Перайсьці да зьместу

Аляксандар Залескі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Залескі
Дата нараджэньня 17 студзеня 1939 (85 гадоў)
Месца нараджэньня Менск, Беларуская ССР, СССР
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1960)
Занятак навуковец, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра матэматыка
Месца працы Інстытут матэматыкі НАНБ
Вядомы як разьвязальнік праблемы Капланскага пра групавыя кольцы (1972)
Навуковая ступень доктар навук (1978)
Навуковы кіраўнік Зьміцер Супруненка[1]

Алякса́ндар Яфі́мавіч Зале́скі (нар. 1939, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі матэматык.

Доктар фізыка-матэматычных навук (1978), прафэсар (1986) і сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991)[2].

У 1960 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і ўладкаваўся на працу ў Інстытут матэматыкі Акадэміі навук БССР[3]. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Разьвязальныя падгрупы мультыплікатыўных групаў некаторых альгебраў»[4]. У 1963 годзе заняў пасаду старэйшага інжынэра-канструктара ў Інстытуце матэматыкі, а пазьней — галоўнага інжынэра-канструктара, малодшага і старэйшага навуковага супрацоўніка[5]. У 1975 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Групавыя кольцы і групы адзінак асацыятыўных кольцаў»[4]. У 1978 годзе атрымаў годнасьць доктара фізыка-матэматычных навук[3].

У 1983—1992 гадах быў загаднікам лябараторыі ў Інстытуце матэматыкі[5]. У 1986 годзе атрымаў годнасьць прафэсара. У 1991 годзе стаў сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі[3]. У 1993—1996 гадах быў галоўным навуковым супрацоўнікам Інстуту матэматыкі. У 1997—2004 гадах працаваў прафэсарам Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі ў Норыджы[5]. У 2008—2012 гадах быў навуковым супрацоўнікам у Мілянскім унівэрсытэце (Італія), пасьля чаго вярнуўся ў Беларусь[1].

Напісаў навуковыя працы па тэорыі альгебраічных і лінейных групаў, тэорыі кольцаў і тэорыі інварыянтаў, а таксама тэорыі ўяўленьняў групаў. Вырашыў праблему Капланскага пра групавыя кольцы (1972) і праблему Фэйса пра нётэравыя кольцы. Дасьледаваў уласьцівасьці асобных элемэнтаў у камплексных прадстаўленьнях канечных групаў тыпу Лі і ідэалах групавых кольцаў лякальна канечных групаў[3].

Таксама дасьледаваў падгрупы лінейных групаў над целамі. Клясіфікаваў канечныя непрыведзеныя групы, спароджаныя адлюстраваньнямі, і адволныя групы 4-й і 5-й ступеняў над канчатковымі палямі. Абверг гіпотэзу пра свабоду альгебры інварыянтаў вытворных групаў, спароджаных адлюстраваньнямі. Дасьледаваў паводзіны пры рэдукцыі па модулю Р асноўных уяўленьняў Вэйля канечных клясычных групаў. Да 2019 году напісаў больш за 140 навуковых працаў, сярод якіх асноўнымі былі: 1) «Альгебра і альгебраічная геамэтрыя ў працах матэматыкаў Беларусі» (1979, разам з Уладзімерам Конюхам), 2) «Канечныя лінейныя групы, спароджаныя адбівальнікамі, над палямі няцотных характарыстык» (1979, сумесна з Валянцінам Сярожкіным), 3) «Мадулярныя падставачныя ўяўленьні і фрагмэнт матрыцы раскладаньня для сымплекстычнай і спэцыяльнай лінейнай групы над канечным полем» (1987, сумесна з акадэмікам Зьмітром Супруненкам)[3].

На 2013 год адзін з сыноў быў дасьледнікам альгебры ва ўнівэрсытэце ў сталіцы Бразыліі[1].

  1. ^ а б в Пазнаць, знайсьці сябе ў бязьмежным // Рэспубліка : газэта. — 23 красавіка 2013. — № 5736. — ISSN 1991-5322.
  2. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 17 студзеня 2014. — № 8 (27618). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г д Залескі Аляксандр Яфімавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 513. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  4. ^ а б Залескі Аляксандар Яфімавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2021 г.
  5. ^ а б в Залескі Аляксандар Яфімавіч (сябры-карэспандэнты) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2021 г. Праверана 30 кастрычніка 2021 г.