Аграпрамбанк Малдовы
Каардынаты: 47°1′42″ пн. ш. 28°50′14″ у. д. / 47.02833° пн. ш. 28.83722° у. д.
рум. Moldova Agroindbank | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | ФБМ: AGIB |
Заснаваная | 8 траўня 1991 (33 гады таму) |
Заснавальнікі | урад Малдовы |
Уласьнікі | партнэрства «ГЭІМ» (41%) |
Краіна | Малдова |
Разьмяшчэньне | Кішынёў |
Адрас | вул. Канстанціна Тэнасе, д. 9/1 |
Ключавыя фігуры | Вітаўтас Плунсксніс (старшыня), Георгі Шагідзэ (кіраўнік)[1] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | пазыка[2], уклад[3], банкаўскі рахунак[4], aплатная картка[5] і аблігацыя[6] |
Паслугі | аплатная картка, банкаўскі рахунак, грашовы перавод, пазыка, уклад |
Абарачэньне | 2,111 млн леяў (2021 год; 118,934 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | 922 млн леяў (2021 год; 51,938 млн $)[7] |
Чысты прыбытак | 1,131 млрд леяў (2022 год; 59,115 млн $)[8] |
Лік супрацоўнікаў | 2339 (2022 год) |
Даччыныя кампаніі | «АПБМ-Лізінг», «Малдмэдыякард» |
Аўдытар | «Прайсўтэрхаўс Купэрс» |
«Аграпрамбанк Малдовы» («АПБМ») — камэрцыйны банк Малдовы, заснаваны ў траўні 1991 году.
На 2023 год меў звыш 2200 супрацоўнікаў і звыш 900 000 рахункаў, з іх 417 000 падлучаных да мабільнага дастасунка. Пры гэтым абслугоўвалі 29 000 малых прадпрыемстваў і 492 буйныя. Банк меў 12 тыс. тэрміналаў самаабслугоўваньня, 320 банкаматаў і 54 аддзяленьні. Налічваў 30 млрд леяў укладаў і 23 млрд леяў выдадзеных пазыкаў, што рабіла яго найбольшым банкам Малдовы[9]. Меў даччыныя прадпрыемствы «АПБМ-Лізінг» і «Малдмэдыякард»[10]. Ажыцьцяўляў грашовыя пераводы праз карэспандэнцкія рахункі ў ЗША і 7 краінах Эўропы: Аўстрыі, Беларусі, Бэльгіі, Італіі, Нямеччыне, Расеі і Ўкраіне[11].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 траўня 1991 году малдаўскае прадстаўніцтва «Аграпрамысловага банку СССР» пераўтварылі ў акцыйнае таварыства «Аграпрамбанк Малдовы». Грыгорэ Фуртунэ стаў першым старшынёй Управы банка і заставаўся на пасадзе да 1996 году. Банк атрымаў дазвол на адкрыцьцё рахункаў у замежнай валюце. У 1993 годзе банк стаў заснавальнікам «Фондавай біржы Малдовы», а таксама сузаснавальнікам прадпрыемства «Вінінвэст» і прыватызацыйных «Аграфонду» і фонду «Дывідэнд». У 1994 годзе ўпершыню адлічылі 30 млн лееў у фонд рызыкі. У 1995-м укаранілі штодзённы балянс, адзіны карэспандэнцкі рахунак і электронную пошту, што дазволілі ўвесьці разьлікі за адзін банкаўскі дзень. Банк падлучылі да сеткі «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (Бэльгія) і «Ройтэрз» (Ангельшчына). Упершыню падпісалі пагадненьне з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР; Ангельшчына) аб пазыковай лініі на 20 млн даляраў ЗША для малых прадпрыемстваў[12].
У 1996 годзе банк стаў вядучым у Малдове паводле памеру нарматыўнага капіталу, пазыкаў, разьлікаў унутры краіны і міжнародных разьлікаў. У банку стварылі Камітэт кіраваньня актывамі і пасівамі. У 1997-м банк пачаў ажыцьцяўляць укладаньні ў прадпрыемствы. Дзяржаўнае агенцтва інтэлектуальнай уласнасьці Малдовы паставіла на ўлік першы лягатып банка, які выкарыстоўвалі да 2015 году. У 1998 годзе правялі першыя пазычаньні на ноч і абмен валюты з замежнымі банкамі. 5 студзеня 1999 году стварылі вэб-бачыну банка. На «Аграпрамбанк Малдовы» прыпадала 30 % пазычаньняў у краіне. Лік пазычальнікаў вырас на 10 % да 84 тыс. асобаў[12].
У 2000 годзе даччынае прадпрыемства «МалдМэдыяКард» запусьціла безнаяўныя плацяжы. У 2001 годзе «Заходні фонд прадпрыемстваў новых незалежных дзяржаваў» (Украіна) набыў у банку 9,9 % паёў, а ЭБРР — 9,8 %. У 2002 годзе «Аграпрамбанк Малдовы» стаў першым банкам краіны, які стварыў лізінгавае прадпрыемства на чале з намесьнікам старшыні Сяргеем Чабатарам. Таксама стварылі бізнэс-асяродак для прадпрыемстваў, каб прыцягваць ад іх уклады і ажыцьцяўляць між імі валютныя разьлікі. Банк стаў выпускаць аплатныя карткі «Віза» (ЗША). У 2004-м лік рахункаў дасягнуў 200 000. Абсяг укладаў вырас на 47 % за год, а ад юрыдычных асобаў — на 60 %. За 2005 год адчынілі 92 аддзяленьні. У 2006-м «Заходні фонд прадпрыемстваў новых незалежных дзяржаваў» і ЭБРР прадалі свае паі ў банку. У 2007 годзе ўкаранілі інтэрнэт-банкінг[12].
У 2008 годзе пра аплатныя тэрміналы ўвялі магчымасьць папаўняць рахунак і ўклад, а таксама аплачваць пазыку. Заключылі пагадненьні з ЭБРР, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй (ЗША), Чарнаморскім банкам гандлю і разьвіцьця (Грэцыя) і Эўрапейскім фондам Паўднёва-Ўсходняй Эўропы (Люксэмбург) для пазычаньня малым прадпрыемствам. У рамках праграмы Кампакт атрымалі права кіраваць рахункамі фонду «Выклікі тысячагодзьдзя». У 2012 годзе «Аграпрамбанк Малдовы» запусьціў аддалены доступ да паслуг праз сайт і стаў сябрам Эўрапейскай бізнэс-асацыяцыі (Украіна). У 2013 годзе банк налічваў звыш 1500 супрацоўнікаў. У 2014 годзе пачалі выпускаць аплатныя карткі «Амэрыкан Экспрэс»[12].
У 2015 годзе выйгралі тэндэр на абслугоўваньне мясцовых скарбаў і мытняў. Таксама пачалі абслугоўваць атрымальнікаў сацыяльнай дапамогі. Банк меў 3025 тэрміналаў, 214 банкаматаў, 104 аддзяленьні, 37 пляцовак самаабслугоўваньня і 5 кругласодневых асяродкаў. «Аграпрамбанку Малдовы» належала 26 % банкаўскіх актываў Малдовы, 29 % пазыкаў і 28 % укладаў. У 2017-м адчынілі вучэльню Аванці для банкаўскай асьветы моладзі. У 2018 годзе абмежаванае партнэрства «ГЭІМ», якое стварылі «Гарызонт Капітал» (Ангельшчына), ЭБРР і «Інвальда» (Летува), набыло 41 % паёў банка. У 2019-м выпусьцілі мільённую картку «Віза» і картку растэрміноўкі «ЛібэрКард». У 2020-м укаранілі зьніжкавыя карткі «Гама» і адзіны тэлефонны нумар 1313. У 2021 годзе ўвялі безнаяўную аплату ў грамадзкім траспарце Кішынёва. У 2022-м укаранілі прыём аплаты на смартфоне і лічбавыя карткі[12].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Грыгорэ Фуртунэ (1991—1996)
- Натальля Врабіе (1996—2013)
- Сяргей Чабатар (2013—2021)
- Георгі Шагідзэ (зь 2021 году)[12]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кіраўніцтва (рас.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- ^ https://www.maib.md/ro/persoane-fizice/credite (рум.)
- ^ https://www.maib.md/ro/persoane-fizice/depozite (рум.)
- ^ https://www.maib.md/ro/persoane-fizice/conturi-curente (рум.)
- ^ https://www.maib.md/ro/persoane-fizice/carduri-de-credit (рум.)
- ^ https://www.maib.md/ro/persoane-fizice/obligatiuni/obligatiuni-corporative-maib (рум.)
- ^ Справаздача за 2021 год (рум.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 2022 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- ^ Фінансавыя вынікі за 2022 год (рум.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 16 лютага 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- ^ Уводзіны (мы каманда) (рас.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- ^ Група (рас.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- ^ Банкі-карэспандэнты (рас.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- ^ а б в г д е Гісторыя (рас.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (рас.) // «Аграпрамбанк Малдовы», 26 красавіка 2023 г. Праверана 27 красавіка 2023 г.
- Аддзяленьні і банкаматы (рас.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |