Быхаўскі замак
Помнік абарончай і грамадзянскай архітэктуры | |
Быхаўскі замак
| |
Рэканструкцыя аўтэнтычнага выгляду
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Быхаў |
Каардынаты | 53°31′5.28″ пн. ш. 30°15′31.90″ у. д. / 53.5181333° пн. ш. 30.2588611° у. д.Каардынаты: 53°31′5.28″ пн. ш. 30°15′31.90″ у. д. / 53.5181333° пн. ш. 30.2588611° у. д. |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Ахоўная зона |
Быхаўскі замак | |
Быхаўскі замак на Вікісховішчы |
Быхаўскі замак — помнік архітэктуры XVII ст. у Быхаве. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне места, на высокім правым беразе Дняпра[a]. Уваходзіў у сыстэму мескіх умацаваньняў. Твор архітэктуры барока і рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 1590 году на месцы мураванага замка існавалі драўляна-земляныя ўмацаваньні — колцавы вал, драўляныя сьцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязная брама. У 1590 годзе яны вытрымалі напад загону «нізавых казакоў» данскога гетмана Мацюшы Федаровіча, якія, «наехавши гвалтовне…, шкоды немалые… починили». У варотах брамы і ў драўляных сьценах засталіся «есьмо куль и стрел немало».
Тады ж уладальнік Быхава гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы грамату на пабудову замест старых драўляных новых мураваных замкавых умацаваньняў. Будаваньне вялося ў 1610—1619 гадох і завяршылася ўжо за Львом Сапегам, да якога места перайшло ў 1628 годзе.
Быхаў атрымаў магутную бастыённую фартыфікацыю. Паўколам замак атачаўся 800-мэтровым валам з бастыёнамі, равэлінамі ды равамі. Фартэцыя была ядром абароны места. З усходу Быхаў меў натуральную перашкоду для ворагаў — Дняпро, з астатніх трох бакоў яго атачалі глыбокія і шырокія (22—27 м) равы. Вакол дзядзінца месьціліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку комплекс мураванага палацавага ансамблю. На ніжнім паверсе палаца знаходзіліся розныя службы, на верхнім — пакоі і сталовая заля.
У замку бесьперапынна знаходзілася значная вайсковая залога, якая падпадаркоўвалася мясцоваму адміністратару — «губэрнатару», а таксама вялікая колькасьць пальнай зброі і амуніцыі. На патрэбу абароны працавала адмысловая людвісарня, дзе кваліфікаваныя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і гранаты. Тутэйшая зброя і мэталічныя дасьпехі карысталіся вялікім попытам на Літве і за яе межамі. Паводле зьвестак за 1692 год, у цэйхгаўзе Быхаўскага замка захоўвалася наступная зброя: 34 гарматы (шротаўніцы, палявыя марціры, шматствольныя арганы), 32 «сьвіньні» волава, салетра, ядры, картузныя набоі для 3-, 4-, б- і 10-фунтовых гарматаў, артылерыйскія і ручныя гранаты (апошнія трох тыпаў: жалезныя, драўляныя і шкляныя). Сярод іншай зброі — 1200 мушкетаў, 8 арганаў, 38 гакаўніцаў, старасьвецкі аркебуз, 50 параў «блях гусарскіх», косы «проста насаджаныя», формы для адліўкі ядраў, жалезныя пікі, а таксама харугвы[1].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быхаўскім умацаваньням прыйшлося нялёгка. З жніўня 1654 году на працягу 11 месяцаў яго беспасьпяхова трымалі ў аблозе казацкія загоны Залатарэнкі і 11 палкоў маскоўскага войска на чале з ваяводам Трубяцкім. Толькі ў пачатку 1657 году па 18-месячнай аблозе маскоўскія захопнікі з казакамі Нячая штурмам узялі замак. Па пераходзе Нячая на бок Рэчы Паспалітай з 14 траўня 1659 году фартэцыю штурмавалі ўжо групоўкі карных аддзелаў Лабанава-Растоўскага і Зьмеева. У ходзе гэтай аблогі места моцна пацярпела, а ў замку выбухнуў арсэнал.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) да разбурэньня замка прычыніліся войскі маскоўскага гаспадара Пятра I. На працягу сямі зь лішнім гадоў у месьце знаходзіўся расейскі гарнізон. Пры яго адступленьні прыводзіліся ў непрыдатны стан брамы, зьнішчаліся бастыёны. Празь некаторы час Сапегі аднавілі ўмацаваньні, артылерыйскі парк зноўку папоўніўся новымі прыладамі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Быхаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачалося паступовае разбурэньне замка.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За савецкім часам на тэрыторыі замка знаходзіўся мэблевы цэх. У жніўні 2004 году ў замку адбыўся пажар, які моцна пашкодзіў дах. Абвалілася адна зь сьценаў.
У 2010-я гады пачалася рэстаўрацыі замка. Прыблізны яе каштарыс ацэньваецца ў Br100 млрд (каля 12 млн даляраў)[2]. Да 1 верасьня 2013 году, калі ў Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, замак часткова аднавілі. На 2013 год на аднаўленьне вежаў, упарадкаваньне тэрыторыі і кансэрвацыю фрагмэнтаў замка дзяржава выдаткавала каля Br.7 млрд. Фінансаваньне паступала з рэспубліканскага (900 млн.), абласнога (5 млрд.) і мясцовага (1 млрд.) бюджэтаў[3]. Таксама існуе дабрачынны рахунак дзеля ахвяраваньняў грамадзян. На пачатак сакавіка 2013 году было сабрана Br.60 млн[4]. У замку вядуцца археалягічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка.
Як мяркуецца, у адноўленым замку разьмесьціцца экспазыцыя мясцовага краязнаўчага музэю, раённая бібліятэка і выстаўныя залі, а ва ўнутраным двары будзе працаваць канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам[5].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры барока з асобнымі элемэнтамі рэнэсансу і абарончага дойлідзтва. Комплекс складаўся зь некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў пляне няправільныя чатырохкутнікі памерамі 75×70 м. З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мурам з выхадам на гарадзкі вал. З заходняга боку замкавага комплексу, павернутага да Рынку, былі кашары. У сярэдняй частцы знаходзілася ўязная брама з пад’ёмным мастом, паабапал якой разьмяшчаліся 8-гранныя абарончыя вежы. На поўдзень ад вежы цягнуўся мур, пазьней заменены драўлянымі карпусамі. За імі разьмяшчаўся мураваны 2-павярховы службовы корпус, які далучаўся да палаца. Выцягнуты будынак самога палаца галоўным падоўжным фасадам арыентаваўся на ўсход, да Дняпра, быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам, вышынёй амаль роўным двум паверхам. Да сярэдзіны ўсходняга і тарцовага паўднёвага фасадаў палаца далучаюцца гранёныя вежы, якія раней былі 5-яруснымі і завяршаліся 2-яруснымі купаламі–банькамі (уплыў архітэктуры нідэрляндзкага рэнэсансу). Фасад палаца, павернуты да двара, афармляла 2-ярусная аркавая галерэя з уваходамі ўва ўнутраныя памяшканьні. Аркада першага паверху была мураванай з крыжовымі скляпеньнямі, на другім паверсе галерэя была драўлянай. Пад будынкам разьмяшчаюцца вялікія скляпеністыя сутарэньні.
Да нашага часу не захаваліся многія элемэнты дэкору будынкаў, завяршэньні вежаў, першапачатковы ўнутраны плян будынкаў.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1781 г.
-
1781 г.
-
1781 г.
-
1840 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
М. Астанковіч, 1905 г.
-
М. Астанковіч, 1905 г.
-
1911 г.
-
1911 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1941—1943 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1943—1944 гг.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Агульны выгляд
-
Замкавая вежа
-
Усярэдзіне
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Кастрычніцкая, 1А
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ткачоў М. Быхаўскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 360.
- ^ Быхаўскі замак разбураецца: няма грошай Радыё Свабода
- ^ Быховский замок будет частично восстановлен к 1 сентября TUT.BY
- ^ В восстановление замков Беларуси инвесторы вкладывают деньги не активно TUT.BY
- ^ Кулягін С. (29 кастрычніка 2012) На восстановление Быховского замка в 2013 году будет выделено Вr1,5 млрд. (рас.) БелТА
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 512Г000153 |
- Быхаўскі замак , Radzima.org
- Быхаўскі замак і сынагога, Skyscrapercity.com
- Спроба графічнай рэканструкцыі Быхаўскага замка