Перайсьці да зьместу

Грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Фатымскай (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Парафія Маці Божай Фатымскай у Горадні
Дата ўтварэньня 12 кастрычніка 1992 (32 гады таму)
Тып Хрысьціянскае
Юрыдычны статус рэлігійнае аб’яднаньне
Мэта Пашырэньне хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у грамадзтве, хрысьціянская асьвета
Штаб-кватэра Горадня, вул. Гараднічанская, д. 32а
Дзейнічае ў рэгіёнах Гарадзенская вобласьць
Афіцыйныя мовы беларуская
Старшыня а. Андрэй Крот
Кіроўны орган Рада
Матчына кампанія Беларуская грэка-каталіцкая царква
Колькасьць супрацоўнікаў 7
Колькасьць валянтэраў 70 (2008)

Парафія Маці Божай Фатымскай у Горадні — адзіная ў Горадні[1] парафія Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, адроджаная ў кастрычніку 1992 году. Носіць назоў у гонар 6 аб’яўленьняў[прыбраць шаблён] Багародзіцы тром пастухам у партугальскім мястэчку Фатыме (Сантарэнская акруга(en), Цэнтральная вобласьць(en)) з 13 траўня па 13 кастрычніка 1917 году. Штогадовае парафіяльнае сьвята адзначаецца 13 траўня. На травень 2008 г. парафія налічвала каля 70 парафіянаў[2]. Набажэнствы вядуцца на беларускай мове.

Першым парахам парафіі ў Горадні да лістапада 2004 г. быў а. Віктар Данілаў (1927—2016), які за савецкім часам быў вязьнем сталінскіх лягераў. З 1967 году ён жыў і працаваў у Горадні, а ў 1976 г. быў таемна высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў Львове мітрапалітам ГКЦ Уладзімерам Стэрнюком. Вярнуўшыся ў Горадню, ён пачаў сьвятарскае і місіянэрскае служэньне ва ўмовах падпольля. Пісаў і перакладаў рэлігійныя працы для самвыдату, выязджаў на місіі ў розныя гарады СССР аж да Сібіры і Каўказу.

Гарадзенская грэка-каталіцкая парафія была ўтворана 12 кастрычніка 1992 г. Першыя публічныя грэка-каталіцкія багаслужбы праводзіліся ў сутарэньнях былога жаночага базылянскага манастыра Раства Багародзіцы (тады — музэй гісторыі рэлігіі і атэізму) і прыватнага будынка па вул. Гараднічанскай, дом 32а. Адным зь першых парафіянаў стаўся дацэнт культуралёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Янка Трацяк[2]. У траўні 1995 году а. Віктар Данілаў ажыцьцявіў пілігрымку да месца зьяўленьня Багародзіцы ў Фатыме (Партугалія). У выніку ачоленая ім у Горадні грэка-каталіцкая парафія атрымала адпаведны назоў[3].

У 2015 г. ішлі працы па ўвядзеньні ў эксплюатацыю адрамантаванага адміністрацыйнага будынка па вул. Гараднічанскай, 32а, а багаслужбы часова праводзіліся касьцёле Сьв. Францішка Ксавэрыя. Раней гарадзенскія грэка-католікі маліліся таксама ў часовай капліцы рэдэмптарыстаў у мікрараёне Дзевятоўка.

З 2006 г. душпастыр парафіі Маці Божай Фатымскай у Горадні — а. Андрэй Крот.

З гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фатымскай паходзяць сьвятары а. Аляксандар Шаўцоў і ераманах Зьміцер Чарнель.

Парафіяне займаюцца валянтэрствам і місіянэрствам, зьбіраюць матэрыяльную дапамогу патрабуючым, удзельнічаюць у культурна-асьветніцкім жыцьці гораду. Парафія зьяўляецца адным з трох цэнтраў Хрысьціянскага валянтэрскага руху сьвятога Мікалая[4], заснаванага ўвосень 2007 году[5]. На лістапад 2009 г. зьяўлялася адным з 2 першых у краіне месцаў, дзе выкладаўся 3-месячны курс «Альфа» пра хрысьціянства. Курс складаўся з 10 штотыднёвых сустрэчаў і выязнога ўік-энду[6].

18 верасьня 2011 г. парафія зладзіла прэзэнтацыю кніг беларускіх паэтаў-сьвятароў Казімера Сваяка і Вінцука Адважнага[7]. Сьвятары і вернікі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фатымскай бяруць удзел у мясцовых пілігрымках і экумэнічных набажэнствах у Горадні падчас Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў[8].

  1. ^ Беларуская грэка-каталіцкая царква // Крыніца.info, 5 жніўня 2014 г. Праверана 2 лютага 2015 г.
  2. ^ а б Андрэй Крот. Парафіяльная ўрачыстасьць у гонар Маці Божай Фацімскай у Горадні // Царква : газэта. — 2008. — № 2 (57).
  3. ^ Зьміцер Чарнель. Адраджэньне грэка-каталіцкай царквы ў Горадні ў 1990-я — 2003 г. // Горадня — 875 / рэд. Сьвятлана Марозава. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2004. — С. 50. — 64 с.
  4. ^ Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай) // Парафія сьвятога Язэпа ў Менску, 3 чэрвеня 2013 г. Праверана 28 студзеня 2015 г.
  5. ^ Пра нас // Хрысьціянскі валянтэрскі рух сьвятога Мікалая, 2011 г. Праверана 28 студзеня 2015 г.
  6. ^ Андрэй Крот. Курс «Альфа» — для тых, хто шукае // Каталіцкі Касьцёл у Беларусі, 19 лістапада 2009 г. Праверана 28 студзеня 2015 г.
  7. ^ У Горадні – прэзэнтацыя твораў Вінцука Адважнага і Казімера Сваяка // Газэта «Царква», 12 верасьня 2011 г. Праверана 2 лютага 2015 г.
  8. ^ Юры Марціновіч. Сьвяты Дух заклікае жыць разнастайнасьцю ў еднасьці // Каталіцкі Касьцёл у Беларусі, 24 студзеня 2015 г. Праверана 2 лютага 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]