Перайсьці да зьместу

Маці Божая Фатымская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фігурка Маці Божай Фатымскай

Маці Божая Фатымская (па-партугальску: Nossa Senhora de Fátima, ад гораду Фатыма ў Партугаліі) — вобраз Багародзіцы. У 1917 годзе яна шэсьць разоў зьяўлялася ў Фатыме тром пастушкам — Лючыі (Луцыі) (Lúcia Santos), Гіяцынце (Jacinta Marto) і Францішку (Francisco Marto). Падчас апошняга адкрыцьця Багародзіца сказала: «Я Маці Ружанца» (або «Панна Ружанца»). У 1930 годзе каталіцкая царква афіцыйна вызнала гэтыя падзеі, як цудоўнае адкрыцьцё, якое не супярэчыць дактрыне.

Дзеці, якія бачылі Маці Божую: Лючыя, Францішак, Гіяцынта

5 траўня 1917 году, у разгар Першай сусьветнай вайны, Папа Бэнэдыкт XV у сваім лісьце да вернікаў заклікаў людзей прасіць Найсьвяцейшую Дзеву Марыю, каб яна паклала канец ваенным жахам у Эўропе.


« …нам трэба, больш чым калі б там ні было, у гэты жудасны час паслаць прашэньне да Вялікай Маці Божай ад яе самых адданых дзяцей. Да Марыі, Маці Міласэрнасьці, усемагутнай у Сваёй міласьці. Хай уздымаюцца малітвы тых, што любяць і адданых ёй з усіх куткоў Зямлі — з велічных храмаў і маленькіх капліц, з каралеўскіх палацаў і сядзіб багатыроў, гэтак жа як з хатак беднякоў — адусюль, дзе толькі знаходзіць прытулак верніца душа, з прасякнутых крывёю раўнін і мораў. Хай данясуцца да яе жудасныя крыкі жонак і маці, стогны нявінных малютак, ўздыхі кожнага шчырага сэрца: каб яе пяшчота і блажэнная клопат спусьціўся да нас і спакой, пра які мы просім, запанаваў у нашым пакутлівым сьвеце. »

Праз 8 дзён трое непісьменных дзяцей распавялі, што бачылі Багародзіцу непадалёк ад вёскі Фатыма ў Партугаліі. Каля поўдня 13 траўня 1917 году Маці Божая ўпершыню зьявілася тром пастушкам — Лучыі, Гіяцынце і Францішку, якія гналі на пашу статак авечак. Найсьвяцейшая Панна папрасіла дзяцей прыходзіць на тое ж месца 13-га чысла кожнага месяца. Перададзенае ім пасланьне ўтрымлівала заклік да пакаяньня за штодзённыя грахі, да малітвы на ружанец у тых жа намерах і да пасьвячэньня сьвету яе Беззаганнаму Сэрцу. Пры кожным чарговым наведваньні Маці Божая настойвала на штодзённай малітве на ружанцы.

У жніўні Найсьвяцейшая Багародзіца паабяцала пацьвердзіць праўдзівасьць сваіх адкрыцьцяў бачным знакам. Маці Божая пастаянна заклікала дзяцей маліцца аб навяртаньні грэшнікаў, зьдзяйсьняць у гэтых намерах добрыя справы і маліцца Ружанцам. 13 кастрычніка, падчас апошняга фатымскага аб’яўленьня, адбыўся цуд — так званы «танец сонца». Сьведкамі гэтага сталі дзесяткі тысяч людзей, якія адмыслова сабраліся ў Кова-да-Ірыя; гэты фэномэн можна было назіраць за многія кілямэтры ад эпіцэнтру падзей. Найсьвяцейшая Панна назвала сябе тады царыцай Ружанцу, а потымм дадала: «неабходна, каб людзі навярталіся, каб яны пакаяліся ў сваіх грахах … каб больш не абражалі нашага Госпада, якога і так зьневажаюць бязьмерна».

Дзева Марыя таксама распавяла 10-гадовай Лучыі тры так званыя «таямніцы». Другая з іх, абвешчаная 13 ліпеня, мела характар прароцтва. Багародзіца казала аб хуткім заканчэньні першай сусьветнай вайны, пачатку новай вайны, калі людзі не пакаюцца, і аб выключным значэньні гэтых падзей для Расеі XX стагодзьдзя.

Апісаньне вобразу Божай маці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Каталіцкі мэдальён з выявай Маці Божай Фатымскай

Выявы Дзевы Марыі, зробленай пасьля яе зьяўленьня, няма. Таксама, нягледзячы на прысутнасьць вялікай колькасьці людзей падчас апошніх зьяўленьняў, яе ніхто не бачыў. Адзіныя сьведкі — трое дзяцей Лючыя (10 гадоў), Францішак (9 гадоў) і Гіяцынта (7 гадоў). Менавіта на аснове іх апавяданьняў быў адноўлены вобраз Божай Маці. Больш за ўсё інфармацыі падала Лючыя. Францішак бачыў, але ня чуў Багародзіцу (хоць словы Лючыі ён чуў, але ня чуў, што казала Найсьвяцейшая Дзева; ён толькі бачыў, як яна рухала вуснамі). Гіяцынта бачыла і чула. Лючыя бачыла, чула і размаўляла з Паннай Марыяй. Падчас шостага адкрыцьця Гіяцынта і Францішак бачылі толькі першую сцэну. Лючыяя бачыла ўсе тры.

Лючыя апісала Божую Маці наступным чынам:

Гэта была пані ў белай вопратцы, ярчэй сонца. Яна выпраменьвала сьвятло, ясьней і мацней за зьзянне крыштальнага куфля, поўнага крышталёва чыстай вады, скрозь які прабіваецца прамень палаючага сонца. На выгляд ёй было 15-18 гадоў. Яе твар быў настолькі прыгожым, што яго цяжка апісаць або параўнаць. Выраз твару — ні сумны, ні вясёлы; сур’ёзны, з выразам ўмеранага папроку. Рукі, складзеныя на грудзях пры малітве, былі накіраваны дагары. Адзеньне было нібы вытканае са сьвятла. Туніцы была белая, зьвязаная на шыі залатым ланцужком. Мантыя — таксама белая, абведзеная золатам; яна пакрывала галаву Багародзіцы і спускалася да пятак, ледзь дакранаючыся дубовых лісьця. Ні валасоў, і вушэй не было відаць. Яркае сьвятло так апрамяняў яе твар, што яго немагчыма было доўга сузіраць. З рук Панны Марыі зьвісаў ружанец. Зярняткі былі перлінамі, а на канцы — срэбны крыжык.

Касьцёл Фатымскай Божай Маці ў Баранавічах

У 1930 годзе касьцёл афіцыйна прызнаў праўдзівасьць зьяўлення Багародзіцы ў Фатыме, але толькі ў кастрычніку 1942 году Папа Рымскі пасьля некалькіх цудатворных напамінаў часткова выканаў асноўнае Фатымскае распараджэньне ў дачыненьні да Расеі. Гэты акт станоўча паўплываў на ход Другой сусьветнай вайны. Цалкам Фатымскае распараджэньне выканаў толькі Папа Ян Павал II у 1984 годзе[1]. Вынік не замарудзіў сябе чакаць — да ўлады прыйшоў Гарбачоў і неўзабаве «імпэрыя Зла» разбурылася.

Папа Піюс XII у свой час пасьвечаны на біскупа менавіта 13 траўня 1917 году, гэта значыць у першы дзень Фатымскіх зьяўленьняў. 31 кастрычніка 1942 году ён прысвяціў Беззаганнаму Сэрцу Марыі ўсё чалавецтва, і ў першую чаргу «тыя народы, пра якія Маці Божая Фатымская асаблівым чынам успамінала». Ян Павал II, наведаўшы Фатыму ў 1982 годзе, каб падзякаваць Багародзіцы за цудоўнае выратаваньне падчас замаху Алі Агджы на яго жыцьцё (замах адбыўся ізноў жа 13 траўня ў 1981 годзе), пажадаў абнавіць гэта прысьвячэньне.

У нядзелю, 25 сакавіка 1984 году, падчас цырымоніі заканчэньня юбілейнага году адкупленьня, Ян Павал II вырашыў яшчэ раз абнавіць Прысьвячэньне сьвету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Сьвяты Айцец паўтарыў тое, што было Ўжо Зроблена ў Фатыме ў 1982 годзе, і асаблівым чынам прасіў аб нябеснай апецы над Расеяй. Біскупы ўсяго сьвету, духоўна салідарныя з Папам, адначасова паўтаралі словы малітвы.

Санктурыят Маці Божай Фатымская
  • 13 траўня 1917 г. — адбылося першае аб’яўленьне Маці Божай тром пастушкам з Фатымы.
  • 13 кастрычніка 1917 г. — апошняе аб’яўленьне Маці Божай тром пастушкам з Фатымы, цуд Сонца. Цуд (так званы Танец Сонца) убачылі 70 000 чалавек, у тым ліку журналісты, якія вельмі скептычна ставіліся да падзеі і былі ўражаны гэтай зьявай. Журналіст Авэліна дэ Альмэйду з антыклерыкальнага часопіса O seculo шмат разоў паўтараў у сваім рэпартажы: «Я бачыў гэта… Я бачыў гэта…»[2]
  • 28 красавіка 1919 г. — пачатак будаўніцтва капліцы на месцы аб’яўленьняў.
  • 13 кастрычніка 1921 г. — першы дазвол на цэлебрацыю Імшы ў гэтым месцы
  • 13 кастрычніка 1930 г. — біскуп Лейрыі дазволіў культ Маці Божай Фатымскай
  • 13 траўня 1931 г. — першае прысьвячэньне Партугаліі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, зьдзейсьненае эпіскапатам краіны, ьзвязанае з аб’яўленьнямі
  • 31 кастрычніка 1942 г. — Пій ХІІ прысьвяціў сьвет Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
  • 13 траўня 1967 г. — у 50-ю гадавіну аб’яўленьняў Павал VI накіраваўся ў Фатыму, каб прасіць міру ў сьвеце і еднасьці Касцёлу.
  • 12 і 13 траўня 1982 г. — Ян Павал ІІ накіраваўся ў Фатыму ў якасьці пілігрыма, каб падзякаваць за тое, што перажыў напад на Плошчы сьв. Пятра
  • 13 траўня 2000 г. — падчас свайго трэцяга падарожжа ў Фатыму Ян Павал ІІ бэатыфікаваў Францішка і Гіяцынту і абнародаваў зьмест трэцяй фатымскай таямніцы.
  • 12, 13 і 14 мая 2010 г. — санктуарый наведаў Бэнэдыкт XVI у рамках сваёй 15-й апостальскай пілігрымкі.
  • 12 і 13 мая 2017 г. — Францішак прыбыў у санктуарый на ўрачыстасьць 100-годзьдзя першага аб’яўленьня. Ён таксама кананізаваў Францішка і Гіяцынту Марта.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]