Перайсьці да зьместу

Вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй (1672—1676)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй 1672—1676 гадоў
Войны Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй
Хацінская бітва, 1673 г.
Дата: 16721676
Месца: Украіна
Вынік: перамога Асманскай імпэрыі
Супернікі
 Рэч Паспалітая
 Валахія (з 1673 г.)
 Асманская імпэрыя
 Крымскае ханства
 Малдаўскае княства
 Гетманшчына (групоўка П. Дарашэнкі)
Камандуючыя
Ян Сабескі
Міхал Казімер Пац
Міхаіл Ханенка
Георгі Дука
Мэгмэд IV
Фазыл Агмэд-паша
Сэлім-Герай
Пятро Дарашэнка

Вайна́ Рэ́чы Паспалі́тай з Асма́нскай імпэ́рыяй 1672—1676 гадоў — адна з войнаў між Рэччу Паспалітай і Асманскай імпэрыяй, што адбылася ў рамках Вялікае Турэцкае Вайны. Скончылася ў 1676 годзе Журавенскаю дамовай і саступкай вялікай часткі ўкраінскіх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай на карысьць Асманскай імпэрыі.

Пачатак і прычыны вайны адносяцца да 1666 году, калі ў вялікай частцы сучаснай Украіны разгарнулася вялікае супрацьстаяньне між тамтэйшымі палітычнымі сіламі. У прыватнасьці, тагачасны гетман Правабярэжнае Ўкраіны Пятро Дарашэнка, перасьледуючы мэту атрыманьня кантролю над Украінай, перамогі над сваімі палітычнымі супернікамі й захаваньня сваёй улады, у 1669 годзе падпісаў дамову з султанам Мэгмэдам IV, паводле якой Гетманшчына прызнавалася васалам Асманскай імпэрыі[1]. У той жа час сілы Рэчы Паспалітай намагаліся прыціснуць хваляваньні ва Ўкраіне, што, аднак, ускладнялася паўстаньнем Хмяльніцкага, уварваньнем Швэцыі ў 16551660 гадох і вайною 1654—1667 гадоў.

Выгоды са слабога становішча тагачаснай Рэчы Паспалітай паспрабавалі атрымаць крымскія татары, якія звычайна зьдзяйсьнялі свае выправы на памежжа краіны з мэтаю рабаваньняў, але на гэты раз склалі хаўрус з казакамі Дарашэнкі. Тым ня менш, гэтыя сілы былі спыненыя на чале з гетманам Янам Сабескім, які ў 16661667 гадох здолеў спыніць у некалькі разоў большы націск і дабіўся перамір’я пасьля бітвы пад Падгайцамі.

У 1670 годзе ўкраінскі гетман Дарашэнка зноў прадпрымае спробу атрыманьня кантролю над Украінай; неўзабаве, у 1671 годзе, крымскі хан Адыль-Герай, які падтрымліваў літоўска-польскую дзяржаву, быў заменены асманскім султанам на Сэліма-Герая І. Селім-Герай І склаў хаўрус з дарашэнкавымі казакамі, але зноў жа аб’яднаныя крымска-ўкраінскія сілы атрымалі паразу ад Рэчы Паспалітай, а Сэлім адправіўся па турэцкага султана для аднаўленьня ўласнае прысягі. Урэшце, нерэгулярныя памежныя канфлікты між бакамі ў 1671 годзе перарасьлі ў сталую вайну, а Асманская імпэрыя набыла рашучасьць адправіць уласнае рэгулярнае войска з мэтаю атрыманьня пэўных украінскіх тэрыторыяў[2].

Ваенныя дзеяньні з боку Асманскай імпэрыі пачаліся ў 1672 годзе, калі васьмідзесяцітысячннае войска туркаў на чале зь вялікім візырам Фазылам Агмэд-пашом і султанам Мэгмэдам IV у жніўні ўварвалася ва Ўкраіну, узяўшы памежную крэпасьць Камянец-Падольскі, захапіўшы Люблін[3] і ўзяўшы ў аблогу Львоў.

Сілы польнага гетмана Сабескага былі недастатковымі для прыняцьця бою з туркамі, іх здольнасьці былі абмежаваныя толькі некалькімі дробнымі перамогамі над асобнымі асманскімі падразьдзяленьнямі. Знаходзячыся ва ўнутраным канфлікце між каралём Міхалам Вішнявецкім і магнатамі, сойм Рэчы Паспалітай ня здолеў падняць падаткі і пачаць арганізацыю баяздольнай арміі. Паслы Рэчы Паспалітай былі вымушаныя пайсьці на падпісаньне Бучацкага міру і саступіць туркам амаль увесь цэнтар і часткова захад Украіны, а менавіта Брацлаўскае, Падольскае і часткова Кіеўскае[a] ваяводзтвы і паабяцала выплачваць даніну ў 22 000 дукатаў штогод.

Другая фаза вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замест складаньня замірэньня большая частка паслоў Сойму, будучы абуранымі ўмовамі міру, наважылася на падняцьце падаткаў і павелічэньне закліку рэестравых казакоў на службу, у выніку чаго колькасьць вайскоўцаў склала каля 40 000 чалавек[3]. На чале кампаніі стаў Ян Сабескі, які здолеў нанесьці некалькі паразаў Асманскай імпэрыі, зь якіх найбольшай стала бітва пры Хаціне[4]. Пазьней былі ўзятыя пад кантроль Малдова й большая частка спрэчных украінскіх зямель; у тым жа годзе памёр кароль Міхал Вішнявецкі, і ў знак прызнаньня заслуг Сабескага перад краінай у 1674 годзе ён быў абраны Каралём Польскім і Вялікім Князем Літоўскім[4].

Цягам наступнага году Сойм Рэчы Паспалітай адмовіўся ад выплатаў жаўнерам, што спрычынілася да масавых дэзэртырстваў зь іх боку. Ваенная палітыка таксама ўскладнілася дзякуючы некампэтэнтнаму кіраўніцтву Міхала Казімера Паца, які замінаў лідэрству Сабескага; пры гэтым туркі працягвалі ўмацоўваць уласную армію. Тым ня менш, у 1675 годзе войска Рэчы Паспалітай скарысталася маскоўска-асманскім канфліктам[5]. У жніўні гэтага ж году шасьцітысячнае войска Сабескага нанесла паразу дваццацітысячнаму турэцка-татарскаму войску на чале з Ібрагімам Шышманам пад Львовам[6]. Неўзабаве туркі й татары аблажылі Церабоўлю, але нават пасьля гэтага Сойм адмовіў у вылучэньні сродкаў на вайну[6].

У 1676 годзе шаснаццацітысячны гарнізон Рэчы Паспалітай вытрымаў двухтыднёвую аблогу Жураўны прыкладна дзесяцю тысячамі туркаў на чале з Ібрагімам-пашом, пасьля чаго была падпісаная Жураўненская дамова[7]. Мірная дамова часткова паслабіла ўмовы папярэдняга Бучацкага міру: была вызваленая прыкладна траціна акупаваных зямель, скасаваная даніна й вызваленая вялікая частка ваеннапалонных.

Дзякуючы дзеяньням аўстрыйскіх дыпляматаў і Папы Рымскага Інакентыя ХІ Сойм Рэчы Паспалітай адмовіўся ад падпісаньня дамовы[7]. Разам з гэтым, Сабескі быў абавязаны скараціць войска з трыццаці да дванаццаці тысячаў чалавек[7].

Вайна стала адным з паказчыкаў пачатку заняпаду Рэчы Паспалітай, які скончыўся напрыканцы XVIII ст. трыма падзеламі краіны. Сойм Рэчы Паспалітай быў паралізаваны правам liberum veto і практыкай подкупаў дзяржаўных асобаў дзяржавы, якія не ўсьведамлялі пагрозы для краіны. Нават пасьля невыгоднага Бучацкага міру, які прымусіў часова падняць падаткі, што прывялі да некаторых посьпехаў, большасьць Сойму далей не палічыла патрэбным аказаньне мераў па абароне краіны, у выніку чаго жаўнеры перасталі атрымліваць плату й з войска пачаліся масавыя дэзэртырствы. На думку вялікае часткі сучасных гісторыкаў, гэтая акалічнасьць стала адным зь сьведчаньняў няздольнасьці Рэчы Паспалітай у абарончай справе, што спрычынілася да маніпуляваньня краінай яе суседзямі.

Войска Рэчы Паспалітай на гэты момант у асноўным фінансавалася за кошт уласных сродкаў Яна Сабескага. Ён набыў рэпутацыю ўмелага, мужнага й патрыятычнага вайсковага дзеяча, у 1674 годзе ягоныя заслугі сталі фактарам яго абраньня на пасаду Караля Польскага й Вялікага Князя Літоўскага. Рэпутацыя Сабескага падвысілася й у асманскім грамадзтве і асабліва пасьля бітвы пад Венай 1683 году, але гэтыя абставіны не спынілі працэс эрозіі дзяржаватворчага працэсу ў Рэчы Паспалітай, пры гэтым каралі рэформы ў краіне не праводзіліся. Тым ня менш, пасьля чарговай вайны з Асманскай імпэрыяй у 16831699 гадох Рэч Паспалітая Карлявіцкай дамовай 1699 году здолела вярнуць тэрыторыі, захопленыя туркамі.

  1. ^ Finkel, C. Osman's Dream. — Cambridge: Basic Books, 2005. — С. 273. — ISBN 0465023975
  2. ^ Tucker, S.C., editor. ІІ // A Global Chronology of Conflict. — Santa Barbara: ABC-CLIO, LLC, 2010. — С. 646. — ISBN 9781851096671
  3. ^ а б Tucker, S.C., editor. ІІ // A Global Chronology of Conflict. — Santa Barbara: ABC-CLIO, LLC, 2010. — С. 648. — ISBN 9781851096671
  4. ^ а б Tucker, S.C., editor. ІІ // A Global Chronology of Conflict. — Santa Barbara: ABC-CLIO, LLC, 2010. — С. 649. — ISBN 9781851096671
  5. ^ Finkel, C. Osman's Dream. — Cambridge: Basic Books, 2005. — С. 275. — ISBN 0465023975
  6. ^ а б Tucker, S.C., editor. ІІ // A Global Chronology of Conflict. — Santa Barbara: ABC-CLIO, LLC, 2010. — С. 653. — ISBN 9781851096671
  7. ^ а б в Tucker, S.C., editor. ІІ // A Global Chronology of Conflict. — Santa Barbara: ABC-CLIO, LLC, 2010. — С. 655. — ISBN 9781851096671
  1. ^ Большая частка ваяводзтва, у тым ліку горад Кіеў, ужо знаходзілася ў складзе Маскоўскае дзяржавы (гл. Андрусаўскае замірэньне), але фармальна яно, як і іншыя страчаныя ваяводзтвы, захоўвалася ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай палітыцы краіны.
  • Stanford Jay Shaw, Ezel Kural Shaw. History of the Ottoman Empire and Modern Turkey. — Cambridge University Press, 1977. — ISBN 0-521-29163-1

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй (1672—1676)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў