Габрыель Гарсія Маркес
Габрыель Гарсія Маркес | |
гішп. Gabriel García Márquez | |
Габрыель Гарсія Маркес на Гвадаляхарскім міжнародным кінафэстывалі, 2009 год | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Gabriel José de la Concordia García Márquez |
Нарадзіўся | 6 сакавіка 1927[1][2][3][…] Аракатака, Магдалена, Калюмбія |
Памёр | 17 красавіка 2014[4][1][2][…] (87 гадоў) Мэхіка, Мэксыка |
Сужэнец | Мэрсэдэс Барча[d][5] |
Дзеці | Радрыга Гарсія[d][6] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, журналіст, дзяржаўны дзяяч |
Гады творчасьці | 1947 — 2009 |
Кірунак | магічны рэалізм |
Жанр | раман, аповед |
Мова | гішпанская |
Значныя творы | «Сто гадоў адзіноты», «Палкоўніку ніхто ня піша» |
Прэміі | Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (1982) |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Асабістая старонка |
Габрые́ль Гарсі́я Ма́ркес (па-гішпанску: Gabriel García Márquez; 6 сакавіка 1927, Аракатака, Магдалена, Калюмбія — 17 красавіка 2014, Мэхіка, Мэксыка) — калюмбійскі гішпанскамоўны пісьменьнік, журналіст і палітычны дзяяч. Вядомы як адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў магічнага рэалізму. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1982 году.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Габрыель Гарсія Маркес нарадзіўся 6 сакавіка 1927 году ў калюмбійскім мястэчку Аракатака (дэпартамэнт Магдалена). У дзяцінстве выхоўваўся бабуляй і дзядулем па матчынай лініі. Менавіта гэтыя людзі пазнаёмілі будучага пісьменьніка з народнымі паданьнямі й моўнымі асаблівасьцямі, якія пазьней сталі важным элемэнтам ягонае творчасьці.
У 1940 годзе, ва ўзросьце 12 год, Габрыель атрымаў стыпэндыю й пачаў навучаньне ў езуіцкім каледжы мястэчку Сіпакіра, што за 30 км на поўнач ад Багаты. У 1946 годзе па патрабаваньні бацькоў ён паступіў у Нацыянальны ўнівэрсытэт Багаты на юрыдычны факультэт. Тады Габрыель пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Мерсэдэс Барча Парда.
Перапыніўшы навучаньне раней за тэрмін, у 1950 годзе, ён вырашыў прысьвяціць сябе журналістыцы й літаратуры. Асаблівы ўплыў на яго аказалі такія пісьменьнікі, як Эрнэст Гэмінгўэй, Ўільям Фолкнэр, Джэймз Джойс і Вірджынія Ўулф, Франц Кафка.
З 1954 году Маркес працуе ў газэце «Эль Эспэктадор», публікуючы невялікія артыкулы й рэцэнзіі на фільмы. У якасьці карэспандэнту яго накіроўваюць у Італію, Польшчу, Францыю, Вэнэсуэлу й ЗША. У 1957 годзе 30-гадовы Гарсія Маркес быў карэспандэнтам на VI Сусьветным фэсьце моладзі й студэнтаў у Маскве. Згадваючы пра гэтую падзею, аўтар у эсэ напісаў «СССР: 22 400 000 квадратных кілямэтраў без адзінай рэклямы кока-колы!». У 1959 годзе ў Нью-Ёрку ў яго нараджаецца сын.
Разам з тым Маркес займаецца пісьменьніцтвам, ствараючы аповеды й кінасцэнарыі. У 1961 годзе ў яго выходзіць аповесьць «Палкоўніку ніхто ня піша» (El coronel no tiene quien le escriba), у 1966-м — раман «Ліхая гадзіна» (La mala hora). Сусьветную вядомасьць яму прынёс раман «Сто гадоў адзіноты» (Cien años de soledad, 1967).
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1981 годзе Карлас Шэрман апублікаваў беларускі пераклад невялікай аповесьці Маркеса «Неверагодная і смутная гісторыя пра наіўную Эрэндзіру і яе бессардэчную бабулю». Пазьней ён жа пераклаў раман «Каханьне падчас халеры», які выйшаў цалкам толькі ў 2017 г., пасьля сьмерці аўтара і перакладчыка[7].
Пазьней Віялета Яфіменка перакладала апавяданьні Маркеса, якія публікаваліся ў пэрыядычным друку. Валеры Буйвал перакладаў асобныя творы зь нізкі «12 дзіўных навэл», якія друкаваліся ў «ЛіМе» і «Дзеяслове». У 2004 годзе Багдан Арлоў перакладаў невялікі фрагмэнт аднаго з апошніх твораў Маркеса «Успамін пра маіх сумных прастытутак»[7].
Таксама Якуб Лапатка пачынаў пераклад галоўнага і, мабыць, самага вядомага рамана Маркеса «Сто гадоў адзіноты», але прыхільнасьці сярод выдаўцоў не знайшоў, пераклад ня быў скончаны, фрагмэнты таксама не публікаваліся[7].
У 1970-я гады К. Шэрман задумаў беларускі пераклад «Восені патрыярха» і зьвярнуўся да выдавецтва «Мастацкая літаратура». У выдавецтве, забаяўшыся магчымай рэакцыі цэнтральных савецкіх улад, бо рускага перакладу рамана яшчэ не было, не рызыкнулі згадзіцца, а прапанавалі К. Шэрману зрабіць рускі пераклад. Рускі пераклад «Восені патрыярха» зроблены К. Шэрманам разам з В. Тарасам апублікаваны ў беларускім літаратурным часопісе «Нёман» у 1970-я гады, што было падзеяй усесаюзнага маштабу[7]. Невялікі фрагмэнт гэтага рамана пераклала на беларускую мову Дзіна Бабрыцкая (апублікаваны ў хрэстаматыі "Літаратура народаў сьвету: ХХ стагодзьдзе", 1999).
Б. Арлоў адзначыў, што мова Маркеса незвычайная, няпростая і ня кожны перакладчык з гішпанскай наважыцца на пераклад яго твораў. Гэта, на думку Б. Арлова, прычына малой колькасьці перакладаў Маркеса на беларускую[7].
- Каханне падчас халеры: раман / Габрыель Гарсія Маркес. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2017. — 366, [1] с. — (Серыя «Noblesse Oblige»).
- Восень патрыярха / Пер. з ісп. С. Шупа. — Мн.: А. М. Янушкевіч, 2021.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раманы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1962 — Ліхая гадзіна (La mala hora)
- 1967 — Сто гадоў адзіноты (Cien años de soledad)
- 1975 — Восень Патрыярха (El otoño del patriarca)
- 1981 — Кроніка адной абвешчанай сьмерці (Crónica de una muerte anunciada)
- 1985 — Каханьне падчас халеры (El amor en los tiempos del cólera, бел. пер. 2005)
- 1989 — Генэрал у сваім лябірынце (El general en su laberinto)
- 1994 — Пра каханьне і іншых дэманаў (Del amor y otros demonios)
- 2004 — Успамін пра маіх сумных блядзей (Memoria de mis putas tristes)
Апавяданьні, навэлы і публіцыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1947 — Вочы блакітнага сабакі (Ojos de perro azul)
- 1955 — Апалае лісьце (La hojarasca)
- 1961 — Палкоўніку ніхто ня піша (El coronel no tiene quien le escriba)
- 1962 — Пахаваньне Вялікай Мамы (Los funerales de la Mamá Grande)
- 1970 — Споведзь пацярпелага караблекрушэньне (Relato de un náufrago)
- 1978 — Неверагодная і смутная гісторыя пра наіўную Эрэндэру і яе бессардэчную бабулю (La increíble y triste historia de la cándida Eréndira y de su abuela desalmada, бел. пер. 1981)
- 1986 — Las Aventuras de Miguel Littín Clandestino en Chile
- 1992 — Дванаццаць пілігрымскіх апавяданьняў (Doce cuentos peregrinos)
- 1996 — Noticia de un secuestro
- 2002 — Жыць, каб апавядаць (Vivir para contarla)
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Слова halalcsillag на борце карабля-прывіда з апавяданьня «Апошняе вандраваньне карабля-прывіда», якое ні ў водным выданьні ніяк не камэнтавалася і не перакладалася, на самай справе мае сэнс; па-вугорску яно азначае «сьмяротная зорка» (па-вугорску: halálcsillag [ˈhɒlaːlˌʧilːɒɡ]). Тут выявіўся характэрны чорны гумар Маркеса, паколькі Вугоршчына — не марская дзяржава.
- У траўні 2000 году ў штодзённай пэруанскай газэце «La Republica» пад імем Маркеса была надрукаваная паэма «Лялька» (La Marioneta), якая паслужыла пацьверджаньнем інфармацыі аб сьмяротнай хваробе пісьменьніка. Інфармацыя была хутка растыражаваная газэтамі, аднак неўзабаве высьветлілася, што аўтарам гэтага твора зьяўляецца зусім не сусьветна вядомы аўтар, а мэксыканскі чэрававяшчальнік Джоні Ўэлч (Johnny Welch), пад чыім творам па невядомых чыньніках апынулася імя Маркеса. Пазьней факт памылкі прызналі абодва[8]. Аднак і па гэты дзень у сеціве вельмі часта сустракаюцца гэтыя радкі, падпісаныя імем Нобэлеўскага ляўрэата. Часам ня вельмі ўважлівыя прыхільнікі і аўтары фан-ролікаў па незразумелых чыньніках прыпісваюць гэтую паэму Паўлё Каэльё[9].
- У кастрычніку 2004 году «Random House Mondadori» і «Grupo Editorial Norma» апублікавалі апошні раман Маркеса «Успамінаючы маіх журботных шлюх». За месяц да афіцыйнай прэзэнтацыі кніжныя «піраты» выкралі рукапіс і запусьцілі гэтую кнігу ў продаж. Пісьменьнік у адказ на гэта зьмяніў фінал рамана. Мільённы тыраж быў раскуплены за рэкордна кароткі тэрмін. Пірацкія жа падробкі, вялікую частку якіх канфіскавала паліцыя, цяпер прадмет паляваньня для калекцыянэраў.
- У 2006 годзе Пэдра Санчэс, мэр гораду Аракатака, у якім нарадзіўся Маркес, прапанаваў пераназваць селішча ў Маконда, у гонар месца дзеяньня рамана «Сто гадоў адзіноты». Было праведзенае галасаваньне, але, хоць больш за 90% людзей, што прагаласавалі, выказалася за пераназваньне, горад пераназваны ня быў, паколькі ў галасаваньні прыняла ўдзел толькі палова зь неабходных 7400 чалавек[10].
- У 2009 годзе ўрад Мэксыкі прызнаў, што мэксыканскія ўлады сачылі за Маркесам з 1967 па 1985 гады (гэта значыць у пэрыяд прэзыдэнцтва Люіса Эчэвэрыі і Хасэ Лёпэса Партыльлё) з-за яго сувязяў з камуністычнымі рэжымамі і лідэрамі[11][12].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Gabriel García Márquez (гішп.)
- ^ а б Echevarría R. G. Gabriel Garcia Marquez // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Gabriel García Márquez // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
- ^ http://www.latintimes.com/gabriel-garcia-marquez-dies-famed-colombian-author-and-nobel-laureate-dead-87-pneumonia-166280
- ^ ¿Quién era Mercedes Barcha, la musa de Gabriel García Márquez? (анг.) // The New York Times / J. Kahn — Manhattan: New York Times Company, A. G. Sulzberger, 2020. — ed. size: 443000 — ISSN 0362-4331; 1553-8095; 1542-667X
- ^ https://www.jornada.com.mx/notas/2021/09/22/politica/la-extincion-de-la-memoria/
- ^ а б в г д Студзінская І. Беларускія сьляды Маркеса — svaboda.org, 18.04.2014, 16:44
- ^ Gabriel Garcia Marquez’s Final Farewell
- ^ YouTube — «Паўлё Каэльё — Письмо Габриэля Гарсия Маркеса»
- ^ News BBC// Marquez town rebuffs Macondo name
- ^ Gabo, según los servicios de inteligencia mexicanos (гішп.)
- ^ García Márquez fue espiado por México durante al menos dos décadas (гішп.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Габрыель Гарсія Маркес — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- «Успамін пра маіх сумных бл.дзей» (урывак) Архіўная копія
- Старонкі Г. Г. Маркеса
- Навэлы Г. Г. Маркеса ў часопісе «Дзеяслоў»
- Раман «Каханьне падчас халеры» ў часопісе «ARCHE». 1 частка, 2 частка