Ахмед Закаеў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ахмед Закаеў

Ахме́д Халі́давіч Зака́еў (па-расейску: Ахмед Халидович Закаев, па-чачэнску: Заки Хьалид кант Ахьмад; нар. 26 красавіка 1959, вёска Кіраўская, Талдыкурганская вобласьць, Казаская ССР) — брыгадны генэрал Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя, удзельнік Першай расейска-чачэнскай вайны, міністар культуры й намесьнік кіраўніка ўраду ЧРІ, з 1996 — міністар замежных справаў ЧРІ, у лістападзе 2007 абвешчаны часткаю чачэнцаў, што жывуць на захадзе Эўропы, кіраўніком ураду ЧРІ.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Казаскай ССР, дзе жылі яго бацькі-чачэнцы пасьля перасяленьня ў 1944 годзе. Пасьля ў 1950-х гадах сям’я вярнулася ў ЧІАССР у мястэчка Урус-Мартан. Пасьля вучобы ў школе пайшоў вучыцца ў Грозьненскую танцавальную вучэльню. Затым закончыў вучобу ў месьце Варонеж у тамтэйшым Інстытуце мастацтваў. З 1981 па 1990 гады працуе ў Грозным у тамтэйшым драматычным тэатры імя Ханпашы Нурадзілава. З 1991 году старшыня Саюзу тэатральных дзеячоў Чачэніі. З 1991 па 1993 гады большую частку часу жыў у Маскве.

Першая расейска-чачэнская вайна (1994—1996)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам Першай расейска-чачэнскай вайны пастаянна знаходзіўся ў Ічкерыі, Дж. Дудаевым Закаеву была нададзеная пасада міністра культуры Ічкерыі. Адначасова быў у складзе кіраўніцтва Паўднёва-заходняга напрамку войскаў Ічкерыі. Браў удзел у абароне вёскі Гойскае, за што А. Закаева ўзнагародзілі ордэнам «Къоман Сий» («Годнасьць народу»). З 1995 году займеў званьне брыгаднага генэрала. З 1996 году (пасьля сьмерці Дж. Дудаева) новы кіраўнік Ічкерыі З. Яндарбіеў прызначыў А. Закаева сваім памочнікам па дзяржаўнай бясьпецы, сакратаром Рады бясьпекі ЧРІ. Удзельнічаў асабіста ў перамовах з А. Лебедзем аб замірэньні.

Міжваенны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З кастрычніка 1996 году А. Закаеў стаў ізноў міністрам культуры ЧРІ. У студзені 1997 году ўдзельнічаў у выбарах прэзыдэнта ЧРІ, але іх прайграў Аслану Масхадаву. З 1998 па 2006 гады быў намесьнікам кіраўніка ўраду ЧРІ. Кіраваў службаю навінаў ЧРІ «Чачэндрук».

Другая расейска-чачэнская вайна (1999—2006)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам Другой расейска-чачэнскай вайны быў прызначаны кіраўніком асабістага запаснога аддзелу кіраўніка Ічкерыі А. Масхадава. У лістападзе 2000 году выехаў з Ічкерыі ў Турэччыну, дзе стаў пасланьнікам Ічкерыі. З 2001 году стаў прадстаўніком Ічкерыі на захадзе Эўропы. У гэтым жа годзе Расея спрабавала прымусіць заходнія краіны выдаць А. Закаева. 28-29 кастрычніка 2002 году адбыўся Сусьветны зьезд чачэнцаў у Даніі (Капэнгаген). 31 кастрычніка 2002 году А. Закаеў быў затрыманы з-за патрабаваньня Расеі, але 1 лістапада 2002 году А. Закаева выпусьцілі.

Раскол у чачэнскім супраціве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 кастрычніка 2007 году кіраўнік ЧРІ Д. Умараў абвясьціў аб стварэньні Каўкаскага Эмірату, у склад якога ўвайшла Ічкерыя. Права гэтай дзяржавы заснаванае на ісламкім праве. Гэтая падзея не спадабалася чачэнцам, што былі на захадзе Эўропы, бо гэта давала добры доказ для Расеі, што вайна на Каўказе гэта вайна з ісламам, а не за незалежнасьць Ічкерыі. А. Закаеў ужо 1 лістапада 2007 году выступіў супраць гэтага ўчынку Д. Умарава. 22 лістапада 2007 году А. Закаеў заявіў, што парлямэнт ЧРІ выбраў яго кіраўніком ураду ЧРІ, бо кіраўнік ЧРІ Д. Умараў сам сябе адсунуў ад улады. 17 верасьня 2010 году А. Закаева затрымалі ў Польшчы, дзе ён хацеў удзельнічаць у Сусьветным зьезьдзе чачэнцаў. Зараз А. Закаеў пастаянна жыве ў Вялікабрытаніі.