Перайсьці да зьместу

Вытворчасьць Ford у Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ford Transit чацьвертага пакаленьня, аналягічны тым, якія зьбіраліся ў Беларусі

З 1997 па 2000 гады на заводзе «Форд Юніён» пад Менскам зьбіраліся аўтамабілі маркі Ford. 12 траўня вытворчасьць аўтамабіляў была спыненая ў сувязі зь нізкім попытам на прадукцыю. Агулам за амаль тры гады на беларускім заводзе былі сабраныя 3660 машынаў Ford.

У вёсцы Апчак пад Менскам 30 ліпеня 1997 году быў адчынены завод «Форд Юніён». Праектная магутнасьць заводу ў Апчаку складала каля 6 тысячаў аўтамабіляў штогод. Удзельнікамі СП «Форд-Юніён» зьяўляліся: кампанія «Форд Мотар», якая валодала 51% акцыяў; беларускі ўрад, які валодаў 26% акцыяў; і фірма «Лада ОМС» — 23% акцыяў. На заводзе працавалі 124 супрацоўнікі.

Увосень 1997 году з канвэера сышлі першыя аўтамабілі: мінівэн Ford Transit і легкавы Ford Escort. Амэрыканскі канцэрн валодаў падаткавымі ільготамі ў Беларусі і зьбіраўся заняць вялікую нішу на расейскім рынку.

Спрыяльныя ўмовы вытворчасьці аўтамабіляў былі зьвязаныя з тым, што ў 1996 годзе парлямэнт Беларусі ўхваліў скасаваньне мыты на камплектуючыя і абсталяваньне для вытворчасьці «Форд Юніён», а таксама адмену падатку на дадатковы кошт (ПДК) на 5 гадоў. Аднак увосень 1997 году прэзыдэнт Беларусі сваім указам узнавіў «роўныя ўмовы гаспадараньня» для ўсіх машынабудаўнікоў.

Амэрыканскі канцэрн пазбавіўся падаткавых ільготаў і захаваў толькі нязначныя падаткавыя паслабленьні. У Расеі цана Ford Transit падвысілася да 18 тысячаў даляраў, а па гэтай прычыне канкурэнцыю таннай расейскай «Газэлі» цаной у 5 тысячаў даляраў стварыць не атрымалася. Больш за тое, пасьля крызісу 1998 году ў Расеі аб’ём продажаў стаў значна падаць. За ўвесь 1999 год было прададзена толькі 440 легкавых і камэрцыйных аўтамабіляў беларускай зборкі.

Пазьней плянавалася, што ў Беларусі будзе наладжаная вытворчасьць легкавіка Ford Escort, аднак высокая цана аўтамабіля, якая складала больш за 10 тысячаў даляраў, адштурхнула пакупнікоў.

12 траўня 2000 году кампанія «Форд Мотар» афіцыйна заявіла пра спыненьне вытворчасьці аўтамабіляў на заводзе СП «Форд-Юніён» пад Менскам. Алан Баці, прэзыдэнт «Форд Мотар Кампані» ў Расеі і СНД паведаміў: «Са шчырым спачуваньнем мы вымушаныя паведаміць пра спыненьне вытворчасьці мадэляў Escort і Transit на нашым заводзе ў Апчаку».

Усяго за тры гады ў Беларусі былі сабраныя 3660 машынаў маркі Ford. Укладаньні амэрыканскай кампаніі ў праект склалі 9,69 мільёну даляраў.

Пасьля спыненьня вытвочасьці аўтамабіляў завод быў прададзены і перапрафіляваны. Новым інвэстарам стала ангельская кампанія J&W Sanderson, якая спэцыялізуецца на іньекцыйным ліцьці плястмасавых кампанэнтаў для радыёэлектроннай прамысловасьці.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]