Перайсьці да зьместу

Група арміяў Курляндыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Курляндыя»
ням. Kurland
Нарукаўнік
Гады існаваньня 1945
Краіна Нямеччына
Падпарадкаваньне Узброеныя сілы Нямецкай дзяржавы
Уваходзіць у Сухаземныя войскі Нямецкай дзяржавы
Тып група арміяў
Уключае ў сябе 16-я і 18-я арміі
Функцыя абарона базы нямецкіх падлодак на Балтыйскім моры
Колькасьць 200 000 вайскоўцаў
Дысьлякацыя Курляндыя
Узбраеньне 75 баявых самалётаў, 307 танкаў і САУ, 1426 гарматааў, 557 мінамётаў, 3879 кулямёт, 219 БТРаў, 52 887 аўтаматаў і вінтовак
Войны Нямецка-савецкая вайна
Удзел у Курляндзкі кацёл
Вядомыя камандзіры Карл Гільпэрт

«Курляндыя»група арміяў Сухаземных войскаў Узброеных сілаў Нямецкай дзяржавы, якая існавала са студзеня па травень 1945 году на захадзе Латвійскай ССР.

25 студзеня 1945 году галоўны камандзір Узброеных сілаў Нямецкай дзяржавы Адольф Гітлер перайменаваў групу арміяў «Поўнач» у «Курляндыю». Яна складалася з 16-й і 18-й арміяў, якія налічвалі каля 200 000 жаўнераў у складзе 26 дывізіяў. Група арміяў «Курляндыя» знаходзілася ў Курляндзкім катле на захадзе Латвійскай ССР, бо 10 кастрычніка 1944 году Чырвоная армія дасягнула вусьця Нёмана на Балтыйскім моры. Асноўная задача гэтай групы арміяў палягала ў абароне марской базы нямецкіх падлодак. 7 траўня 1945 году прэзыдэнт Нямецкай дзяржавы Карл Дэніц загадаў здацца камандзіру групы арміяў «Курляндыя» Карлу Гільпэрту. Той загадаў спыніць агонь 8 траўня а 14:00 і вывесіць белыя сьцягі, каб здацца войскам Ленінградзкага фронту, якімі загадваў Леанід Говараў. 9 траўня пачаліся допыты афіцэраў штаба групы арміяў «Курляндыя». Да канца 11 траўня войскі Ленінградзкага фронту дасягнулі берага Рыскай затокі. Да 12 траўня ў Курляндзкім катле здалося ў палон 140 408 нямецкіх жаўнераў і малодшых афіцэраў, 5083 сярэдніх афіцэраў і 28 генэралаў. Чырвоная армія захапіла 75 баявых самалётаў, 307 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, 1426 гарматаў і 557 мінамётаў, 3879 кулямётаў, 52 887 вінтовак і аўтаматаў, 219 бронетранспартэраў і 310 радыёстанцыяў, 4281 самаход і 240 трактароў, 3442 грузавыя абозы і 14 056 коней. Да 23 траўня агулам здалося 189 000 нямецкіх вайскоўцаў з 24-х дывізіяў, у тым ліку 42 генэралы. Асноўную частку нямецкіх ваеннапалонных вывезьлі ў лягеры на Валдайскім узвышшы ў Расейскай СФСР.

Каля 4000 латыскіх жаўнераў са складу групы арміяў «Курляндыя» ўцяклі ад палону ў балоцістыя лясы. Там яны ўтварылі паўстанцкі рух у выглядзе «лясных братоў», што праіснаваў да 1956 году[1].

  1. ^ Валяр'ян Шкленьнік. Рагачоўскі фронт // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 5. — ISSN 1990-763x.