Гран-Канарыя
Гран-Канарыя | |
Пляж у Ляс-Пальмасе | |
Месца | Атлянтычны акіян |
---|---|
Плошча | 1560 км² |
Найвышэйшы пункт | 1949 м |
Краіна | Гішпанія |
Вобласьць | Канарскія астравы |
Насельніцтва (2018) | 846 717 |
Каардынаты | 27°58′ пн. ш. 15°36′ з. д. / 27.967° пн. ш. 15.6° з. д.Каардынаты: 27°58′ пн. ш. 15°36′ з. д. / 27.967° пн. ш. 15.6° з. д. |
Гран-Канарыя |
Гран-Кана́рыя (па-гішпанску: Gran Canaria, [ɡɾaŋ kaˈnaɾja] — «вялікі [востраў] сабакаў») — адзін з астравоў Канарскага архіпэлягу, які належыць Гішпаніі. Знаходзіцца ў Атлянтычным акіяне за 150 км ад паўднёва-заходняга берагу Афрыкі і за 1350 км ад Эўропы. Другі паводле насельніцтва востраў архіпэлягу (846 717 чалавек паводле стану на 2018 , што складае каля 40% усяго насельніцтва архіпэлягу); трэці паводле плошчы (1560 км²) і вышыні (найвышэйшы пункт — пік Ньевес — 1949 м). Таксама трэці паводле колькасьці насельніцтва востраў Гішпаніі (пасьля Тэнэрыфэ ды Мальёркі).
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У старажытнасьці Гран-Канарыю насяляла паўночнаафрыканскае племя канарыяў, якія назвалі гэтую зямлю Тамара́н («зямля сьмелых»).
У Сярэднявеччы на архіпэляг прыбылі кастыльскія войскі, якія 24 чэрвеня 1478 року заклалі на Гран-Канарыі сталічнае места Рэал дэ Ляс-Пальмас. Пасьля пяцігадовае кампаніі, 29 красавіка 1483 року востраў перайшоў пад уладу каралевы Ізабэлы I. У 1492 року па дарозе ў Амэрыку ў порце Ляс-Пальмасу прыпыняўся Хрыстафор Калюмб.
З 1927 року Ляс-Пальмас дэ Гран-Канарыя дзеліць з Санта-Крус дэ Тэнэрыфэ статус сталіцы аўтаномнай супольнасьці Канарскіх астравоў.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гран-Канарыя знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад Тэнэрыфэ і на захад ад Фуэртэвэнтуры. Плошча вострава — 1560 км², найбольшая вышыня — 1949 м (пік Ньевес). Востраў круглай формы дыямэтрам прыкладна 50 км.
Востраў вульканічнага паходжаньня. Апошнія вывяржэньні адбываліся каля 3500 гадоў таму.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клімат Гран-Канарыі пустынны з-за цёплай тэмпэратуры і рэдкіх ападкаў. Сярэднедзённая тэмпэратура складае ад 20 °C узімку да 26 °C улетку. У халодныя зімовыя ночы тэмпэратура ля берагу не апускаецца ніжэй за 10 °C. У горных рэгіёнах можа выпадаць сьнег і замаразкі.
Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае 228 мм; большасьць іх выпадае ў халодныя месяцы, а ліпень, жнівень ды верасень амаль засушлівыя. Да таго ж ападкі разьмеркаваныя па востраве нераўнамерна.
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля заваяваньня гішпанцамі на востраве праз нарыхтоўку лесу, расчыстку зямлі ды іншую дзейнасьць значна зьменшылася расьліннасьць, і цяпер Гран-Канарыя — найбольш абязьлесены з Канарскіх астравоў. З XX стагодзьдзя праводзіцца засадка дрэвамі.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтамабільныя дарогі апярэзваюць увесь востраў і даходзяць да горных раёнаў. У канцы XX стагодзьдзя была ўведзеная ў эксплюатацыю першая на Канарскіх астравох дарога з разьдзяляльнай паласой(en), што злучыла паўночны бераг ды аэрапорт празь Ляс-Пальмас з паўднёвым. Адзіная хуткасная аўтамагістраль — GC-1(es).
Дзейнічае шырока разгалінаваная аўтобусная сетка.
Адзіны камэрцыйны аэрапорт вострава — Гран-Канарыя (IATA: LPA), другі паводле загружанасьці на Канарах.
Найважнейшыя марскія порты — Ляс-Пальмас, Аргінэгін і Арынага. Галоўныя пасажырскія порты:
- Ля Люз, адкуль ходзяць паромы ў Кадыс у кантынэнтальнай Гішпаніі;
- Пуэрта-дэ-Ляс-Ньевэс ля Агаэтэ, адкуль паромы ходзяць да Санта-Крусу-дэ-Тэнэрыфэ.