Ігнат Цэйзік
Ignacy Julian Cejzyk | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1779 Лыскаў |
Памёр | 1858 Іркуцк |
Род | Цэйзікі |
Бацькі | Міхал Ганна з Сабалеўскіх |
Дзейнасьць | артыст |
Ігнацы Юліян Цэйзік гербу «Авады»[1] (па-польску: Ignacy Julian Cejzyk; 1779, Лыскаў, Ваўкавыскі павет Наваградзкага ваяводзтва, Рэч Паспалітая — 1858[2], Іркуцк, Расейская імпэрыя) — дзяяч мастацтва, фальшываманэтчык.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Лыскаве Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці)[a]. Сын каваля Міхала і Ганны з Сабалеўскіх.
Скончыўшы школу ў Лыскаве, ад 1798 навучаўся плястычнаму мастацтву ў Віленскім унівэрсытэце, з 1802 працягнуў тамсама вывучэньне хіміі, францускае мовы і гісторыі, але ня скончыў навуку. Падчас навучаньня заняўся падробваньнем тэатральных квіткоў[1].
У 1805 року ў Варшаве ажаніўся з Марыяй Качынскай і пераехаў пад Слонім. У вёсцы Ігнат Цэйзік пачаў займацца фальшаваньнем расейскіх рублёў, тлумачачы гэта жаданьнем «падарваць расейскую фінансавую сыстэму»[1]. У 1814 за гэты занятак арыштаваны разам з саўдзельнікамі. Падлічана, што падрабіў 65 тыс. рублёў[1]; сьледзтва ў гэтай справе цягнулася некалькі гадоў. Урэшце 15 ліпеня 1819 року ўся група ўцякла з-пад арышту ў Слуцку і пераехала ў Вену, дзе неўзабаве пачалі падрабляць мясцовую валюту. Ратуючыся ад арышту аўстрыйскімі ўладамі, групоўка вярнулася ў Расею пад фальшывымі прозьвішчамі. Тым ня меней, Цэйзік у 1821 року арыштаваны пад іменем Якуба Чудоўскага і асуджаны на пажыцьцёвую высылку ў Сыбір, куды трапіў у 1828. У 1829 року ягоная жонка атрымала развод.
У Табольку Цэйзік ажаніўся другім разам з расейскай. За выбітныя акторскія здольнасьці замест капальні накіраваны на працу ў гуце, а пасьля ў Табольск. Апроч працы для гуты маляваў партрэты, вырабляў люлькі й іншыя вырабы. Вырабы Цэйзіка набывалі найвышэйшыя прадстаўнікі ўладаў і элітаў Сыбіры, дык ён хутка ўзбагаціўся і набыў дом у Табольску. Ізноў заняўся фальшаваньнем рублёў. У 1846 року, калі зноў быў выкрыты, быў пасланы на працы ў капальнях Акатую. Празь некалькі гадоў працы вызвалены дзякуючы хадайніцтвам кліентаў і зноў заняўся рамесьніцка-мастацкай працай у Верхневудзінску. У 1857 атрымаў дазвол на пераезд у Іркуцк, дзе й сканаў.
Яшчэ за ягоным жыцьцём іншыя рамесьнікі пачалі перайманьне твораў Цэйзіка[2], а ягоныя працы выстаўляліся ў Эрмітажы, музэях Іркуцку і Чыты, варшаўскім Музэі рамёстваў і прыкладнога мастацтва. Цяпер ягоныя творы захоўваюцца ў варшаўскіх зборах Нацыянальнага і музэю Войска Польскага, Вілянаўскім палацы, кракаўскім Нацыянальным музэі, віленскіх Мастацкім і Нацыянальным, ковенскім Нацыянальным музэі прыгожых мастацтваў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Kijas A. Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku. — Inst. Wydawniczy PAX, Wydawnictwo Poznańskie, 2000. — ISBN 83-211-1340-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Гвазьдзёў. Бэнвэнута Чэліні з-пад Ружан // Новы час
- Жыцьцяпіс і творы Ігната Цэйзіка (пол.) ў Вілянаўскім палацы