Баркулабаўскі абраз Маці Божай
| Баркулабаўскі абраз Божай Маці | |
| Баркулабаўская Адыгітрыя | |
| Год | 11 ліпеня 1659 (366 гадоў таму) |
|---|---|
| Тып | абраз |
| Месцазнаходжаньне | Баркулабаўскі Ўшэсьценскі манастыр, Баркулабаў |
| Уладальнік | Бабруйская япархія |
Баркулабаўскі абраз Маці Божай — твор выяўленчага мастацтва XVII ст., хрысьціянская сьвятыня.
Паходзіць з Ушэсьценскага манастыра ў мястэчку Баркулабаве. Адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнабізантыйскай асновы. Ушаноўваецца як цудоўны, сьвяткаваньне 11 ліпеня (у дзень зьяўленьня абраза ў манастыры)[1].
Апісанне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Баркалабаўская Адзігітрыя, намаляваная тэмпэрай на хваёвай аснове з пазалочаным разьбяным фонам — адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнабізантыйскай асновы.
Божая Маці ўбрана ў цёмна-пурпурны мафорый, упрыгожаны трыма залатымі ажурнымі зоркамі і залатой карункавай аблямоўкай з пэндзьлямі, цёмна-зялёная сукенка мае шырокі жамчужны обнізь на гарлавіне і поручах, залаты німб, гравіраваны прамяністым зьзяньнем. Аблічча Багародзіцы выканана царскай прыгажосьці, высакароднасьці і смутку. Схіліўшы галаву да Божага Дзіцяці, якое сядзіць на Яе левай руцэ, высока паднятай уверх правай рукой Яна паказвае на дзясьніцу Сына. Немаўля Хрыстос, у белым хітоне-кашулі з адкладным каўняром, з чырвоным поясам, і вохрыста-чырвоным гімаціі з багатым залатым асістам, зьлёгку павернуты да Маці Божай, благаслаўляе правай рукой, у левай руцэ трымае скрутак.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Навукоўцы выказваюць меркаваньне, што абраз створаны на мяжы XVI—XVII ст. ці ў 1-й пал. XVII ст. ў цэнтральнабеларускім рэгіёне (магчыма, на тэрыторыі паміж Слуцкам і Слонімам[2]).
Першапачаткова знаходзілася ў праваслаўным Баркулабаўскім жаночым манастыры (адсюль назва), заснаваным Б. Сьцяцкевічам у 1648 годзе. У манастырскім архіве захоўвалася легендарнае паданьне пра паходжаньне абразу. Паводле яго ў 1659 годзе нейкі «князь вояў рускіх» Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыру, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганьні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменьні Фаціньні Кіркораўне.
На думку навукоўцаў, падзеі малі адбывацца трохі раней. Згаданы ў паданьні князь Пажарскі — гэта Сямён Раманавіч Пажарскі, які ў 1655 годзе прымаў на чале конных злучэньняў маскоўскага войска ўдзел у баявых дзеяньнях на Беларусі падчас 13-гадовай вайны — аблоге Старога Быхава, Слуцка, захопе Клецка, бітве пад Цімкавічамі. Князь Сямён Пажарскі разьбіў воінскія злучэньні ВКЛ пад Цімкавічамі, захапіў шмат палонных, літоўскія вайсковыя сьцягі і літаўры, разграбіў і спаліў Цімкавічы. Верагодна, тады і ўзяў князь у свой абоз адзначаны вялікі абраз Божай Маці, які ён не выпадкова пакінуў потым у Баркалабаўскім манастыры, адным з нямногіх пасьля абвяшчэньня Берасьцейскай царкоўнай уніі праваслаўных прыстанкаў Беларусі
Абраз праславіўся у Баркулабаўскім манастыры многімі цудамі, аб чым сьведчылі яго шматлікія копіі ў навакольных цэрквах. Найвялікшым цудам лічылася тое, што абраз перажыў усе войны XVII—XX ст. і ганеньні на рэлігію ў XX ст.
Доўгі час, пасьля таго як у 1920 годзе манастыр быў закрыты, абраз знаходзіўся ў адным з храмаў Быхава. Абраз быў выяўлены 27-й экспэдыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР у 1974 годзе[3]. У ліпені 2010 году яго вярнулі ў адноўлены манастыр у Баркулабава.
Хрэсны ход
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Штогод 23 ліпеня ладзілі 2 хрэсныя ходы з Магілёва і Быхава да Баркулабаўскага абраза Божай Маці. У сьвяточным набажэнстве 24 ліпеня [ст. ст. 11 ліпеня] ў Баркулабаўскім манастыры бралі ўдзел бабруйскі і магілёўскі япіскапы[4]. Хрэсны ход з Магілёва займаў 40 км і пачынаўся паўгадзінным малебнам а 6:00 у Мікольскім манастыры. А 9:00 і а 11:00 рабіліся прывалы ў Буйнічах на паўгадзіны і ў Салтанаўцы на гадзіну. А 14:00 рабілі 2-гадзінны прыпынак на абед у Дашкаўцы. А 19:00 паломнікі прыбывалі ў Баркулабаў для ўдзелу ў гадзінным вечаровым набажэнстве. Пасьля начлегу багамольцы бралі ўдзел у сьвяточным набажэнстве і брацкай трапезе[5].
У нумізматыцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]10 кастрычніка 2012 году Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў срэбную памятную манэту «Ікона Прасьвятой Багародзіцы «Баркалабаўская» наміналам 20 рублёў. 28 сьнежня 2012 году дадаткова выпусьцілі ў абарачэньне 3 манэты: 2 залатыя наміналам 50 і 1000 рублёў, а таксама срэбную — наміналам 500 рублёў. Дызайнэркай манэтаў была Сьвятлана Заскевіч. Чаканку ажыцьцявіла нямецкая «Мынца Бэрнгарда Маера» ў Карлсфэльдзе (зямля Баварыя). Прастакутныя манэты мелі кант зь пярэдняга і адваротнага бакоў, які выступаў па пэрымэтры. Мелі якасьць пруф[6].
Пасярод авэрсу манэтаў месьціўся арнамэнт у выглядзе вінаграднай лазы для абазначэньня Багародзіцы. Унутры арнамэнту знаходзіўся памятны крыж на Заслаўскім замчышчы ў сувязі за сьвяткаваньнем 1000-годзьдзя Праваслаўнай царквы ў Беларусі і проба стопку. Уверсе разьмясьцілі рэльефны відарыс дзяржаўнага гербу Беларусі 1995 году і ў 2 радкі надпіс «Рэспубліка Беларусь». Унізе абазначаўся намінал: 20, 50, 500 або 1000 рублёў. Справа ад наміналу пазначаўся 2012 год чаканкі[6].
Пасярод рэвэрсу манэтаў знаходзіўся Балкулабаўскі абраз Прасьвятой Багародзіцы. Унізе быў надпіс «Баркалабаўская». На срэбных манэтах наміналам 20 і 500 рублёў месьціліся выявы німбаў над Багародзіцай і Ісусам Хрыстом, а таксама зорак і шляка на адзеньні Багародзіцы, як і царкоўны арнамэнт золатам[6].
| Намінал (рублёў) | 20 | 50 | 500 | 1000 |
|---|---|---|---|---|
| Мэтал | Срэбра | Золата | Срэбра | Золата |
| Проба | 925 | 999 | 925 | 999 |
| Маса манэты (грамаў) | 31,1 | 5 | 500 | 100 |
| Маса мэталу ў чысьціні | 28,77 | 4,99 | 462,5 | 99,9 |
| Памер (мілімэтраў) | 30х45 | 14х23,5 | 90х135 | 36х53 |
| Наклад (асобнікаў) | 10 000 | 4000 | 500 | 200 |
| Адпускная цана (рублёў) | 105,8 | 425,5 | 1079,85 |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Ярашэвіч А. Баркулабаўскі абраз Маці Божай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 287.
- ^ Быцева І. М., Хадыка Ю. В. Разьба на фонах абразоў як датуючая прыкмета // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985. С. 44-49
- ^ Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД.2003. — 304 с.:іл. С. 47-48.
- ^ Нэлі Зігуля. У Баркалабаве — двайное сьвята // Зьвязда : газэта. — 25 ліпеня 2014. — № 138 (27748). — С. 6. — ISSN 1990-763X.
- ^ Аляксандар Белахвостаў, Ільля Сідаровіч. Штогадовы хрэсны ход у гонар іконы Маці Божай Баркалабаўскай пачнецца 23 ліпеня // Беларуская праваслаўная царква, 17 ліпеня 2019 г. Праверана 8 жніўня 2025 г.
- ^ а б в Памятныя манэты «Ікона Прасьвятой Багародзіцы «Баркалабаўская» // Нацыянальны банк Беларусі, 28 сьнежня 2012 г. Праверана 8 жніўня 2025 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4