Перайсьці да зьместу

Вяйкэ-Пакры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вяйкэ-Пакры
Месца Балтыйскае мора
архіпэляг Пакры
Плошча 13,5 км²
Краіна Эстонія
Вобласьць Lääne-Harju Rural Municipality[d]
Насельніцтва (2017) 5
Каардынаты 59°20′22″ пн. ш. 23°58′47″ у. д. / 59.33944° пн. ш. 23.97972° у. д. / 59.33944; 23.97972Каардынаты: 59°20′22″ пн. ш. 23°58′47″ у. д. / 59.33944° пн. ш. 23.97972° у. д. / 59.33944; 23.97972
Вяйкэ-Пакры на мапе Эстоніі
Вяйкэ-Пакры
Вяйкэ-Пакры
Вяйкэ-Пакры

Вяйкэ-Пакры (па-эстонску: Väike-Pakri) — найбуйнейшы востраў архіпэлягу Пакры ў Эстоніі. Агульная плошча — 13,5 км². Насельніцтва (2017 г.) — 5 чалавек.

Вяйкэ-Пакры знаходзіцца ва ўсходняй частцы Балтыйскага мора за 40 км на паўднёвы захад ад Таліну, сталіцы Эстоніі. На захадзе аддзелены пралівам (каля 530 м) ад другога буйнога востраву Суур-Пакры. На ўсходзе аддзелены залівам Палдыскі (2,7 км) ад гораду Палдыскі.

Асновай вострава зьяўляецца вапняковае плато, што ўзвышаецца да 17 м над узроўнем мора. Астатнія часткі складзены асадкавымі пародамі. На поўначы вылучаецца тарфяное балота (болей за 10 га). На поўдні месьцяцца 2 невялікіх возеры. Славутасьць Вяйкэ-Пакры — валун вышынёй 4,5 м і ў акружнасьць 21,1 м.

Траціна вострава Вяйкэ-Пакры пакрытая шырокалісьцевым лесам, астатняя частка — лугамі і балотам. Характэрныя расьліны: бяроза пушыстая, асіна, ядловец звычайны, вольха шэрая, сьветлыя парэчкі, мякатніца адналістая і г. д. Жывёльны сьвет прадстаўлены такімі відамі, як гальштучнік, скапа, жаўна, лебедзь-клікун, малая крачка і інш.

Першая пісьмовая згадка пра астравы Пакры зьявілася ў 1283 годзе, калі Эрык V перадаў іх у маёмасьць манахам-цыстэрцыянцам. У 1628 годзе Вяйкэ-Пакры перайшоў у валоданьне рыскага немца Томаса фон Рама. Да 1940 году асноўнае насельніцтва складалі швэды і немцы, якія займаліся рыбалоўствам і жывёлагадоўляй.

Пасьля савецкай акупацыі Эстоніі востраў быў перададзены ў армейскія патрэбы. Тут існаваў ваенны гарадок, тэрыторыя вострава выкарыстоўвалася ў якасьці палігону.

У 1996 году разам зь іншымі астравамі Пакры быў перададзены ўладам незалежнай Эстоніі. З 1998 году ўваходзіць у склад ляндшафтнага запаведніку. На Вяйкэ-Пакры вядзецца абмежаваная эканамічная дзейнасьць, сюды наведваюцца турысты.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]