятэка.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1874 годзе маёнтак перайшоў да галяндца Канстантына Гартынга (памёр у 1891 годзе), радзіна якога ўсталявалася на Меншчыне ў пачатку XIX ст. У 1876 годзе ў Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 годзе мястэчка зьлілося зь сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.
У Першую сусьветную вайну ў лютым — сьнежні 1918 году Дукору займалі нямецкія войскі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дукора абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[1]. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году Дукора знаходзілася пад польскай уладай і было цэнтрам гміны. Пазьней зноў у БССР, дзе 20 жніўня 1924 году яна стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1970 год у Дукоры было 797 двароў, на 1993 год — 652, на 1997 год — 596. У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Брама сядзіба Ашторпаў, 1914 г.
-
Палац Ашторпаў, 1914 г.
-
Бакавы фасад палаца, 1914 г.
-
Школа ў палацы, 1932 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя Дукоры — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў