Вялікі дыктатар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Вялікі дыктатар»
анг. The Great Dictator
Жанр камэдыя
Рэжысэр Чарлі Чаплін
Сцэнарыст Чарлі Чаплін
Прадусар Чарлі Чаплін
У ролях Палета Гадар, Джэк Оўкі
Кампазытар Мэрэдыт Ўілсан
Апэратар Карл Страс
Мантаж Ўілард Ніко
Вытворчасьць Charles Chaplin Film Corporation[d], United Artists[d] і Charlie Chaplin Studios[d]
Распаўсюд United Artists[d], Netflix і HBO Max[d]
Дата выхаду 15 кастрычніка 1940 (83 гады таму)
Працягласьць 125 хвілінаў
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт 2 млн $
Прыбытак 3,5 млн $
Папярэдні «Новы час» (1936)
Наступны «Спадар Вэрду» (1947)
Старонка на IMDb

«Вялі́кі дыкта́тар» — амэрыканская кінакамэдыя 1940 году пра жыдоўскага цырульніка, які праз уцёкі ад перасьледу дыктатарам Гінкелем выпадкова падмяняе яго пры ўварваньні ў суседнюю краіну.

Галоўны пэрсанаж фільма быў пародыяй на Адольфа Гітлера[1].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1918 годзе жыдоўскі цырульнік служыў у Таманскім войску гарматчыкам «Вялікай Бэрты» на Заходнім фронце Першай сусьветнай вайны. Яму даручаюць абсьледаваць дэфэктны знарад яго гарматы, пасьля чаго накіроўваюць наводзіць зэнітную зброю на варожы самалёт. Урэшце ён трапляе ў пяхоту, дзе ратуе лётчыка Шульца ўцёкамі на ягоным самалёце. Пасьля падзеньня самалёта Шульц высьвятляе, што Таманія прайграла вайну. Цырульнік трапляе ў шпіталь, дзе праводзіць некалькі год праз страту памяці. За гэты час Таманію ўзначальвае дыктатар Адэноід Гінкель, зьнешне падобны да цырульніка. Пасьля прамовы Гінкель падае па лесьвіцы празь міністра абароны Гэрынга, за што зрывае зь яго частку ордэнаў. У машыне міністар унутраных справаў Гарбіч кажа Гінкелю, што ягоную прамову варта было зрабіць яшчэ больш лютай да жыдоў, каб адцягнуць увагу людзей ад нястачаў. У геце спадар Ман прапануе Джэйкелю здаць лаўку цырульніка ў наём. Джэйкель кажа, што цырульнік піша кожныя 2 тыдні пра сваё вяртаньне са шпіталя. Джэйкель апавядае пра Ганну, якая здымае ў яго пакой, але ня можа знайсьці працу. Ён згадвае, што тая страціла бацьку на вайне, а маці — летась. Ганна выпраўляецца з памытай бялізнай да жонкі шаўца. На вуліцы яна кпіць са штурмавікоў за рабаваньне гандляра. Тыя закідваюць яе таматамі з грузавіка.

Цырульнік самавольна сыходзіць са шпіталя дадому. У цырульні ён дзівіцца павуціньню на касе і рукамыйніку. Пры спробе змыць надпіс «жыд» на вакне яго зьбіваюць 2 штурмавікі, але Ганна б’е тых патэльняй па галаве з вакна. Ганна хавае цырульніка ў двары, пакуль дазорныя штурмавікі на аўтамабілі забіраюць сваіх пабітых. Цырульнік вяртаецца да сябе, дзе двое штурмавікоў патрабуюць ад яго вітаньня ў гонар Гінкеля. Аднак ён ня ведае пра дыктатара. На вуліцы яго хапае натоўп штурмавікоў, які бярэцца павесіць яго на ліхтарным слупе. Камандзір Шульц пад’яжджае на машыне і пазнае ў цырульніку свайго ратавальніка на вайне. Пасьля напаміну пра падзеньне на самалёце да цырульніка вяртаецца памяць. Шульц патрабуе, каб цырульніка перасталі надалей даймаць. У палацы Гінкелю паказваюць бронекамізэльку, пры выпрабаваньні якой гіне яе вынаходнік — прафэсар Кібіцэн. Ад заляцаньня да сакратаркі Гінкеля адцягваюць на няўдалае выпрабаваньне парашута. Гінкель высьвятляе ў Гэрынга, што на канцэнтрацыйныя лягеры патрабуецца 25 млн марак, бо штодня арыштоўваць ад 5 да 10 тысячаў працаўнікоў, незадаволеных зьніжэньнем заробкаў і апілкамі ў хлебе. Затым Гінкель вырашае ўварвацца ў Аўстрліхію. Гэрынг папярэджвае пра патрэбу ў пазыцы ад жыдоўскага банкіра Эпстайна. Тады Гінкель загадвае Шульцу прыпыніць перасьлед жыдоў да атрыманьня пазыкі.

Цырульнік стрыжэ Джэйкеля, які разважае пра ад’езд у Аўстрліхію. Джэйкель раіць цырульніку заняцца стрыжкай жанчынаў, бо большасьць мужчынаў забралі ў канцлягеры. Той робіць Ганьне вечаровую прычоску. Пры падзеньні на вуліцы Ганна рассыпае набытую бульбу. Штурмавікі падымаюць яе саму і зьбіраюць для яе бульбу. У палацы Гінкель беспасьпяхова спрабуе падпісаць набраны сакратаркай ліст. Ён праганяе стэнаграфістак і сустракаецца з агенткай Б-76, якая паведамляе пра стачку. Гінкель прапануе забіць усе 3000 работнікаў, але па настаяньні Гарбіча адмаўляецца ад задумы, каб захаваць вытворчасьць на заводзе. Гінкель баіць пра перасьлед жыдоў і чарнявых, хоць сам чарнявы, каб стаць дыктатарам усяго сьвету. Гарбіч падкрэсьлівае, што пасьля ўварваньня ў Аўстрліхію ўдасца захопліваць краіны блефам бяз бою. Гінкель пляша з паветраным глёбусам, які разрываецца. У геце цырульнік голіць кліента пад вугорскі пляс № 5 Ёганэса Брамса на радыё. Эпстайн адмаўляецца пазычыць Гінкелю. Тады Гінкель загадвае Шульцу напасьці на гета, аднак той лічыць, што гэта прывядзе да дэмаралізацыі краіны. У адказ дыктатар ссылае Шульца ў канцлягер. Увечары цырульнік з Ганнай ідуць на шпацыр. З гучнагаварыльнікаў даносіцца прамова Гінкеля, якая палохае жыхароў гета, і тыя хаваюцца па дамах. Штурмавікі ўрываюцца ў двор, дзе хапаюць цырульніка. Аднак іх афіцэр загадвае пакінуць двор, бо на тое загад Шульца, каб не чапаць цырульніка. Аднак пасьля весткі пра арышт Шульца штурмавікі падрываюць цырульню.

Уначы Джэйкель паведамляе Ганьне і цырульніку, што Шульц уцёк і хаваецца ў яго на паддашку. Упоўначы Ганна кажа жонцы Джэйкеля, што Шульц хоча падарваць палац Гінкеля. Яна бачыла, як Шульц падклаў манэту ў адзін з пудынгаў, і падклала па манэце ў астатнія. Шульц паведамляе 5 запрошаным, сярод якіх цырульнік і спадары Джэйкель, Ман і Агар, пра манэту ў пудынгу для адбору на самагубчы выбух. Цырульнік зьядае 4 манэты з пудынгам, у тым ліку 3 падкладзеныя ад іншых. Аднак яго выварочвае пасьля таго, як манэту ў сваім пудынгу знаходзіць Джэйкель. Тады Ганна прызнаецца, што паклала па манэце ў кожны пудынг і заклікае ўстрымацца ад падрыву, з чым Джэйкель пагаджаецца. Зранку сусед прыносіць Джэйкелю газэту, дзе пішуць пра хованку Шульца ў геце. Спадар Ман заўважае на вуліцы штурмавікоў, якія шукаюць Шульца, і вяртаецца да Джэйкеля, каб папярэдзіць. Шульц і цырульнік выбягаюць на дах з валізамі. На даху цырульнік губляе валізы і звальваецца ў чужую кватэру, дзе іх знаходзяць штурмавікі. Шульца і цырульніка зьмяшчаюць у канцлягер, а Ганна зь сям’ёй Джэйкеля перасяляюцца ў Аўстрліхію. Гінкель уручае Гэрынгу ордэн за падрыхтоўку да нападу на Аўстрліхію. Затым ён даведваецца, што дыктатар Бактэрыі Напалёні разьмясьціў на мяжы з Аўстрліхіяй 60 000 жаўнераў і зрывае ўсе ўзнагароды з Гэрынга. Гінкель падпісвае абвяшчэньне вайны Бактэрыі. Напалёні тэлефануе Гінкелю, які прапануе яму прыехаць на сустрэчу для абмеркаваньня Аўстрліхіі. Той пагаджаецца, пасьля чаго Гінкель разрывае абвяшчэньне вайны.

Бэнзіно Напалёні прыбывае на цягніку, які некалькі разоў праяжджае міма чырвонай дарожкі. На вакзале ахова не пушчае жонку Напалёні да аўтамабіля, на якім зьяжджаюць абодва дыктатары. У палацы Напалёні заходзіць у залю з-за сьпіны Гінкеля, якога вітае нечаканым шляпком па сьпіне і называе «мілым маленькім чалавечкам». Гарбіч усаджвае Напалёні на нізкае крэсла, каб той глядзеў на Гінкеля зьнізу. Аднак той сядае на стол і змушае Гінкеля і Гарбіча пачувацца няёмка запытам запалкі. На прапанову Напалёні дыктатары адпраўляюцца пагаліцца ў цырульню на месцы былой бібліятэкі. На стадыёне «Гінкель» дыктатары глядзяць вайсковы парад. Напалёні лушчыць арэшкі на Гінкеля і бачыць падзеньне самалётаў 34-й паветранай дывізіі Таманіі. На балі Гарбіч паведамляе Гінкелю пра падрыхтоўку ўварваньня ў Аўстрліхію празь вёску Прэцэльбэрг, каля якой Гінкель будзе паляваць на качак. Гінкель танцуе вальс з жонкай Напалёні, якая вядзе яго ўвесь танец. Адэноід і Бэнзіно выбіраюць для перамоваў буфэт, адкуль Гэрынг выганяе ўсіх гасьцей. Гінкель выправаджвае адтуль і самога Гэрынга. Напалёні прапануе падпісаць дамова аб неўварваньні ў Аўстрліхію, каб затым адвесьці войска Бактэрыі ад мяжы. Гінкель патрабуе спачатку адвесьці войска. Падчас спрэчкі абодва выпадкова аб’ядаюцца ангельскай гарчыцай і кідаюцца ежай. У асабістай размове Гарбіч прапануе Гінкелю падпісаць дамову, каб потым яе парушыць. Тады Гінкель пагаджаецца на падпісаньне.

Шульц і цырульнік уцякаюць з канцлягера ў вайсковай форме афіцэраў і рушаць у бок Аўстрліхіі пехам. Гінкель страляе па качцы з дубальтоўкі і вывальваецца з лодкі ў раку. Пачуўшы стрэл, штурмавікі застаюць мокрага Гінкеля па выхадзе на бераг. Яны аглушаюць і зьнявольваюць яго, бо прымаюць за ўцеклага цырульніка. Шульц і цырульнік даходзяць да вёскі Прэцэльбэрг, дзе іх чакае войска Таманіі. Іх усаджваюць у аўтамабіль, бо прымаюць цырульніка ў вайсковай форме за Гінкеля. Пры ўварваньні зь імі рушаць 200 танкаў, 50 браневікоў і 500 кулямётчыкаў. У Аўстрліхіі войска Таманіі рабуе маёмасьць жыдоў, у тым ліку фэрму Джэйкеля, дзе жыве Ганна. Па заваёве Гарбіч прамаўляе пра скасаваньне народаўладзьдзя і правоў неарыйскага насельніцтва. Цырульнік са сцэны заяўляе, што не жадае быць імпэратарам, як і заваёваць. Ён згадвае: «Чалавечнасьць патрэбная нам больш, чым машыны». Ён заклікае жаўнераў не аддаваць сябе дзікунам, якія абыходзяцца зь імі, як з быдлам і гарматным мясам. Цырульнік усклікае: «Жаўнеры, не змагайцеся за рабства, змагайцеся за свабоду!» Ён цытуе 17-ы разьдзел Дабравесьця паводле Лукаша: «Царства Божае ўнутры ў вас» (17:21). Урэшце ён зьвяртаецца па радыё да Ганны, на што зьвяртае яе ўвагу Джэйкель.

Ролі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кірыл Стаселька. Што паглядзець: камэдыі пра дыктатараў // «Будзьма беларусамі!», 4 верасьня 2020 г. Праверана 16 кастрычніка 2020 г.