Перайсьці да зьместу

Прасамадыйская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прасамады́йская прамова — рэканструяваная мова-продак самадыйскіх моваў, у склад якіх уваходзяць ненецкія (тундравая ды лясная), энецкая, нганасанская, селькупская, а таксама вымерлыя камасінская ды маторская мовы. Самадыйскія мовы зьяўляюцца моўнай галіной у складзе ўральскае моўнае сям'і, прасамадыйская мова ў сваю чаргу — мовай-нашчадкам праўральскае мовы.

Вылучылася ў выніку распаду праўральскае мовы, што адбылося паводле розных падлікаў у пэрыяд між VI—III тыс. да н.э.[1][2][3] Прарадзіма самадыйцаў, хутчэй за ўсё, ахоплівала міжрэчча сярэдняй Абі й Енісею (цэнтар заходняе Сыбіры) і, верагодна, распасьціралася ў суседнія рэгіёны, не закранаючы прыпалярныя рэгіёны. Асаблівую важнасьць у выяўленьні прарадзімы самадыйцаў адыгралі рэканструяваныя назвы хваёвых пародаў дрэваў — зыходзячы з архаічнага, спрадвечнага характару назваў гэтых дрэваў мяркуецца, што самадыйцы пражывалі ў рэгіёне з нвяўнасьцю дадзеных дрэваў[4].

Іншай прыкметнай асаблівасьцю зьяўлялася блізкае разьмяшчэньне носьбітаў прасамадыйскае мовы з носьбітамі правугорскае мовы, а таксама цесныя ўзаемныя кантакты зь няроднаснымі няўральскімі мовамі (мангольскімі, енісейскімі, індаэўрапейскімі, тунгуса-маньчжурскімі)[4].

Распалася шляхам адасабленьня прапаўночнасамадыйскае мовы. Гэтаму паслужыла ўзаемнае адасабленьне самадыйцаў або ўварваньне іншых этнічных групаў[4].

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Галосныя:

Для прасамадыйскай мовы рэканструюецца даволі складаная сыстэма галосных гукаў:

Пярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Неагубленыя Агубленыя Неагубленыя Агубленыя
Верхняга
ўздыму
i [i] ü [y] ï [ɯ] u [u]
Сярэдняга
ўздыму
e [e] ö [ø] ë [ɤ] o [o]
Ніжняга
ўздыму
ä [æ] a [ɑ] å [ɒ]
Рэдукаваныя ø̈ [ə̟] ø [ə̠]

Дзьве якасьці галосных на цяперашні момант захаваныя толькі ў нганасанскай мове, што заключаецца ў наяўнасьці адрозьненьня рэдукаваных галосных пярэдняга шэрагу й задняга шэрагу і супрацьпастаўленьні *i ды *e. У астатніх самадыйскіх мовах пасьля зьліцьця *e → *i ды *ø̈ → *ø адбылося павышэньне галоснага *ä у *e[5].

Нягледзячы на вялікую колькасьць галосных гукаў, у прасамадыйскай мове адсутнічалі падоўжаныя галосныя і дыфтонгі. Адной з асаблівасьцяў рэканструяванае сыстэмы галосных зьяўляецца ўзьнікненьне пасьлядоўнасьці галосных, якая заключалася ў папярэдняй пазыцыі любога поўнага галоснага перад рэдукаваным (то бок, скарочаным) галосным /ə/ (напрыклад, *tuə (па-беларуску: «пяро»), *kåəså (па-беларуску: «чалавек»)). Гэтая сыстэма пасьлядоўнасьці не ўтварала дыфтонг зь дзьвюх вышэйадзначаных галосных з прычыны таго, што яны знаходзіліся ў розных складах слова. Сьляды гэтае зьявы захаваліся толькі ў частцы самадыйскіх моваў, перадусім у нганасанскай ды энецкай.

Як і шматлікія ўральскія мовы, прасамадыйская характарызавалася наяўнасьцю гармоніі галосных, якая ў прасамадыйскай мове выражалася падпарадкаваньнем знаходжаньня галосных пярэдняга або задняга шэрагу ў залежнасьці ад іх месца датычна суфіксаў. Між тым, дысгарманічныя словы, якія могуць аднаўляцца ў мове, сьведчаць на карысьць таго, што гармонія галосных у прасамадыйскай мове не зьяўлялася абсалютнай зьявай (напрыклад, *kålä — «рыба»).

  • Зычныя:

У адрозьненьне ад сыстэмы галосных, сыстэма зычных гукаў не была настолькі разнастайнай і зьмяшчала толькі 13 гукаў:

Лябіяльныя
(губныя)
Зубныя Палятальныя Заднеязычныя
(вэлярныя)
Выбухныя p t k
Афрыкаты c
Сыбілянты s
Насавыя m n ń ŋ
Лятэральныя
(бакавыя)
l
Дрыжачыя r
Паўгалосныя w j

Варта адзначыць, што вызначэньне афрыкаты не зьяўляецца канчаткова відавочным; яна, магчыма, першапачаткова зьяўлялася рэтрафлексным [ʈ͡ʂ], а не зубным або альваэалярным [t͡s]. Гэты гук застаўся толькі ў сялькупскай мове, тады як у астатніх адбылося зьліцьцё гэтага гуку з гукам *t.

Як і ў праўральскай, у прасамадыйскай мове не дапускалася ўзьнікненьне клястэраў зычных (то бок, некалькіх зычных гукаў запар), таму слова магло пачынацца максымум з аднаго зычнага; іншым падабенствам з праўральскай была немагчымасьць зьяўленьня зычных *r, *ŋ у пачатку слова. Новай, адрознай рысай было абмежаваньне колькасьці зычных гукаў запар у канцы слова (ва ўсіх іх першы зычны ў канцы слова суседнічаў з *j, напрыклад *wajŋ — «подых»). Разам з гэтым, у словах дапускаліся спалучэньні з двух зычных гукаў у сярэдзіне слова і нават з трох, у выпадку, калі першым з трох зычных зьяўляўся *j (напрыклад, *wajkkə — «шыя»).

На ўзор праўральскае мовы, націск ў прасамадыйскай падаў заўжды на першы склад.

Паляталізацыя зычных, перадусім *k, адсочваецца ва ўсіх занатаваных самадыйскіх мовах. Гэтая зьява ўзьнікла ўжо пасьля існаваньня прасамадыйскае мовы і адлюстроўваецца па-рознаму ў асобных мовах у залежнасьці ад паводзінаў галосных[6]:

  • Ненецка-энецкая падгрупа: паляталізацыя *k, *s у /sʲ/.
  • Нганасанская, сялькупская, камасінская мовы: паляталізацыя *k у /ʃ/, у нганасанскай таксама *s у /sʲ/ .
  • Ненецка-энецкая падгрупа і нганасанская мова: паляталізацыя іншых зычных, што таксама паўплывала на галосныя гукі.

Серад іншых новых узьніклых рысаў адзначаюцца пратэза *ŋ, леніцыя пачатковага *p і фартыцыя паўзычных *w, *j.

  • Зьяўленьне пачатковага /ŋ/ у словах, што пачынаюцца з галосных гукаў, у нганасанскай, ненецкай, энецкай мовах.
  • Леніцыя прасамадыйскага пачатковага *p у /f/ у энецкай, у маторскай ды нганасанскай — у /h/ (/f/, аднак, заўважаецца ў старых сьведчаньнях нганасанскае мовы).
  • Захаваньне пачатковага *w толькі ў ненецкай, у той час як у сялькупскай адбыўся пераход у /kʷ/, а ў іншых — у /b/.
  • Захаваньне пачатковага *j толькі ў ненецкай ды энецкай, тады як у сялькупскай адбыўся пераход /tʲ/, у іншых мовах — у /dʲ/.
  • Пераход /b/, /dʲ/ у насавыя /m/, /nʲ/ перад насавымі гукамі ўнутры слова ў камасінскай ды маторскай.

Прасамадыйская мова зьяўлялася тыповай аглютынацыйнай мовай зь невялікай дзеляй марфаналягічных зьменаў.

Вылучаліся тры лікі: адзіночны, дваісты і множны. Прыналежнасьць выражалася адпаведнымі суфіксамі.

Назоўнікі зьмяняліся па сямі склонах:

  • Назоўны: без канчаткаў
  • Родны: *-n
  • Вінавальны: *-m
  • Мясцовы: *-kə-nå / *-kə-nä
  • Аблятыў: *-kə-t(ə)
  • Давальны: *-kə-
  • Падоўжны: *-mə-nå / *-mə-nä

Дзеяслоў узгадняўся паводле нахіленьня, часу, ліку і асобы.

Большасьць гукаў праўральскае мовы перайшлі нязьменнымі ў прасамадыйскую. Серад зьменаў адзначаюцца[6][7]:

  • Праўральскае *s, ś > прасамадыйскае *t, s.
  • Праўральскае *δ > прасамадыйскае *r.
  • Праўральскае *δ́', а таксама праўральскае *l у большасьці пазыцыяў > прасамадыйскае *j. *l засталося перад праўральскім *ï[8], а таксама ў інтэрвакальнай пазыцыі ў прасамадыйскай.
  • Праўральскае *x > прасамадыйскае *ø (у выпадку пазыцыі гуку перад зычнай)
  • Праўральскае *u > прасамадыйскае *ø (перад каранёвым праўральскім *a)
  • Праўральскае *ï > прасамадыйскае *ë (у закрытых складах)
  • Праўральскае *ü > прасамадыйскае *i. Прасамадыйскае *ü мае другаснае паходжаньне
  • Перадкаранёвае праўральскае *i скарацілася ў прасамадыйскай у *ø̈/ø (гармонія галосных), потым — страцілася (у выпадку, калі не знаходзілася перад клястэрам зычных).
  • Праўральскія *a, o галоўным чынам перайшлі ў прасамадыйскае *å, хоць у многіх выпадках зьяўляецца таксама *a; зьява ёсьць не да канца дасьледжанай.
  • Праўральскі *å у канцы кораню ператварыўся ў прасамадыйскай у *ä у пазыцыі пасьля лятэральных зычных (праўралськае *lабо *δ́; гэта ўказвае на прамежкавую стадыю *ĺ у разьвіцьц апошняга.)
  • Захаваньне *o ў аднаскладовых каранёх.
  • Страта праўральскіх *k, *x, *w, *j між галоснымі ў каранёх тыпу *CVCi, яякія саступілі прасамадыйскім аднаскладовым караням.
  • Страта праўральскага *k і перадзычнага *w у мэдыяльных спалучэньнях зычных.

Прыклады:

  • Праўральскае *äjmä «ігла» > прасамадыйскае *äjmä
  • Праўральскае *kala «рыба» > прасамадыйскае *kålä
  • Праўральскае *muna «яйка» > прасамадыйскае *mønå
  • Праўральскае *weti «вада» > прасамадыйскае *wet
  • Праўральскае *nüδi «ручка» > прасамадыйскае *nir
  • Праўральскае *ïpti «валасы» > прасамадыйскае *ëptø
  • Праўральскае *täwði «поўны» > прасамадыйскае *tärø̈
  • Праўральскае *mośki- «поўны» > прасамадыйскае *måsø-
  • Праўральскае *suksi «лыжы» > прасамадыйскае *tutø
  • Праўральскае *ńïxli «страла» > прасамадыйскае *ńëøj
  • Праўральскае *käxli «мова» > прасамадыйскае *käøj
  • Janhunen, Juha 1998. Samoyedic. In: Daniel Abondolo (ed.), The Uralic Languages, pp. 457–479. London / New York: Routledge.
  1. ^ Хайду П. Уральские языки // Языки мира. Уральские языки. — М.: Наука, 1993. — С. 8. — ISBN 5-02-011069-8
  2. ^ Напольских В. В. Введение в историческую уралистику. — Ижевск: УИИЯЛ УрО РАН, 1997. — С. 125. — ISBN 5-7691-0671-9
  3. ^ Janhunen J. 68 // Proto-Uralic — what, where, and when?. — The Quasquicentennial of the Finno-Ugrian Society. — 2009 Т. 258. — ISBN 978-9-5256-6711-0, ISBN 978-952-5667-12-7
  4. ^ а б в Хелимский Е. А. Самодийская лингвистическая реконструкция и праистория самодийцев. — М.: 2000. — С. 13-25. — (Компаративистика, уралистика: Лекции и статьи).
  5. ^ Helimski, Eugen: The 13th Proto-Samoyedic vowel - In: Mikola-konferencia 2004. Szeged: SzTE Department of Finnougristics, 2005. 27-39.
  6. ^ а б Sammallahti, Pekka Historical phonology of the Uralic languages, with special reference to Samoyed, Ugric, and Permic // The Uralic Languages: Description, History and Foreign Influences / Denis Sinor. — Leiden: Brill, 1988. — С. 478-554.
  7. ^ Aikio, Ante 57 // New and Old Samoyed etymologies. — Finnisch-Ugrische Forschungen. — 2002. — ISBN ISSN: 0355-1253
  8. ^ Michalove, Peter A 89 // The treatment of initial *l- in Proto-Samoyed. — Journal de la Société Finno-Ougrienne. — 1999. — ISBN ISSN: 0355-0214
  • Janhunen, Juha (1977). Samojedischer Wortschatz: Gemeinsamojedische Etymologien. Castreanumin toimitteita 17. Helsinki. ISBN 951-45-1161-1. ISSN 0355-0141.