Беларуска-ўкраінская граніца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам ChuispastonBot (гутаркі | унёсак) у 22:12, 25 студзеня 2011. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Міждзяржаўная граніца
Граніца дзяржаваў Беларусь Беларусь
Украіна Украіна
Час існаваньня з 1991
Працягласьць 1084 км
Мапа Рэчы Паспалітай пасьля Люблінскай уніі з пазначэньнем граніц

Беларуска-ўкраінская граніца — дзяржаўная граніца працягласьцю каля 1 084 км[1]. Пачынаецца ад патройнага сутыку з Польшчаю на захадзе і цягнецца да патройнага сутыку з Расеяй на ўсходзе.

Гісторыя

Сучасная дзяржаўная граніца паходзіць зь верасьня 1939 году — часоў далучэньня Заходняй Беларусі да БССР і Заходняй Ўкраіны да УССР.

Аднак граніца мае гістарычныя карані, бо прыблізна гэтаксама праходзіў падзел паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім згодна зь Люблінскай уніяй. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, падобны выгляд мела мяжа паміж Гарадзенскай ды Менскай губэрнямі з аднаго боку і Валынскай ды Кіеўскай — зь іншага.

У 1-й палове 20 стагодзьдзя на захадзе падобныя межы падзялялі Палескае і Валынскае ваяводзтвы міжваеннай Польскай Рэспублікі, а на ўсходзе — савецкія рэспублікі БССР і УССР.

Упершыню мяжа паміж савецкімі рэспублікамі была прызнаная Дамоваю паміж БССР і УССР ад 12 сьнежня 1990.

Статус дзяржаўнай граніцы з Украінаю нададзены пастановаю Вярхоўнага Савету Беларусі ад 11 чэрвеня 1993, але маецца міжнародная дамова паміж Беларусьсю і Ўкраінаю, у якой яны наўзаем прызнаюць былыя межы БССР і УССР, прызнаныя ў 1990.

На сёньняшні дзень дзяржаўная граніца рэгулюецца Дамоваю паміж Беларусьсю і Ўкраінаю аб сяброўстве, дабрасуседзтве і супрацоўніцтве ад 17 чэрвеня 1995. Дамова аб Дзяржаўнай граніцы паміж Беларусьсю і Ўкраінаю ад 12 траўня 1997 у той самы год была ратыфікаваная Вярхоўнай Радаю Ўкраіны, аднак да сёньня не ратыфікаваная Нацыянальным Сходам РБ[1].

Пытаньня ратыфікацыі Дамовы будзе разглядацца на вясновай сэсіі Нацыянальнага Сходу якая пачне працу 2 красавіка 2010 году[2][3]. Паводле старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Беларусі Ігара Рачкоўскага працягласьць працы па дэмаркацыі граніцы можа працягвацца да 10 год і патрабуе Br51 млрд[4].

Мяжа Вялікага Княства Літоўскага (жоўты) і Вялікага Княства Рускага (карычневы)

Крыніцы