Багдан Іванавіч Заслаўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Багдан Іванавіч Заслаўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1465
Памёр каля 1530
Род Заслаўскія (Яўнуцьевічы)
Бацькі князь Іван Юр’евіч Заслаўскі
Жонка Аграфена Хадкевіч
Дзеці Марыя
Федка
Ганна
Таміла

Багдан Іванавіч Заслаўскі (па-польску: Bohdan Iwanawicz Zasławski (Żesławski), каля 1465 — каля 1530) — князь, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, у 1486—1488 гадах каралеўскі дваранін, з 1499 году менскі намесьнік.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З роду князёў Заслаўскіх (Яўнуцьевічэй) герба ўласнага, малодшы сын менскага, а потым віцебскага намесьніка Івана Юр’евіча.

У 1486—1488 гадах быў каралеўскім дваранінам караля Казімера, пасьля выконваў той жа ўрад пры двары вялікага князя Аляксандра. У 1494 годзе прызначаны дзеля суправаджэньня маскоўскага пасольства, едучага зь вялікай княжной Aленай, і як вялікі прыстаў сустракаў пасольства пад Меднікамі. У 1495 годзе атрымаў прывілей ад Аляксандра на 14 чалавек у «Краснасельскім павеце», а ў траўні 1499 году, яшчэ ня маючы ніякага тытула, атрымлівае пацьверджаньне на людзей-пінчан у «Краснасельскім павеце». Летам 1499 году названы менскім наместнікам, і захоўваў гэты ўрад да самай сьмерці. У 1507 і 1508 гадах кароль Жыгімонт паведамляе яму ў сваіх лістах аб наданьні ў трохгадовую арэнду менскага мыта менскаму войту «жыду Абрахаму». У 1508 годзе атрымаў пацьверджаньне ад Жыгімонта Старога на двор Прылукі, які надаў яму вялікі князь Аляксандр. У 1509 годзе кароль судзіў яго спрэчку зь менскімі мяшчанамі з нагоды няслушнага збору падаткаў і запатрабаваў «крыўд ім не чыніць». У 1513 годзе паны-рада заклікаюць брата і прыяцеля свайго князя Багдана Іванавіча Заслаўскага намесьніка менскага прывесьці менскі замак у абаронны стан з нагоды чаканага нападу Масквы. У 1525 годзе дзеля вырашэньня спрэчкі князя Міхала Іванавіча Мсьціслаўскага з сынам Фёдарам, кароль адсылае да першага князя Багдан Іванавіча Заслаўскага з пажаданьнем, каб князь Міхал вызначыў сыну ўтрыманьне. У 1526 годзе ў выніку спрэчкі зь Міхалам Пятровічам атрымаў дэкрэт, прысуджаюччы яму людзей Бесапішычаў, Каўшэвічаў, Варгвошычаў, Юрашэвічаў, Бартніковічаў й Рамановічаў у менскім павеце. Паводле попісу 1528 году быў абавязаны ставіць дзеля земскае службы 14 коньнікаў.

Быў жанаты з Аграфенай (? — 1542), дачкой кіеўскага ваяводы Івана Хадкевіча, і меў чатырох дачок:

  1. Марыю (каля 1445 – 1559), ў першым шлюбе жонку князя Васіля Юр’евіча Талочынскага, а ў другім (з 1550) – земскага падскарбія, дворнага маршалка і наваградзкага ваяводы Івана Гарнастая;
  2. Ганну (каля 1500 — 1542), жонку князя Януша Раманавіча Друцкага-Любецкага, якая перад сьмерцю прыняла манаскі хрост пад імём Агаф’я;
  3. Федзю (Федку, Феадору) (каля 1510 – 1560), ў першым шлюбе (з 1533) жонку кернаўскага дзяржаўцы князя Сямёна Ямантовіча Падбярэскага, а ў другім – князя Андрэя Сямёнавіча Адзінцэвіча;
  4. Тамілу (каля 1515 – 1560), пасьля 1542 году стаўшую жонкай князя Рыгора Фёдаравіча Друцкага-Горскага (Бурнеўскага).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Wolff J. Rod Gedymina. — Kraków, 1886.
  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
  • Boniecki А. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. Warszawa: 1883.
  • Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. Kraków, 1885.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.