Аляксей Дудараў
Аляксей Дудараў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 чэрвеня 1950 в. Кляны, Зарубскі сельсавет, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць |
Памёр | 27 лютага 2023 (72 гады) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, кінадраматург |
Гады творчасьці | 1973 — дагэтуль |
Жанр | п’еса, апавяданьне |
Мова | расейская мова і беларуская мова |
Узнагароды |
Аляксе́й Ану́фрыевіч Ду́дараў (нар. 6 чэрвеня 1950, в. Кляны,Зарубскі сельсавет, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць - 27 лютага 2023) — беларускі драматург.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Наваполацкае прафэсійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў (1968), працаваў сьлесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976) па спэцыяльнасьці «актор драмы і кіно». Працаваў акторам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), чальцом сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Менск, 1976—1983). Зьяўляўся сябрам Саюза Пісьменьнікаў СССР (з 1979). Зьяўляецца сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989). У 1991—2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 г. зьяўляўся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў у друку ў 1973. Пісаў апавяданьні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданьняў «Сьвятая птушка» (1979). Па сцэнарыях А. Дударава пастаўлены кароткамэтражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).
Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзьлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысьвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцураньне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталягічную загадку краю і народу. «Песьня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя па матывах паэмы М. Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не патасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуцьцям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.
У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Ўладзімера ў сьвятле вялікіх пачуцьцяў, жарсьцяў. Палачанка праклінае Ўладзімера, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. А. Дудараў вельмі актыўна працуе ў жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясьвіжа», «Крыж» і інш. Гледача ў творах А. Дударава на гістарычную тэму прывабліваюць дынамічнасьць сюжэта, займальнасьць інтрыгі, экзотыка і захаваны калярыт эпохі. У творах драматурга сустракаем незвычайнага героя, надзеленага такімі вартасьцямі, як вернасьць ідэалу, высакароднасьць, шляхетнасьць, самаахвярнасьць, адданасьць Бацькаўшчыне.
Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў мэлядраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных мэтамарфозаў і супадзеньняў. У фінале расчулены глядач атрымлівае чаканы «хэпі-энд». Да жанру «мэлядраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса А. Дударава «Люці» (2002).
Пераклаў на беларускую мову хроніку Ў. Шэксьпіра «Рычард III».
Прэміі і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і інш. узнагародамі. Ляўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданьняў «Сьвятая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спэктакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Сьвятая птушка». Зборнік апавяданьняў. 1979 г.
- «Сінявочка». Казка для дзяцей. 1981 г.
- «Дыялог». Зборнік п’ес. 1987 г.
Драматургія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Выбар». П’еса. Пастаўленая ў 1979 г.
- «Як гартавалася сталь». Інсцэніроўка рамана М. Астроўскага. Пастаўленая ў 1980 г.
- «Парог». П’еса. Пастаўленая ў 1981 г.
- «Апошні ўзьлёт». П’еса. Пастаўленая ў 1982 г.
- «Вечар». П’еса. Пастаўленая ў 1983 г.
- «Радавыя». П’еса. Пастаўленая ў 1984 г.
- «Майстар і Маргарыта». Інсцэніроўка рамана М. Булгакава. Пастаўленая ў 1987 г.
- «Злом». П’еса. Пастаўленая ў 1988 г.
- «Вежа». П’еса. З У. Някляевым, пастаўленая ў 1990 г.
Сцэнары да фільмаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Кола». Сцэнар для кароткамэтражнага фільму. 1977 г.
- «Дэбют». Сцэнар для кароткамэтражнага фільму. 1978 г.
- «Суседзі». Сцэнар для мастацкага фільму. 1979 г.
- «Бусьлянё». Сцэнар для кароткамэтражнага фільму. 1980 г.
- «Купальская ноч». Сцэнар для мастацкага фільму. 1982 г.
- «Белыя росы». Сцэнар для мастацкага фільму. 1984 г.
- «Восеньскія сны». Сцэнар для мастацкага фільму. 1986 г.
Узнагароды і ўшанваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1982 — Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі за зборнік апавяданьняў «Сьвятая птушка» і п’есу «Выбар»
- 1984 — Прэмія Ленінскага камсамолу за творы апошніх год
- 1985 — Дзяржаўнай прэміі СССР за спэктакль «Радавыя»
- 2000 — Спэцыяльная прэмія прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (у намінацыі тэатральнае мастацтва): «за стварэньне гістарычных п'ес, пастаўленых Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы» (у памеры 100 мінімальных заработных платаў; 3600 беларускіх рублёў * 100 = 400 000 рублёў = $300)[1]
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і мэдалём.
У 2013 годзе рэжысэр Іван Пінігін стварыў на студыі «Летапіс» дакумэнтальны фільм «Аляксей Дудараў. Крыніца часу» паводле сцэнара Валерыі Куставай[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ А.Лукашэнка. Распараджэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 1 рп «Аб прысуджэньні спэцыяльных прэміяў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва» // Зьвязда : газэта. — 4 студзеня 2001. — № 4 (24120). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вольга Чайкоўская. Куды рухаецца нашае дакумэнтальнае кіно // Жырандоля. — 1 лютага 2014. — № 3 (220).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксей Дудараў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Астроўская Т. Драматургічныя дамінанты ў апавяданнях Аляксея Дударава // Роднае слова. — 2008. — № 6. — С. 30-32.
- Дудараў Аляксей // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Нарадзіліся 6 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1950 годзе
- Памерлі 27 лютага
- Памерлі ў 2023 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Ляўрэаты прэміі Ленінскага камсамолу
- Нарадзіліся ў Дубровенскім раёне
- Беларускія літаратары
- Беларускія драматургі
- Беларускія тэатральныя дзеячы
- Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
- Савецкія драматургі
- Савецкія сцэнарысты
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР
- Сябры беларускага ПЭН-цэнтру