Аповесьць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

«Апо́весьць пра Жыгімо́нта і Ба́рбару Радзіві́л» — гісторыка-літаратурны твор, складзены ў 1540-х гадах у Вільні і зьмешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—1548 гадамі (Пазнанскі сьпіс).

У аповесьці «Навэла пра ажэнства караля Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл» апісаная гісторыя каханьня і шлюбу вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія таемна вянчаліся ў Вільні. Невядомы творца сатырычна абмаляваў асуджэньне шлюбу вялікага князя зь бязьдзетнай удавой некаралеўскага роду. Аднак Жыгімонт застаўся верны сваёй абраньніцы. Рамантычнае каханьне Барбары і Жыгімонта знайшло шырокае адлюстраваньне ў беларускай, летувіскай і польскай мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры[1]. У гэтым мастацкім творы ўпершыню ў гісторыі старабеларускага прыгожага пісьменства знайшла выразнае адлюстраваньне тэма каханьня. Стваральнік твору паказаў дзяржаўныя і вайсковыя справы манарха, яго асабістае жыцьцё, інтымныя пачуцьці, адлюстраваў лёгіку тагачаснага канфлікту ў вышэйшых уладных колах. Найбольш красамоўны ў творы дыялёг між братамі Радзівіламі і Жыгімонтам Аўгустам, падчас якога кароль схіляецца да канчатковага рашэньня ўзяць шлюб[2].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл і пачаў уначы таемна наведваць яе. Пра інтымную сувязь манарха становіцца вядома па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім каралеўстве. Браты Барбары — уплывовыя магнаты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны — просяць Жыгімонта ня ганьбіць іх род, але ён не зважае на просьбы. Урэшце браты Радзівілы захопліваюць манарха ў пакоях сястры, і той дае згоду ўзяць законны шлюб з Барбарай. Доўгі час ніхто, апрача сьведкі — пана Кезгайлы, і плябана, які абвянчаў Жыгімонта з Барбарай, ня ведае пра жаніцьбу. Калі пра выбар вялікага князя становіцца вядома, магнаты і шляхта пачынаюць падгаворваць гаспадара адмовіцца ад «няроўнага шлюбу», але Жыгімонт не зважае на супраціў і застаецца верны свайму выбару насуперак пярэчаньню каралеўскай сям’і: бацькі — Жыгімонта I Старога і маці — Боны Сфорцы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вячаслаў Чамярыцкі. Аповесьць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл // Вялікае Княства Літоўскае: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Зьміцер Герасімовіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 234. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  2. ^ Іван Саверчанка. Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.). — Менск: Кнігазбор, 2010. — (Беларускі кнігазбор). — ISBN 985-6824-43-5