Перайсьці да зьместу

Прымаж Трубар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прымаж Трубар
Primož Trubar
Партрэт Прымажа Трубара з вокладкі ягонага Новага Запавету (XVI стагодзьдзе)
Дата нараджэньня 9 чэрвеня 1508
Месца нараджэньня Рашыца, Крайна, Габсбурская манархія
Дата сьмерці 28 чэрвеня 1586 (78 гадоў)
Месца сьмерці Тубінген
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак перакладнік, перакладнік Бібліі, каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, пратэстанцкі багаслоў, пратэстанцкі рэфарматар, пастар
Дзеці Felicijan Trubar[d][1] і Primus Truber[d][1]

Пры́маж Тру́бар (па-славенску: Аўдыё Primož Trubar ; 9 чэрвеня 1508, Рашыца(sl) — 28 чэрвеня 1586, Тубінген) — славенскі першадрукар і дзяяч Рэфармацыі, перакладнік на славенскую мову Бібліі, заснавальнік і першы супэрінтэндант пратэстанцкай царквы ў Славеніі. Яго называюць «славенскім Лютэрам»[2].

Прымаж Трубар нарадзіўся ў Рашыцы[2] (цяпер у грамадзе Вяліке Ляшчэ) ў сям’і заможнага млынара і цесьляра. Навучаўся ў Рыецы, пасьля ў Зальцбургу. Стаў сьвятаром. У 1524 року пазнаёміўся зь біскупам трыесцкім Пятром Банома, вядомым на той час гуманістам. У Трыесьце Прымаж прабыў па 1527 року, пасьля вярнуўся ў Крайну (тагачасная назва Славеніі), дзе атрымаў першы досьвед прапаведніцтва.

У 1528 паступіў у Венскі ўнівэрсытэт; аднак у наступным року навучаньне было перарванае з-за наступу туркаў. У 1530 Прымаж Трубар вярнуўся на радзіму, парафіяльным сьвятаром у мястэчка Ляшка(sl). У 1535 року Трубар прызначаны сьвятаром катэдры ў Любляне. Тут ён усё болей схіляецца да пратэстанцтва. Пэўны час яго не чапаюць дзякуючы падтрымцы біскупа Банома. У 1542 Трубара нават прызначаюць канонікам і прапаведнікам. Аднак люблянскі біскуп з падазрэньнем ставіўся да ягонага вучэньня, таму Прымаж Трубар быў вымушаны пакінуць парафію Сьв. Барталямэя, якою ён загадваў з 1546 року.

У 1547 року за распаўсюд пратэстанцкіх ідэяў Трубар быў высланы з краіны і пераехаў у Нямеччыну. На новым месцы Прымаж Трубар стаў прапаведнікам у Ратэнбургу-над-Таўбэрам, а пасьля парафіяльным сьвятаром Кэмптэна й Ураху каля Тубінгену. Ва Ўраху Трубар адчыніў славенскую друкарню. Тут ён выдаў першую друкаваную славенскую кнігу «Абэцэдар»(en) (1550) і першую перакладную кнігу на славенскую мову — «Катэхізіс»(en) (1551, зь нямецкай).

Тым часам Рэфармацыя моцна ўкаранілася ў Крайне, і ў 1560 року скупшчына(uk) герцагства запрасіла Трубара заняцца кіраваньнем і парадкаваньнем пратэстанцкай царквы сярод славенцаў. Прымаж склаў новы малітоўнік на аснове Вюртэмбэрскага, Нюрнбэрскага ды Мэкленбурскага царкоўных рэглямантаў. Не зважаючы на перашкоды з боку каталіцкай улады, Трубар з двума перапынкамі быў настаяцелем пратэстанцкай царквы ў Крайне да 1565 року, калі эрцгерцаг Карл Габсбург навечна выслаў яго па-за межы сваёй дзяржавы.

Трубар вярнуўся ў Нямеччыну і ў 1566 року пераклаў і надрукаваў славенскаю моваю Псалтыр. Увесь далейшы час прысьвяціў перакладу Новага Запавету. Пераклад быў скончаны ў 1581 року, у 1586 скончыў пераклад «Postilla» Марціна Лютэра. Выдаў таксама славенскія пераклады Аўгсбурскага, Вюртэмбэрскага і Саксонскага вызнаньняў пад назваю «Articuli», гімны і царкоўныя сьпевы.

Памёр сьвятаром у мястэчку Дэрэндынген пад Тубінгенам, дзе й пахаваны.

Помнік Прымажу Трубару ў Любляне скульптара Франца Бэрнэкера. Белы мармур, 1910

У 1986 року Славенскае тэлебачаньне паказала тэлесэрыял, зрэжысаваны Андрэем Строянам паводле сцэнару Драга Янчара, у якім у галоўнай ролі Прымажа Трубара зьняўся Польдэ Бібіч.

Трубар выяўлены на 10-толяравай банкноце[3] ўзору 1992 року, на 1-эўравай славенскай манэце (2007) і на 2-эўравай памятнай манэце (2008)[4][5], выбітай у год сьвяткаваньня 500-й гадавіны нараджэньня Прымажа Трубара[6]. Таксама ў гонар сьвяткаваньня была выдадзеная паштовая марка зь ягонай выявай[7].

У 2009 року высілкамі дабраахвотнікаў быў перавыдадзены Катэхізіс Трубара ў адаптацыі на сучасную славенскую мову з паралельным арыгінальным тэкстам[8].

З 2010 року 8 чэрвеня ў Славеніі адзначаюць як Дзень Прымажа Трубара[9].

  1. ^ а б Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
  2. ^ а б Primož Trubar (слав.). Digitalna knjižnica Slovenije. Праверана 10 траўня 2013 г.
  3. ^ 10 SIT (слав.). Banka SlovenijeПраверана 20 красавіка 2016 г.
  4. ^ Kovanci (слав.). Deželna banka Slovenije. Праверана 20 красавіка 2016 г.
  5. ^ €2 Commemorative Design 2008 (анг.) Slovenia. The Euro Information Website (22 траўня 2008). Праверана 10 траўня 2013 г.
  6. ^ The Year of Trubar 2008 (анг.). Coordinating Committee for State Celebrations, Government of Slovenia. Protocol of the Government of the Republic of Slovenia. Government of the Republic of Slovenia Communication Office. Праверана 7 лютага 2011 г.
  7. ^ Prominent Slovenes (анг.). Pošta Slovenije (22 траўня 2008). Праверана 20 красавіа 2016 г.
  8. ^ First Slovenian Book Available in Modern Slovenian (анг.) // Славенскае інфармацыйнае агенцтва, 23 кастрычніка 2009 г. Праверана 10 траўня 2013 г.
  9. ^ Slovenia Gets Primoz Trubar Day (анг.) // Slovenia Press Agency, 18 чэрвеня 2010 г. Праверана 7 лютага 2011 г.
  • Primus Truber. Der slowenische Reformator und Württemberg, hg. von Sönke Lorenz, Anton Schindling, Wilfried Setzler (Veröffentlichung der Kommission für geschichtliche Landeskunde in Baden-Württemberg), Stuttgart 2011, ISBN 978-3-17-021273-2.
  • Siegfried Raeder, Art. Trubar, Primož, in: Religion in Geschichte und Gegenwart, 4., völlig neu bearb. Aufl., Bd. 8, 2005, 638. ISBN 3-16-146948-8.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]