Карпацкія немцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Карпацкія немцы або карпатанемцы (таксама славацкія немцы; па-нямецку: Karpatendeutsche, па-славацку: karpatskí Nemci, па-вугорску: Felvidéki németek) — агульная назва для груп нямецкамоўных меншасьцей у славацкіх землях, а таксама ў суседніх рэгіёнах Закарпацьця (цяпер Украіна). Доўгі час немцы былі адной зь дзьвюх найбуйнейшых этнічных меншасьцей у Славаччыне, нароўні з вугорцамі. Дэкрэты Бэнеша 1945 пазбавілі чэхаславацкіх немцаў грамадзянства, і 85% зь іх даваеннай колькасьці (128 тыс. чал.) былі дэпартаваныя са Славаччыны ў Аўстрыю і Нямеччыну. Астатнія 15% аддалі перавагу славакізацыі дэпартацыі. У адрозьненьне ад чэскіх немцаў, славацкіх моцна закранула мадзьярызацыя ў XIX — пачатку XX стагодзьдзя, паколькі славацкія немцы пражывалі ў вугорскай частцы Аўстра-Вугоршчыны (Трансьляйтанія). Таму ў культурным і моўным пляне яны былі бліжэй да вугорскіх немцаў і трансыльванскіх саксаў, таксама моцна мадзьярызаваных. Цяпер у Славаччыне пражывае ня больш за 6000 немцаў, хоць вугорская меншасьць па-ранейшаму значная і нават пераважае ў некаторых паўднёвых муніцыпалітэтах.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя немцы пасяліліся на ўсходзе Славаччыны даволі рана, ужо ў Х стагодзьдзі нямецкае бюргерства стала прыкметным элемэнтам у жыцьці Браціславы, хоць само паселішча і было заснавана славянамі. Пасьля вугорскага нашэсьця ў XI стагодзьдзі нямецкая экспансія надоўга прытармазілася. Немцы зноў сталі масава засяляць славацкія землі, падпарадкаваныя вугорцам, па запрашэньні вугорскіх фэўдалаў пасьля 1240-х (пасьля татара-мангольскага нашэсьця). Працэс германізацыі Браціславы (нямецкая назва Прэсбург) ізноў прыпыніўся ў 1520-х гадах, калі горад стаў новай сталіцай Вугоршчыны (пад назвай Пожань), паколькі большая частка ўласна вугорскіх земляў была захоплена туркамі.

Наступная хваля мэтанакіраванай германізацыі прыйшлася на ХVII-ХVIII стагодзьдзі, калі разгарнулася актыўная тэрытарыяльная экспансія Аўстрыйскай імпэрыі. У 1850 г., напярэдадні адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформаў у імпэрыі, немцы складалі 75% насельніцтва Прэсбургу, што выклікала незадаволенасьць вугорскага дваранства, якое кантралявала славацкія землі. Пасьля станаўленьня двуадзінай манархіі ўся Славаччына падпарадкавалася Будапэшту, пачалася інтэнсіўная мадзьярызацыя. Этнічныя немцы былі нават у большай ступені, чым славакі, схільныя да добраахвотнай мадзьярызацыі, зьмяняючы свае імёны на вугорскі лад для хуткага прасоўваньня па службовай лесьвіцы ў новых умовах. Немцы-гараджане часьцей рабілі выбар на карысьць высокіх адміністрацыйных пасад і заробкаў. З вугорцамі іх таксама збліжала падазронае стаўленьне да славацкага нацыянальнага руху. Акрамя таго, мадзьярызацыя імя не азначала поўнай адмовы ад нямецкай мовы, якая была другой афіцыйнай у імпэрыі, у адрозьненьне ад славацкай. Эвалюцыя нацыянальнага складу Браціславы ў Аўстра-Вугоршчыне зьяўляецца навочным прыкладам гэтай тэндэнцыі.

  • 1850: немцы (75%), славакі (18%), вугорцы (7.5%) — ацэнка
  • 1880: немцы (68%), славакі (8%), вугорцы (8%), жыды 16%
  • 1910: немцы (41,92%), вугорцы (40,53%), славакі (14,92%)
  • 1919: немцы (36%), славакі (33%), вугорцы (29%); ацэнка пасьля распаду імпэрыі ў 1918.

У 1999—2004 карпацкі немец Рудольф Шусьцер быў прэзыдэнтам Славаччыны.

Геаграфічнае разьмеркаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адрозьненьне ад вугорцаў, славацкія немцы першапачаткова канцэнтраваліся ў гарадох, у першую чаргу Браціславе. Славакі і вугорцы засялілі сельскую мясцовасьць. Таму арэал расьсяленьня немцаў у Славаччыне, у адрозьненьне ад Чэхіі, ніколі ня быў суцэльным. Мадзьярызацыя гарадоў пачалася значна пазьней, у канцы XIX стагодзьдзя. У цэнтральнай і ўсходняй Славаччыне немцы засялілі пагорыстыя і горныя рэгіёны. Менавіта да гэтых груп ужываецца назва «карпацкія».

У славацкіх землях у цэлым традыцыйна вылучалася тры групы анкляваў нямецкага пасяленьня:

  1. Браціслава і яе прыгарады (Прэсбург), якія мяжуюць з Аўстрыяй, а таму хутчэй яна ўяўляе працяг суцэльнага нямецкамоўнага рэгіёну.
  2. Цэнтральна-славацкая група (вобласьці Хаўэрланд у раёне Крэмніцы і Горная Нітра)
  3. Дзьве даволі буйныя групы паселішчаў ва Ўсходняй Славаччыне: Сьпіш і Сьпіскі Град (так званыя сьпіскія саксы)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Каиндль, Р. Ф.: «История Карпатских немцев». Geschichte der Deutschen in den Karpatenländern, 3 zväzky, 1907—1911

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]