Перайсьці да зьместу

Антон Абрамовіч (БСС)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Абрамовіч.
Антон Абрамовіч
Дата нараджэньня Каля 1900
Грамадзянства Польская рэспубліка
Занятак грамадзкі дзяяч, палітык
Дадаткова 1-ы старшыня Беларускага студэнцкага саюзу (1921—1922)

Антон Абрамовіч — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч Заходняй Беларусі. Першы старшыня Беларускага студэнцкага саюзу.

Увосень 1919 пасланы Беларускай школьнай рады Меншчыны (БШРМ) у якасьці рэзыдэнта па арганізацыі беларускага школьніцтва ў Слуцкі павет. З-за непрыязнага стаўленьня да яго кіраўніцтва Белнацкаму Случчыны, які складаўся галоўным чынам зь беларускіх эсэраў, у лютым 1920 пераведзены ў Бабруйск, пасьля ў Барысаўскі павет. Пасьля Рыскай дамовы зьехаў у Вільню[1].

У 1920 годзе студэнт Віленскага ўнівэрсытэту, адзін з заснавальнікаў «Гуртка студэнтаў-беларусаў», які ў 1921 годзе стаў звацца «Беларускі студэнцкі саюз». Абраны першым старшынём БСС.

На зьезьдзе прадстаўнікоў Заходняй Беларусі, які адбываўся 11 і 12 сьнежня 1921 году ў Вільні выступіў з такімі словамі:

«Сяляне! Я хачу сказаць пару слоў ад імя беларускіх студэнтаў — Вашых сыноў, каторые з вялікім трудам папалі ў высшае вучэбнае завядзеньне. Мы тутака сабраліся сягоньня і маем магчымасьць свабодна гаварыць аб сваіх справах і адносінах да польскага народу. Вялікшая частка нашай Беларусі знаходзіцца яшчэ пад маскоўскай нагайкай і мы павінны памятаць аб сваім становішчы. Між вамі няма многіх лепшых сыноў, каторыя мелі бы права тут судзіць і падаць свой голас аб тэй справе, аб якой тутака гаворыцца. Я хачу сказаць, што мы ня йдзём тым шляхам, па якім павінны ісьці, я хачу напомніць, што вы пачынаеце ісьці крывой дарогай…» [2][3]. У той момант старшыня зьезду перарваў яму голас.

16 сакавіка 1922 году Францішак Пяткевіч і Антон Абрамовіч, як прадстаўнікі БСС былі на аўдыенцыі ў начальніка Польскае дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага[3].

  1. ^ Слуцкі Збройны Чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. Менск, 2006
  2. ^ «Раніца», № 3, 24.12.1921 г., с. 2
  3. ^ а б Лена Казлоўская. Быў у нас такі дохтар…(недаступная спасылка) // Czasopis 2009-03