Альбанскі Тэлекам
Каардынаты: 41°21′39″ пн. ш. 19°43′37″ у. д. / 41.36083° пн. ш. 19.72694° у. д.
альб. Telekomi Shqiptar | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 5 лютага 1992 (32 гады таму) |
Заснавальнікі | урад Альбаніі |
Уласьнікі | «Чэтэл» (80%), Міністэрства гаспадарчага разьвіцьця Альбаніі (14%), «Альбанская пошта» (2%)[1] |
Краіна | Альбанія |
Разьмяшчэньне | Тыранская вобласьць |
Адрас | Тырана, акруга Кашар, 7-ы км[2] |
Ключавыя фігуры | Хюдает Копані, Більгэна Альдан[3] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | стацыянарны тэлефон[d] |
Паслугі | інтэрнэт-тэлебачаньне, Сеціва, сотавая сувязь, стацыянарная тэлефанія |
Абарачэньне | ▼10,169 млрд лекаў (2015 г.; 80,841 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼-1 392 233 000 лекаў (2015 г.; -11,067 млн $) |
Чысты прыбытак | ▼-2 206 652 000 лекаў[4] (2015 г.; -17,542 млн $)[5] |
Лік супрацоўнікаў | 857 (2016 год) |
Матчына кампанія | холдынг «Чалык» (Турэччына) |
Аўдытар | «Мазарс» (Тырана) |
«Альба́нскі Тэлека́м» — прадпрыемства сувязі Альбаніі, заснаванае ў лютым 1992 году.
Гандлёвая сетка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год налічвала 81 краму паслуг ва ўсіх 12 абласьцях Альбаніі:
- Бэрацкая вобласьць (5) — Бэрат, Кучова, Полічан, Ура Вайгурора і Чаравода;
- Влёрская вобласьць (7) — Влёра, Дэльвіна (2), Ксаміл, Орыкум, Саранда і Хімара;
- Гіракастраўская вобласьць (6) — Гіракастра (2), Кэльцюра, Мемаляй, Пэрмет і Тэпелена;
- Дурэская вобласьць (9) — Дурэс (5), Круя, Тыранскі аэрапорт (Круя), Фуша-Круя і Шыяк;
- Дыбэрская вобласьць (3) — Булкіза, Бурэл і Пэшкапія;
- Корчанская вобласьць (6) — Білішт, Корча (2), Малік, Паградзец і Эрсека;
- Кукеская вобласьць (1) — Кукес;
- Лежанская вобласьць (5) — Лач, Лежа, Мамурас, Рэшэн і Шэнджын;
- Тыранская вобласьць (20) — Кавая, Камза, Рагожына і Тырана (17);
- Фіерская вобласьць (7) — Балш, Дзівяка, Люшня, Патос, Раскавец і Фіер (2);
- Шкодэрская вобласьць (4) — Коплік, Пука і Шкодэр (2);
- Эльбасанская вобласьць (6) — Грамш, Лібражд, Пекін, Прэняс, Чэрык і Эльбасан[6].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Агульны сход. Складаецца з пайшчыкаў. Прызначае Раду кіраўнікоў у складзе 5—10 асобаў на 3 гады, а таксама незалежных аўдытараў на год.
- Рада кіраўнікоў. Абірае са свайго складу старшыню і яго намесьніка. Склікаецца кожныя 3 месяцы. Прызначае кіраўніка прадпрыемства на 3 гады са свайго складу. Выдае распараджэньні кіраўніку прадпрыемства і сочыць за іх выкананьнем. Вызначае абавязкі і паўнамоцтвы кіраўніка[7].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]5 лютага 1992 году ўрад Альбаніі заснаваў прадпрыемства «Альбанскі Тэлекам», у склад якога ўвайшлі аддзяленьні Дзяржаўнай управы сувязі. У 1994-м заключылі дамову з францускім прадпрыемствам «Алькатэль» (Булёнь-Біянкур, дэп. Вярхоўі Сэны) на ўсталёўку 66 000 тэлефонных нумароў, а зь італьянскім АТ «Сірці» (Мілян) — на пабудову міжгародняй сеткі з оптавалакна і радыёрэлейных антэнаў на аснове сынхроннай лічбавай герархіі (СЛГ). У 1996 годзе запусьцілі сетку таксафонаў з карткамі перадаплаты. У 1997-м праклалі оптавалаконны кабэль для міжнароднай сувязі, які праходзіў праз Альбанію з Харватыі ў суседнюю Грэцыю. 16 лютага 1999 году «Альбанскі Тэлекам» пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства. У 2004 годзе запусьцілі сетку асымэтрычных лічбавых абанэнцкіх лініяў (АЛАЛ), што дазволіла ўкараніць шыракапалосны доступ у Сеціва і электронную сыстэму выстаўленьня рахункаў за стацыянарную тэлефонную сувязь. У сакавіку 2004 году «Альбанскі Тэлекам» атрымаў дазвол на стварэньне 3-га сотавага апэратара «Мабільны Арол» у стандарце Глябальнай сыстэмы мабільнай сувязі (ГСМ). 1 кастрычніка 2007 году турэцкае АТ «Чэтэл» (Анкара), якое на 80 % належала холдынгу «Чалык» (Стамбул), набыло 76 % паёў «Альбанскага Тэлекаму». У сакавіку 2008 году дачынны сотавы апэратар «Мабільны Арол» пачаў аказваць паслугі, якімі за 6 месяцаў ахапіў звыш 90 % земляў Альбаніі, дзе пражывала звыш 97 % насельніцтва краіны[8].
У 2010 годзе міжнародная перадача зьвестак праз оптавалаконную сетку перавысілі 10 гігабайт/сэкунда. У 2011 годзе працягласьць оптавалаконных лініяў вырасла да 2000 км зь 500 км у 2007 годзе. У 2012 годзе ўкаранілі лічбавыя абанэнцкія лініі (ЛАЛ) для шырокапалоснага доступу ў Сеціва на падставе распрацоўкі амэрыканскага прадпрыемства «Сіско» (Сан-Хасэ, штат Каліфорнія). 17 сьнежня 2012 году дачынны «Мабільны Арол» атрымаў дазвол на пастаўку паслугаў сотавай сувязі 3-га пакаленьня. За 2008—2012 гады ў разбудову сеткі сувязі ўклалі звыш 150 млн эўра. На пачатак 2013 году «Альбанскі Тэлекам» налічваў 850 супрацоўнікаў і меў збытавую сетку са звыш 80 уласных крамаў і 2000 шапікаў. Оптавалаконная сетка даўжынёй звыш 3000 км ахоплівала ўсе гарады Альбаніі і ўлучала 600 км міжнародных лініяў. Празь яе пастаўлялі інтэрнэт-тэлебачаньне і стацыянарную тэлефанію. Таксама прадпрыемству належала першая і адзіная ў краіне Альбанская кропка інтэрнэт-абмену. У лютым 2013 году «Альбанскі Тэлекам» улучыў у свой склад дачынны «Мабільны Арол» у якасьці таварнага знаку. Цягам 2013 году ў гарадах запусьцілі кропкі Вайфай-доступу ў Сеціва і оптавалакно да дому, а таксама прапанавалі сотавую сувязь 3-га пакаленьня праз валаконныя злучэньні. У сакавіку 2014 году запусьцілі звышвысакахуткасныя лічбавыя абанэнцкія лініі (ЗЛАЛ). 4 красавіка 2014 году «Альбанскі Тэлекам» стаў аказваць паслугі сотавай сувязі пад уласным таварным знакам і запусьціў інтэрнэт-тэлебачаньне[8].
За 2015 год «Альбанскі Тэлекам» павялічыў лік сотавых абанэнтаў на 12 % да 484 350, а лік падпісчыкаў інтэрнэт-тэлебачаньня — больш як 3-кратна да 61 828. Лік лічбавых абанэнцкіх лініяў (ЛАЛ) шыракапалоснага доступу да Сеціва ўпаў на 45 % да 35 138, а лік стацыянарных тэлефонаў — на 7 % да 163 729[4].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эркан Табак (да 2014 году — лістапад 2016)
- Тахсін Ільмаз (лістапада 2016 — люты 2021)[9]
- Більгэна Альдан (зь лютага 2021 году)[10]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Агульны сход (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Зьвязацца з галаўной сядзібай (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Арганізацыйная будова (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ а б Бурак Юрцэвэр, Мюрвэтэ Фэрхаці. Справаздача за 2015 год (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 12 траўня 2016 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Афіцыйны абменны курс (125,79 за даляр на 31 сьнежня 2015 г.) (альб.) // Банк Альбаніі, 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Кропкі продажу (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Кіраваньне карпарацыяй (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ а б Кампанія (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Тахсін Ільмаз (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- ^ Більгэна Альдан (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сетка пакрыцьця (сотавая сувязь) (альб.) // «Альбанскі Тэлекам», 2021 г. Праверана 7 красавіка 2021 г.
- Мапа пакрыцьця Вайфай(недаступная спасылка) (альб.)
- Навіны(недаступная спасылка)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |