Перайсьці да зьместу

Танзіліт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Востры танзіліт»)
Глытка хворага на востры танзіліт

Танзіліт (ангіна; лац. ango — сьціскаю, заціскаю, душу) — вострае інфэкцыйнае захворваньне, для якога характэрна запаленьне лімфоідных утварэньняў каляглытачнага кольца (Пірагова-Вальдэйра), часьцей за ўсё — паднябенных міндалінаў (у прастамоўі «гланды» — разьмешчаны па бакох ўваходу ў горла і добра бачныя, калі зазірнуць у адкрыты рот). Найчасьцей выклікаецца заражэньнем бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А ад хворага чалавека праз кашаль, чых, агульныя посуд, бялізну і ручнік. Ускладненьне хваробы пашкоджвае сэрца і суставы (рэўматызм), выклікае запаленьне нырак (піеланэфрыт), утварэньне гнайніка (паратанзілярны абсцэс) за міндалінай і спыненьне дыханьня праз звужэньне прасьвету глоткі, што ўяўляе сьмяротную пагрозу.

Хваробу прадухіляе ўстойлівы расклад харчаваньня, загартоўваньне горла паласканьнем прахалоднай вадой, своечасовае лячэньне карыесу зубоў і выдаленьне адэноідаў пры ўскладненьні вольнага дыханьня праз нос[1].

Заражэньню спрыяе карыес, пашкоджаньне дзяснаў і міндалінаў, насмарк, пераахаладжэньне, пераграваньне, запыленасьць паветра і паленьне[2].

Хвароба пачынаецца паколваньнем у сэрцы, суставах і паясьніцы, павышэньнем тэмпэратуры да +37 °C. Адсюль павышаная стамляльнасьць, ранішняя слабасьць, неспакойны сон і адсутнасьць апэтыту. Пры далейшым павышэньні тэмпэратуры адзначаецца боль пры глытаньні, сухое горла шчыміць, цела праймаюць дрыжыкі[3]. Адчуваецца боль у павялічаных лімфатычных вузлах шыі. Гланды набухаюць і набываюць ярка-чырвонае адценьне. На фалікулах міндалінаў узьнікае гнойны налёт або нагнаеньне ў выглядзе жаўтаватых пухіркоў[4].

  1. ^ Вольга Цыбульская. Летняя ангіна // Краіна здароўя. — 10 ліпеня 2010. — № 33 (202). — С. 5.
  2. ^ Вольга Цыбульская. Асьцярожна — ангіна // Краіна здароўя. — 17 кастрычніка 2007. — № 29 (42). — С. 5.
  3. ^ Вольга Цыбульская. Пажар у горле // Зьвязда : Газэта. — 28 кастрычніка 2009. — № 204 (26562). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Сьвятлана Барысенка, Вольга Шаўко. Каб лепей дыхаць, чуць і размаўляць (частка 5) // Краіна здароўя. — 8 сьнежня 2009. — № 50 (164). — С. 6.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Танзілітсховішча мультымэдыйных матэрыялаў