Васіль Шынкароў
Васіль Шынкароў | |
Дата нараджэньня | 15 студзеня 1939 (85 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня |
|
Месца вучобы | Магілёўскі пэдагагічны інстытут (1962) |
Занятак | навуковец |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Месца працы | Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт (зь 2002 году) |
Вядомы як | суаўтар «Беларускага палітычнага слоўніка» (2011) |
Навуковая ступень | доктар навук (1991) |
Узнагароды | Ганаровая грамата Вярхоўнага Савету БССР, мэдаль «Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС» |
Васі́ль Васі́льевіч Шынкаро́ў (1939, Запольле, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі гісторык.
Доктар гістарычных навук (1991), прафэсар. Аўтар навуковых працаў пра дзяржаўнае будаўніцтва і мясцовае самакіраваньне, зямельную палітыку і ідэалёгію дзяржавы, а таксама заканатворчасьць[1]. Суаўтар «Беларускага палітычнага слоўніка» (2011).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1957 годзе скончыў Забродзкую сярэднюю школу ў Шклоўскім раёне (Магілёўская вобласьць). У 1962 годзе скончыў філялягічны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту, пасьля чаго быў кіраўніком Межанскай 8-гадовай школы ў Гарадоцкім раёне (Віцебская вобласьць), а затым Баравіцкай — у Браслаўскім раёне. Пасьля служыў Савецкай арміі. Са студзеня 1965 году займаў пасаду 1-га сакратара Браслаўскага раённага камітэту камсамолу Беларусі. У 1970—1974 гадах — намесьнік загадніка аддзелу арганізацыйна-партыйнай працы Віцебскага абласнога камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1974—1977 гадах быў асьпірантам Акадэміі грамадзкіх навук пры Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу ў Маскве (Расейская СФСР). Абараніў там кандыдацкую дысэртацыю «Разьвіцьцё дэмакратычных асноваў кіраваньня калгасамі», якую выдаў у 1983 годзе. У 1977—1986 гадах быў загаднікам сэктару дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў у Цэнтральным камітэце КПБ[2].
У 1986 годзе стаў прарэктарам па навучальнай і навуковай працы Менскай вышэйшай партыйнай школы, а затым 1-м прарэктарам. Пазьней стаў дацэнтам Менскага інстытуту паліталёгіі[3]. У 1991 годзе скончыў дактарантуру пры Акадэміі грамадзкіх навук (АГН), абараніў доктарскую дысэртацыю «Сыстэмны падыход у выпрацоўцы і рэалізацыі аграрнай палітыкі» і атрымаў навуковую ступеню доктара гістарычных навук[2]. У 1992 годзе заняў пасаду загадніка сэктару сувязяў зь Вярхоўным Саветам у Кабінэце міністраў Рэспублікі Беларусь, а з 1996 году — сэктару Камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраваньні. У 1996 годзе ўзначаліў аддзел Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Зь ліпеня 1997 году стаў загаднікам аддзелу ўзаемін з Нацыянальным сходам ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. У 2002—2006 гадах узначальваў катэдру паліталёгіі і права ў Беларускім пэдагагічным інстытуце[3].
Навуковая дзейнасьць і творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напісаў навуковыя працы пра зямельную палітыку і дзяржаўнае будаўніцтва, дзейнасьць грамадзкіх рухаў і палітычных партыяў, мясцовае самакіраваньне і законапраектную дзейнасьць, выбарчы лад і парлямэнцкую дзейнасьць[3]. На 2009 год выдаў 160 навуковых артыкулаў, 9 брашураў і 5 манаграфіяў, у тым ліку манаграфію «Мясцовае самакіраваньне: праблемы рэфармаваньня». У 2003 годзе разам з Ларысам Вартанавай выдаў 1-ы падручнік «Ідэалёгія дзяржаўнасьці і грамадзкага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь». У 2001 і 2003 гадах друкаваў свае ўспаміны ў часопісе «Полымя», а ў 2008 годзе выдаў аўтабіяграфію «Імгненьні праз жыцьцё». Уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі навуковага часопіса «Весьці БДПУ», а таксама ў склад Радаў па абароне дысэртацыяў у БДУ і Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі[4]. У 2011 годзе ў выдавецтве «Адукацыя і выхаваньне» разам са Сьвятланай Раманавай выдаў «Беларускі палітычны слоўнік» зь 7000 тэрмінаў на беларускай, ангельскай і расейскай мовах[5].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвятлана Раманава, Васіль Шынкароў. Беларускі палітычны слоўнік. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2011. — 576 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-471-292-5
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 15 студзеня 2014. — № 6 (27616). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Шынкароў Васіль Васільевіч // Шклоўская раённая бібліятэка, 2019 г. Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
- ^ а б в Шынкароў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 15. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Георгі Карзенка. Нашыя юбіляры: Васіль Васільевіч Шынкароў // Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт, 2009 г. Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
- ^ Рыхтуецца да выданьня «Беларускі палітычны слоўнік» // Газэта «Наша ніва», 5 ліпеня 2010 г. Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
- Нарадзіліся 15 студзеня
- Нарадзіліся ў 1939 годзе
- Нарадзіліся ў Шклоўскім раёне
- Выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі ВНУ Масквы
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР
- Ліквідатары Чарнобыльскай катастрофы
- Дактары гістарычных навук
- Супрацоўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
- Выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка