Шпанья Даліна
Шпанья Даліна | |||||
славац. Špania Dolina | |||||
Касьцёл Перамяненьня Пана | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1254 | ||||
Краіна: | Славаччына | ||||
Край: | Банскабыстрыцкі | ||||
Раён: | Банска Быстрыца | ||||
Староста: | Мар’ян Слобаднік[1] | ||||
Плошча: | 12,73 км² | ||||
Вышыня: | 728 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2011) | |||||
колькасьць: | 193 чал.[2] | ||||
шчыльнасьць: | 15,16 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +421-48 | ||||
Паштовы індэкс: | 974 01 | ||||
NUTS: | 509035 | ||||
Нумарны знак: | BB | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 48°48′29″ пн. ш. 19°7′59″ у. д. / 48.80806° пн. ш. 19.13306° у. д.Каардынаты: 48°48′29″ пн. ш. 19°7′59″ у. д. / 48.80806° пн. ш. 19.13306° у. д. | ||||
Шпанья Даліна | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
www.spaniadolina.sk |
Шпа́нья Далі́на (па-славацку: Špania Dolina, па-нямецку: Herrengrundt, па-вугорску: Úrvölgy, па-лацінску: Valis Dominorum) — вёска і грамада ў раёне Банска Быстрыца Банскабыстрыцкага краю Славаччыны, папулярны турыстычны цэнтар.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Даўняя лацінская назва вёскі Valis Dominorum азначае «Боская даліна». Першая частка славацкай назвы («Špania») паходзіць зь іншага лацінскага слова для «Госпада»: spanatus. Другая частка («Dolina») па-славацку азначае «даліну». Ранейшую нямецкую назву вёскі Herrengrundt цягам стагодзьдзяў выкарыстоўвалі тутэйшыя карпацкія немцы.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вёска знаходзіцца ў цэнтральнай Славаччыне за 14 км на поўнач ад краёвага цэнтру Банска Быстрыца, у даліне ля Старагорскіх Вярхоў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі вёскі знойдзеныя дагістарычныя прылады горнай працы, датаваныя 2000—1700 рокамі да н. э. Медзь з Шпаньяй Даліны таксама сустракаецца ў бронзавых артэфактах з Балканаў і Бліжняга Ўсходу. Гэта сьведчыць пра тое, што тутэйшыя шахты ўваходзілі ў сетку гандлёвых маршрутаў бронзавага веку. Аднак першыя пісьмовыя згадкі пра паселішча датаваныя толькі 1254 рокам.
Багатыя заклады медзі і срэбра былі выяўленыя сьпярша шахтарамі з Банскай Быстрыцы, а пасьля 1494 адной зь першых транснацыянальных карпарацыяў, заснаванай заможнымі родамі Фугераў і Турзонаў. Багаты рэгіён прывабліваў замежных гасьцей. Фугеры зафундавалі тут пабудову альхімічнае лябараторыі Парацэльса.
Выбітны францускі мысьляр Шарль Люі дэ Мантэск’ё наведаў і апісаў медныя шахты ў Шпаньяй Даліне пры садзейнічаньні Ісаака Ньютана.
У 1888 року шахты былі зачыненыя, і ў цяперашні час эканоміка вёскі трымаецца пераважна на турызьме.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па стане на 31 сьнежня 2005 у Шпаньяй Даліне пражывалі 182 чалавекі. Паводле вынікаў перапісу 2001 року 95,3% зь іх славакі, 3% — чэхі[3]. Паводле вызнаньня 82,8% рыма-каталікі, яшчэ 10,7% насельніцтва ня маюць вераваньняў[3].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каталіцкі касьцёл Перамяненьня Панскага, збудаваны на ўзвышэньні над цэнтрам даўняй шахтэрскай асады. Першы касьцёл паўстаў у 1254 року ў гатычным стылі, у 1593 перабудаваны ў рэнэсансным стылі, дадаўся цяперашні нэф з двума бакавымі капліцамі. У 1723 дабудаваная вежа, на якую перанесеныя званы са старой званіцы. Унутранае начыньне барокавае зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. Касьцёл аточаны абаронным мурам 1-й паловы XVI стагодзьдзя, да якога далучаныя суседнія будынкі: даўняя «турэцкая» башта 1644 року, пазьней перабудаваная на жылыя мэты, а таксама будынак даўняй фары — сьпярша позьнерэнэсанснае, сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Да царквы з Рынку вядзе крытая драўляная лесьвіца XVII стагодзьдзя са 162 прыступкамі.
- Драўляныя хаты шахтэраў, цяпер адноўленыя, былі пабудаваныя ў XVII—XVIII стагодзьдзях. Зрубавай канструкцыі, крытыя гонтам, з высокімі комінамі. Часта абмазаныя глінай і пабеленыя. Пастаўленыя на каменных падмурках, з улікам на стромасьць стокаў часта значнай вышыні. Агулам у вёсцы налічваецца 78 такіх будынкаў, якія знаходзяцца пад аховаю дзяржавы.
- Гэтак званая «Стукачка» XVI стагодзьдзя — будынак, што выконваў функцыі адмысловай звонавай вежы, склікаючы шахтэраў на працу.
- Штольні, будаваныя ад канца XV да пачатку XIX стагодзьдзяў. У самым цэнтры разьмешчаная г. зв. Дзённая штольня, якую ў 1764 року адведалі будучыя імпэратары Ёзэф II і Леапольд II.
- Рэшткі акведуку XVI—XVIII стагодзьдзяў, які пастаўляў ваду ажно з-пад Ніжніх Татраў.
- Вялікая, узвышаная над вёскай гара адкідаў з даўняй шахты «Максыміліян», якая дзейнічала ў 1563—1810 роках.
У вакольных лясох знаходзяцца старыя шахты й іншыя тэхнічныя артэфакты. Шпанья Даліна таксама ёсьць цэнтрам пешаходнага, горнароварнага і лыжнага турызму.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Zoznam zvolených starostov obcí, mestských častí a primátorov miest vo voľbách do orgánov samosprávy obcí (славацк.). Inštitút informatiky a štatistiky / Štatistický úrad Slovenskej republiky (28 лістапада 2010). Праверана 25 красавіка 2013 г.
- ^ Počet obyvateľov k 31.12.2011 (славацк.). Štatistický úrad Slovenskej republiky. Праверана 25 красавіка 2013 г.
- ^ а б Municipal Statistics. Statistical Office of the Slovak republic. Праверана 2007-12-05 г. Архіўная копія ад 2007-11-16 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Adamec Vladimír, Jedličková Nora. Slovensko. Turistický lexikon. — Bratislava: Šport, slovenské telovýchovné vydavateľstvo, 1991. — ISBN 80-7096-152-X
- Kiripolský František. Špania Dolina — pamiatková rezervácia ľudovej architektúry // Pamiatky a príroda. — 1979. — № 4. — С. 13—16.
- Špania Dolina // Vlastivedný slovník obcí na Slovensku. — Bratislava: Veda, 1978. — Т. III. — С. 133—134.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шпанья Даліна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная бачына (славацк.) (анг.)