Клецкая бітва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бітва пад Клецкам»)
Клецкая бітва
Клецкая бітва, гравюра XVI ст.
Дата: 5 жніўня 1506
Месца: ваколіцы Клецку
Вынік: перамога войска Вялікага Княства Літоўскага
Супернікі
Герб ВКЛ ВКЛ Крымскае ханства
Камандуючыя
Міхал ГлінскіБіці і Бурнаш Мэнглі-Гірэй
Колькасьць
6—7 тыс. чал.ад 6 да 12 тыс. чал.

Кле́цкая бі́тва (5 жніўня 1506) — бітва паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Міхала Глінскага і крымскімі татарамі на чале з сынамі Мэнглі-Гірэя Біці і Бурнашом, якая адбылася пад Клецкам.

Клецкая бітва была найбольш значнай паразай татараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі і паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць[1].

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэтай татарскага нападу, арганізаванага ханам Мэнглі-Гірэем, акрамя захопу палонных, маёмасьці і жывёлы быў націск на ўрад Вялікага Княства Літоўскага, каб прымусіць яго ад ганаровага вязьня былога хана Вялікай Арды і сьмяротнага ворага крымчакоў Шах-Ахмата (забіць яго або выдаць жывым у Крым).

На тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага татары ў колькасьці 12 тыс. (паводле іншых зьвестках 6 тыс.) уварваліся ў ліпені, дайшлі да Слуцку і Клецку, адтуль распускалі загоны на Наваградак і Ліду. Асобныя іхныя чамбулы дасягалі Менску.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар пра татарскі наезд даведаўся ў Лідзе, куды толькі што прыехаў з жонкай Аленай Іванаўнай, дваром і скарбам. Хворы Аляксандар загадаў адвезьці яго назад у Вільню, а кіраўніцтва дзяржаўнымі справамі даручыў гетману Станіславу Кішку і маршалку дворнаму Міхалу Глінскаму.

3 панскіх поштаў і наёмнай коньніцы сабралося 6—7-тысячнае войска. Яно некалькі дзён стаяла каля Наваградку, а 4 жніўня, калі зьявілася інфармацыя, што галоўны татарскі кош знаходзіцца пад Клецкам, войска рушыла туды. Па дарозе захварэў С. Кішка, і кіраўніцтва войскам пераняў М. Глінскі.

Ход і вынікі бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раніцай 5 жніўня коньніца падышла да Клецку і спынілася перад Ланьню. На супрацьлеглым беразе ракі стаялі падрыхтаваныя да бітвы татары. Некалькі гадзін ішла перастрэлка. За гэты час войска ВКЛ падрыхтавала 2 гаці, па якіх коньнікі пачалі пераправу. Па правай гаці пераправа ішла хутчэй, татары атакавалі правае крыло, нанесьлі вялікія страты. М. Глінскі прысьпешыў рух левага крыла і імклівым ударам коньніцы разрэзаў татарскае войска на дзьве часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленьне. Частка татараў трапіла ў абцугі, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы М. Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцку, Петрыкава, на ўкраінскіх шляхах.

Яшчэ некалькі дзён войска ВКЛ перахоплівала асобныя татарскія атрады, якія вялі пад Клецак палон з навакольных мясьцінаў. Было вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары зьбіраліся весьці ў Крым, узята 30 тыс. коней.

Хан Мэнглі-Гірэй пад уражаньнем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час хаўрусьнікам ВКЛ.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе на месцы бітвы быў усталяваны помнік.[2]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Валерый Пазднякоў. Клецкая бітва 1506 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 107.
  2. ^ Вольга Бебеніна. Край, дзе волаты жывуць(недаступная спасылка) // «Народная газета», 31 кастрычніка 2009.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]