Спадар
Спада́р — адна зь ветлівых формаў звароту да мужчыны ў беларускай мове (нароўні з «панам»[1]). Жаночая форма зваротку — спадарыня або спадарычна (да незамужняй), пры звароце да грамады — спадарства.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Яна Станкевіча, слова «спадар» паходзіць ад аднаго з значэньняў слова «гаспадар» пры хуткім вымаўленьні і адпаду пачатковага «га»[2]. У артыкуле ў «Беларускай газэце» ад 15 красавіка 1942 году Ян Станкевіч падаў 7 цытат з старабеларускіх тэкстаў, зь якіх 2 паходзяць з Кітабаў.
У прыватнасьці, вялікалітоўскі паэт Андрэй Рымша пісаў[3]:
Заразъ можешъ познати, иж суть въ дому зацнымъ
Зъдавна славныхъ Сапеговъ. Тые зъ предковъ своихъ
Заквитывали въ цнотахъ, знать во лилияхъ троихъ,
При которыхъ зъ оружъемъ конъный воинъ стоить
Знакомъ того, иж ся зъ нихъ ни одинъ не боить
Служить своим сподаремъ ку кождой потребе,
Не литуючи скарбовъ, ни самого себе.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку мовазнаўцы Аркадзя Жураўскага, сябры-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, слова «спадар» як форма звароту не было вядомае беларусам да часоў нямецкай акупацыі (1941—1944)[4]. Увядзеньне гэтага слова як звароту Жураўскі тлумачыць тым, што беларускія палітычныя дзеячы часоў нямецкай акупацыі жадалі знайсьці замену як «савецкаму» (у іх разуменьні) звароту «таварыш», так і «польскаму» (у іх разуменьні) звароту «пан».
Паводле Аркадзя Жураўскага, выпадкі ўжываньня словаў тыпу «спадар», «аспадар», «аспадарства» ў старабеларускіх тэкстах правільней залічваць да вынікаў перакручваньня ў запісе гукавай структуры словаў «гаспадар» і «гаспадарства». Прытым колькасьць выпадкаў ужываньня правільных формаў адносіцца да колькасьці выпадкаў ужываньня перакручаных формаў як «тысячы да адзінак». Сучасныя спробы абгрунтаваньня гістарычнасьці ўжываньня слова, як напрыклад, у тэкстах Крамко і Лучыц-Федарца, на думку Жураўскага, носяць палітызаваны характар[4].
Зь ліку цытат, прыведзеных Янкам Станкевічам у абгрунтаваньне гісторыі выкарыстаньня слова «спадар» у якасьці ветлівага звароту, на думку Жураўскага, толькі слова «спадарыня» ў Баркулабаўскім летапісе пачатку XVII ст. можна з пэўнай нацяжкай залічыць да ветлівых зваротаў[a].
Замацаванне звароту «спадар» у якасьці афіцыйнага вядомае ў пастанове канфэрэнцыі акруговых і раённых школьных інспэктараў (Менск, 15 — 17 сьнежня 1941 году): «Вучань павінен зварочвацца да настаўніка словамі „спадар настаўнік“». На думку Жураўскага, для насельніцтва зварот аказаўся незразумелым і яно ім не карысталася; і менавіта таму ў «Беларускай газэце» былі надрукаваныя тры непадпісаныя артыкулы пра паходжаннье гэтага слова (15 красавіка 1942, 10 лютага 1943 і 6 траўня 1944 году), аўтарам якіх, на думку Жураўскага, быў Янка Станкевіч[4].
Слова «спадар» з прычыны сваёй зьвязанасьці з калябарацыяй з Трэцім Райхам некалькі дзесяцігодзьдзяў не прымалася часткай паваеннай эміграцыі на чале зь Міколам Абрамчыкам — замест яго ужывалі слова «гаспадар». Разам з тым, ужо ў 1990-я гады слова «спадар» пашырылася і фактычна сталася адзінай формай звароту сярод беларускай эміграцыі[4].
Па распадзе СССР словы «спадар» і «гаспадар» як формы звароту былі вернутыя ў Беларусь, прытым, на думку Жураўскага, першынство ў гэтым належыць філёлягу Аляксандру Баршчэўскаму[4]. Форма «гаспадар», за якую выступаў, між іншым, Адам Мальдзіс, не прыжылася. Пэўная папулярнасьць формы звароту «спадар» (і вытворных ад гэтага) у беларускім грамадзтве, на думку Жураўскага, тлумачыцца палітычнымі матывамі і недастатковым веданьнем гісторыі[4].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Прытым, на думку Жураўскага, у такім выпадку і ўсе тыя словы у клічнай форме, сярод якіх знаходзіцца «спадарыня» («звездухно, зезюлюхно… солнушко, утухно»), таксама можна залічваць у ветлівыя звароты
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Анцэлевіч А. Колькі крокаў ад «девушки» да «паненкі»? // Народная газета. №146, 25 ліпеня 2007.
- ^ Станкевіч Я. Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. — Менск: Навука і тэхніка, 1992. — 77 с. ISBN 5-343-01322-8. [1]
- ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. Бразгунова. — Менск, 2011. — С. 54. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9.
- ^ а б в г д е Жураўскі А. І. Як на Беларусі развяліся «спадары» // Крыніца. № 11—12, 2002. С. 158—175.