Сапрапэль
Сапрапэ́ль (бузы; грэц. σαπρός πηλός — гнілы глей) — глеістыя адкладаньні ў прэсных вадаёмах, якія ўтрымліваюць вялікую колькасьць арганічных рэчываў (лігнева—гумусавы комплекм, вугляводы, бітумы і інш.) у калёідным стане.
Сыры сапрапэль здабываецца пад’ёмнікамі з дна вадаёмаў і праходзіць адмысловую падрыхтоўку — сушэньне альбо грануляваньне. Аднак, асаблівасьці сапрапэлю, як арганічнага кампанэнту арганічных мінэральных угнаеньняў, не дазвалялі выкарыстоўваць ніводны зь вядомых гранулятараў бяз значнай дапрацоўкі канструкцыі. У выніку зьявілілася так званая барабанная сушылка-гранулятар.
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сапрапэль выкарыстоўваецца ў лекавай (фізыётэрапэўтычнай) практыцы для аплікацыяў, ванаў для брудалекаваньня, абгортваньняў, кампрэсаў і масак. Сапрапэлевая гразь здымае раздражненьне скуры, супакойвае нэрвовую сыстэму і паляпшае сон. Перад нанясеньнем сапрапэль разаграюць на вадзяной лазьні да +38—42°C. Прыгатаваньне ажыцьцяўляюць разьвядзеньнем літра вады з 2/3 літра сапрапэля. Дзеяньне гразі грунтуецца на прыліве крыві ў вобласьць нанясеньня. Пры нанясеньні выкарыстоўваюць драўляныя і плястмасавыя лыжкі і лапаткі са шкляным і эмаляваным посудам[1].
У сельскай гаспадарцы сапрапэль ужываюць як угнаеньне (пасьля праветрываньня), асабліва на кіслых і лёгкіх пяшчаных і супяшчаных глебах (доза пад зерневыя культуры складае 30—40 т/га, пад гародніну, бульбу і кармавыя коранеплод — 6—70 т/га), для прыгатаваньне кампостаў. Сапрапэлі, багатыя салямі кальцыю, жалеза, фосфару, без дадаткаў пяску і зь невялікімі дапушчальнымі дадаткамі гліны дадаюць у корм сельскагаспадарчых жывёлаў у якасьці мінэральнай прыкомкі (сьвіньням — да 2 кг, каровам — да 20 кг, курам — па 10—15 грамаў у суткі).
У нафтаздабычы сапрапэль выкарыстоўваюць для вырабу сьвідравальных рашчынаў[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2007 г. сапрапэль здабываўся ў Беларусі на возеры Судобль (Смалявіцкі раён, Менская вобласьць)[3]. На 2011 г. сапрапэлевыя запасы Беларусі налічвалі 4 млрд м³. 70% выведаных запасаў знаходзіліся ў 78 азёрах і на тарфяніках Віцебскай вобласьці[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Аляксандар Пукшанскі. Беларускі сапрапэль па сваіх якасьцях канкуруе з жэньшэнем і муміё // Зьвязда : газэта. — 6 сьнежня 2011. — № 232 (27096). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Ірына Асташкевіч, Алена Даўжанок. Каб разьвівацца, трэба будаваць // Зьвязда : газэта. — 19 траўня 2012. — № 94 (27209)). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Гразі зь вітамінамі // Зьвязда : газэта. — 9 чэрвеня 2007. — № 106 (25971). — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па хіміі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |