Перайсьці да зьместу

Ёсіф Апанскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Іосіф Апанскі»)
Ёсіф Казімеравіч Апанскі
Род дзейнасьці супрацоўнік савецкіх спэцслужбаў
Дата нараджэньня 18 ліпеня 1897(1897-07-18)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 7 чэрвеня 1927(1927-06-07) (29 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці чыгуначнае здарэньне[d]
Месца пахаваньня
Занятак вайсковец

Ёсіф Казі́меравіч Апа́нскі (18 ліпеня 1897, Сталярышкі (Сталерышкес), Вількамірскі павет — 7 чэрвеня 1927, ст. Ждановічы) — супрацоўнік савецкіх спэцслужбаў. Намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе і адначасова начальнік Беларускага аддзяленьня Галоўнага мытнага ўпраўленьня СССР.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны бежанцам патрапіў у Петраград, дзе навучаўся ў рэальнай вучэльні. Далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Сябра РСДРП з 1916, падчас грамадзянскай вайны падпольна працаваў у Беларусі і Летуве. У 1919 сябра Віленскага ДК КП(б)ЛіБ, выканкама гарсавету, рэвтрыбуналу. Пасьля старшыня Мазырскага павятовага рэўкаму.

У 1920 намесьнік начальніка асобага аддзелу 16-й Беларуска-Летувіскай арміі. Гэты асобы аддзел сфармаваў справу і расстраляў кіраўніка справамі па харчаваньні арміі Фабіяна Шантыра (першага мужа Зоські Верас)[1].

З 1922 у ЧК Петраградзкай ваеннай акругі, пасьля ў Самары. У 1923 — начальнік Вышэйшай пагранічнай школы АДПУ ў Маскве. Маючы званьне камдзіва, чытае курс «Пограндело и чекистская методика». У той самы час займае пасаду памочніка начальніка Аддзелу пагранічнай аховы і старэйшага памочніка галоўнага інспэктара войскаў АДПУ.

У 1924 — намесьнік старшыні ГПУ БССР, намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ пры СНК СССР па Беларускай вайсковай акрузе й адначасова з 1926 кіраўнік Беларускага аддзяленьня Галоўнага мытнага ўпраўленьня СССР.

Адзін з арганізатараў ліквідацыі эсэраўскага руху на Беларусі. Займаўся разгромам арганізацыі Юркі Лістапада й выстаўленьнем пра правільны савецкі шлях Якуба Коласа. Дапытваў Пічэту адносна Лёсіка, Карскага і Доўнар-Запольскага[2].

Удзельнічаў у чэкісцкай апэрацыі «Сындыкат-2», а таксама ў захопе ў 1924 у Менску Барыса Савінкава — ён граў ролю гаспадара кансьпіратыўнай кватэры, куды прывезьлі Савінкава. За гэта быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР.

Сумесную п’янку з Апанскім апісаў Францішак Аляхновіч у кнізе «У капцюрох ГПУ»: «Быў гэта бляндын у сярэдніх гадох, добра адкормлены, са сьвірлячым поглядам гепістага… Спазьніўшыся, Апанскі наліў сабе адразу цэлую шклянку гарэлкі, выпіў яе адным махам і закусіў ікрой».

7 чэрвеня 1927 Апанскі разам з кіроўцам АДПУ Голубевым і двума іншымі супрацоўнікамі ГПУ ехаў на дрызіне са станцыі Радашкавічы (каля вёскі Пятрышкі пагранічнікі затрымалі польскага шпіёна). А восьмай вечара пры таямнічых абставінах каля чыгуначнай станцыі Ждановічы яна перакулілася — Апанскі і Голубеў загінулі на месцы, цяжка параненыя былі супрацоўнікі Карытаў і Федасеенка. Віну за аварыю ўсклалі на «контрарэвалюцыю», а таксама на людзей, чые зямельныя надзелы прылягалі да чыгункі. Дзьве сям’і Лукомскіх і Эйсмантаў выслалі ў Архангельскую вобласьць[3].

Пахаваны разам з кіроўцам на Вайсковых могілках у Менску. На помніку напісана, што «загінулі ад рукі контрарэвалюцыі».

Ягонае прозьвішча было нададзена адной з вуліц Менску (у 1993 годзе вуліцы вярнулі назву Кальварыйская) і Мазыру.