Перайсьці да зьместу

Абраз Маці Божай Вастрабрамскай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маці Божая Вастрабрамская

Абра́з Ма́ці Бо́жай Вастрабра́мскай — адна з галоўных хрысьціянскіх сьвятыняў Беларусі й Летувы, цудатворны абраз Маці Божай, які знаходзіцца ў віленскай Вострай браме. Адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы безь дзіцятка на руках. Шануецца хрысьціянамі ўсіх канфэсіяў.

Хто намаляваў абраз, невядома. Некаторыя прыпісваюць аўтарства кракаўскаму мастаку Лукашу, які намаляваў падобны абраз у 1624 годзе для касьцёла Божага Цела ў Кракаве. Паводле адной з вэрсіяў абраз адлюстроўвае знакамітую прыгажуню XVI стагодзьдзя Барбару Радзівіл. Гісторык Тэадор Нарбут ва ўласьцівай яму манеры, са спасылкай на невядомы нікому рукапіс, высунуў у 1839 годзе гіпотэзу, што абраз прывёз вялікі князь Альгерд з Крыму. Гэта дало падставы расейскім гісторыкам і праваслаўным пісьменьнікам разьвіваць гіпотэзу пра праваслаўнае паходжаньне абраза, быццам бы вывезенага з царквы ў Корсуні.

Дэталёвае дасьледаваньне й кансэрвацыю абраза правёў Ян Руткоўскі ў 1927 годзе перад яго каранацыяй. Паводле тэхнікі, грунтоўкі й складу фарбаў вызначана, што абраз створаны ў другой палове XVI стагодзьдзя, верагодна італьянскім мастаком.

Хромалітаграфія ХІХ стагодзьдзя

Абраз зьмешчаны ў капліцы Вострай брамы з пачатку XVII стагодзьдзя. Праслаўлены вобраз Мадонны намаляваны на дубовых дошках таўшчынёй 2 см. тэмпэравай тэхнікай на клеева-крэйдавай аснове. Памер 165 × 200 см.

Постаць Маці Божай цалкам зачынена бліскучай залатой сукенкай каля 1671 году. Бачнымі ёсьць толькі выразны твар і складзеныя накрыж рукі. Пад мэталічнай сукенкай Вастрабрамская Маці Божая ёсьць у чырвонай туніцы. Шыя закручана шалем, а на галаве белая хустка. Усю постаць Марыі ўкрывае зеленавата-блакітны плашч, свабодна накінуты на галаву і плечы. Тло абраза мае бронзавае адценьне. Срэбны паўмесяц з выгравіраваным надпісам «Дзякуй Табе Маці Божая за мае выслуханыя просьбы і прашу Цябе Маці Міласэрнасьці захавай мяне ў ласцы», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза, — вота з 1849 году. На галаве ў Багародзіцы дзьве пазалочаныя кароны са срэбра, накладзеныя адна на другую: адна барокавая, другая ў стылі ракако.

Урачысты акт каранацыі паводле дэкрэту Папы Рымскага Піюса XI, які ў 1920 годзе ў якасьці апостальскага нунцыя служыў сьвятую імшу ў капліцы Вострай брамы, адбыўся 2 ліпеня 1927 году перад катэдральным саборам у Вільні ў прысутнасьці герархаў каталіцкай царквы і дзяржаўных кіраўнікоў Польшчы, у склад якой у той час уваходзіў Віленскі край. У 1928 годзе Абраз Маці Божай Вастрабрамскай зьмешчаны ў адмысловым кантэйнэры, які ахоўвае яго ад пажараў і злодзеяў.

Маці Божая Вастрабрамская і Вострая брама ўслаўлены ў вершах (напрыклад, пачатак паэмы «Пан Тадэвуш») і карцінах беларускіх, летувіскіх, польскіх паэтаў і мастакоў.