Ёсіф Апанскі
Ёсіф Казіміравіч Апанскі | |
Род дзейнасьці | супрацоўнік савецкіх спэцслужбаў |
---|---|
Дата нараджэньня | 18 ліпеня 1897 |
Месца нараджэньня | Сталярышкі, Вількамірскі павет, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 7 чэрвеня 1927 |
Месца сьмерці | ст. Ждановічы, БССР |
Прычына сьмерці | чыгуначнае здарэньне |
Месца пахаваньня | Вайсковыя могілкі |
Грамадзянства | СССР |
Занятак | вайсковец |
Ёсіф Казімеравіч Апанскі (18 ліпеня 1897, Сталярышкі (Сталерышкес), Вількамірскі павет — 7 чэрвеня 1927, ст. Ждановічы) — супрацоўнік савецкіх спэцслужбаў. Намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе і адначасова начальнік Беларускага аддзяленьня Галоўнага мытнага ўпраўленьня СССР.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З пачаткам Першай сусьветнай вайны бежанцам патрапіў у Петраград, дзе вучыўся ў рэальным вучылішчы. Далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Чалец РСДРП з 1916, падчас грамадзянскай вайны падпольна працаваў у Беларусі і Летуве. У 1919 чалец Віленскага ДК КП(б)ЛіБ, выканкама гарсавету, рэвтрыбуналу. Пасьля старшыня Мазырскага ўезнага рэўкаму.
У 1920 намесьнік начальніка асобага адзелу 16-й Беларуска-Летувіскай арміі. Гэта асобы аддзел сфармаваў справу і растраляў кіраўніка справамі па харчаваньні арміі Фабіяна Шантыра (першага мужа Зоські Верас)[1].
З 1922 у ЧК Петраградзкага ваеннай акругі, Пасьля ў Самары. У 1923 — начальнік Вышэйшай пагранічнай школы АДПУ ў Маскве. Маючы званьне камдзіва, чытае курс «Пограндело и чекистская методика». У той самы час займае пасаду памочніка начальніка Аддзелу пагранічнай аховы і старэйшага памочніка галоўнага інспэктара войскаў АДПУ.
У 1924 — намесьнік старшыні ГПУ БССР, намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ пры СНК СССР па Беларускай вайсковай акрузе й адначасова з 1926 кіраўнік Беларускага аддзяленьня Галоўнага мытнага ўпраўленьня СССР.
Праца ў БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адзін з арганізатараў ліквідацыі эсэраўскага руху на Беларусі. Займаўся разгромам арганізацыіі Юркі Лістапада й выстаўленьнем пра правільны савецкі шлях Якуба Коласа. Дапытваў Пічэту адносна Лёсіка, Карскага і Доўнар-Запольскага[2].
Удзельнічаў у чэкісцкай апэрацыі «Сындыкат-2», а таксама ў захопе ў 1924 у Менску Барыса Савінкава — ён граў ролю гаспадара кансьпіратыўнай кватэры, куды прывезьлі Савінкава. За гэта быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР.
Сумесную п’янку з Апанскім апісаў Францішак Аляхновіч у кнізе «У капцюрох ГПУ»: «Быў гэта бляндын у сярэдніх гадох, добра адкормлены, са сьвірлячым поглядам гепістага… Спазьніўшыся, Апанскі наліў сабе адразу цэлую шклянку гарэлкі, выпіў яе адным махам і закусіў ікрой».
Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
7 чэрвеня 1927 Апанскі разам з кіроўцам АДПУ Голубевым і двума іншымі супрацоўнікамі ГПУ ехаў на дрызіне са станцыі Радашкавічы (каля вёскі Пятрышкі пагранічнікі затрымалі польскага шпіёна). А восьмай вечару, пры таямнічых абставінах каля чыгуначнай станцыі Ждановічы яна перакулілася — Апанскі і Голубеў загінулі на месцы, цяжка параненыя былі супрацоўнікі Карытаў і Федасеенка. Віну за аварыю ўсклалі на «контрарэвалюцыю», а таксама на людзей, чые зямельныя надзелы прылягалі да чыгункі. Дзьве сям’і Лукомскіх і Эйсмонтаў выслалі ў Архангельскую вобласьць[3].
Пахваны разам з кіроўцам на Вайсковых могілках у Менску. На помніку напісана, што «загінулі ад рукі контрарэвалюцыі».
Яго прозьвішча было нададзена адной з вуліц Менску (у 1993 годзе вуліцы вярнулі назву Кальварыйская) і Мазыру.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Товарищ «У» и двойное убийство 7 июня 1927 года(рас.) Сяргей Крапівін, Экспресс-Новости
- ^ Вытрымкі з паказанняў У. І. Пічэты ў час яго знаходжання пад следствам з верасня 1930 г. па жнівень 1931 г.(недаступная спасылка)
- ^ Фотафакт. Вайсковыя могілкі ў Мінску: пантэон герояў Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY