Габрэйскі каляндар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Габрэ́йскі калянда́р (па-габрэйску: הלוח העברי‎) — штогадовы каляндар, які выкарыстоўваецца ў юдаізьме для вызначэньня габрэйскіх сьвятаў, адпаведных частак Торы для грамадзкага чытаньня, ёрцайт (дня памяці памерлых сваякоў) і іншага. Побач з грэгарыянскім календаром зьяўляецца афіцыйным календаром у Ізраілі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гісторыі габрэйскага календара вылучаюць тры галоўныя пэрыяды:

У першы пэрыяд пачаткі месяцаў і сьвяты вызначаліся выключна па «бачаньні маладога Месяца» і стане Сонца, у другі — часткова па бачаньні месяца і стане сонца, часткова па падліках, у трэці — выключна па падліках. У габрэйскім календары просты год складаецца з 12 месяцовых месяцаў; у высакосным годзе дадаецца дадатковы месяц. Як простыя, так і высакосныя гады бываюць:

  • правільныя, калі ўсе 12 месяцаў складаюцца чаргавана з 30 і 29 дзён;
  • дастатковыя, калі адзін з 29-дзённых месяцаў мае 30 дзён;
  • недастатковыя, калі адзін з 30-дзённых месяцаў складаецца з 29 дзён.

Такім чынам:

Тыпы гадоў Дзён у простым годзе Дзён у высакосным годзе
Правільны 354 384
Дастатковы 355 385
Недастатковы 353 383

Працягласьць габрэйскага году (незалежна ад таго, будзе ён правільным, дастатковым альбо недастатковым) вызначаецца днём, на які прыпадае першае чысло месяца тышрэй і першае чысло месяца нісана. З-за таго, што сьвята Песах сьвяткуецца 14-га нісана, які мусіць быць веснавым месяцам, то для ўзгадненьня месяцовага году з сонечным у габрэйскім календары прыняты цыкль у 19 гадоў (малы месяцовы цыкль), у якім 7 гадоў зьяўляюцца высакоснымі.

У аснову ўсяго габрэйскага календара закладзенае вызначэньне першага маладзіка (маладзік сьветабудовы), які, па габрэйскіх падліках, адбыўся ў 3761 годзе да н. э., у панядзелак, у 5 гадзінаў і 204 часткі пасьля поўдня. Паводле габрэйскіх традыцыяў гадзіна падзяляецца не на хвіліны і сэкунды, а на 1080 частак (лік, пазычаны з «Альмагеста» Пталемэя, і які дзеліцца на ўсе адназнакавыя дзельнікі, апроч 7), кожная частка — з 76 імгненьняў. Цяпер, праз 1500 гадоў з часу канчатковага вызначэньня габрэйскага календара, ягонае вылічэньне не зусім супадае з сучаснымі астранамічнымі падлікамі, але памылка не зьяўляецца настолькі значнай, каб узьнікла неабходнасьць выпраўленьня календара.

Караімы таксама выкарыстоўваюць габрэйскі каляндар з той розьніцай, што яны падзяляюць гадзіну на агульнапрынятых падставах і іначай вызначаюць маладзік.

Месяц (у дужках — састарэлая назва
з Старога запавету)
Колькасьць дзён Задыякальнае сузор’е Бабілёнская назва
Нісан (Авіў) 30 Баран Нісану
Іяр (Зіў) 29 Цялец Аяру
Сыван 30 Блізьняты Сыману
Тамуз 29 Рак Ду’вузу
Аў 30 Леў Абу
Элул 29 Дзева Улулу
Тышрэй (Эйтанім) 30 Шалі Ташрыту
Хешван (Мархешван, Буль) 29 альбо 30 Скарпіён Арахсамна
Кісьлеў (Хісьлеў) 29 альбо 30 Стралец Кісьліму
Тэвэт 29 Казярог Тэбэту
Шват 30 Вадаліў Шабату
Адар 29 Рыбы Адару
Адар бэт 29 (толькі ў высакосным годзе) Адару