Мацуо Басё
Мацуо Басё | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1644[1][2][3][…] |
Памёр | 28 лістапада 1694[4][5] |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, пісьменьнік |
Жанр | хайкай[d] |
Мова | японская мова[6] |
Мацуо́ Басё (па-японску: 松尾芭蕉 ці Matsuo Bashō; 1644 — 28 лістапада 1694) — японскі паэт. Найбольш вядомы дзякуючы сваім хайку. «Мацуо» — прозьвішча, але яго звычайна завуць проста «Басё». Слова «басё» азначае «бананавае дрэва». Паэт узяў такі псэўданім, бо аднойчы вучань падараваў яму гэтую расьліну. Басё пасадзіў дрэва ля свайго дома, але клімат быў дужа халодны, каб яно давала плады.
Басё нарадзіўся ў правінцыі Іга каля места Кіёта ў сям’і самурая і сам быў самураем. Калі яго гаспадар памёр у 1666 годзе, Басё вырашыў не працягваць службу, а стаць пісьменьнікам. Першыя публікацыі былі ў Кіёта ў 1664 годзе. Ён вывучаў літаратуру і каліграфію. Празь некалькі гадоў паэт пераехаў у Эда (тагачасная назва Токіё). У 1676 годзе ён быў прызнаны майстрам хайку. Утварылася кола ягоных вучняў, пасьлядоўнікаў. Яны й пабудавалі ў 1680 годзе яму першую хаціну. Частку свайго жыцьця пражыў у хацінах, назіраў за прыродай.
Ён шмат вандраваў пешшу, свае падарожныя нататкі запісваў у дзёньнікі, якія складаліся зь вершаў, яго мастацкіх тэорыяў і разважаньняў. Ягоная кніга «Сьцежка праз глыбокую поўнач» (яп. 奥の細道), напісаная ў 1694 годзе, зьяўляецца прыкладам гэтага. У кнізе пасярод празаічных апісаньняў прыроды тых мясьцін, дзе ён вандраваў, устаўленыя хайку, празь якія ён цяпер сусьветна вядомы.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мацуо Басё нарадзіўся ў 1644 годзе ў навакольлях Ўэна, правінцыі Іга. Ягоны бацька Мацуо Ёдзаэмон паводле нараджэньня быў самураем, але ў мірны час выкладаў каліграфію. Акрамя Басё, у сям’і было пяцёра дзяцей, у тым ліку старэйшы брат паэта Мацуо Хандзаэмон. Пасьля сьмерці бацькі ў 1656 годзе апошні стаў на чале сям’і[7]. Мацуо быў трэцім, паводле зьвестак, дзіцяці, і быў названы Кінсаку пры нараджэньні, але, паводле японскае традыцыі, ягонае імя неаднаразова зьмянялася, пакуль у 20-гадовым узросьце яму не далі сталае імя Мунэфуса. Бацька і старэйшы брат паэта навучаліся каліграфіі на падворках больш заможных самураяў, таму юнак Мацуо спачатку атрымаў якасную хатнюю адукацыю. Мацуо вывучаў кітайскую і японскую клясычную літаратуру, каліграфію і звычайныя практыкі.
Юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1653 годзе маленькі Мацуо стаў паслугоўваць Тода Ёсітада, які быў сынам сюзэрэнам Тода Ёсікіё, камандзіра самурайскіх частак дывізіі Цу, які меў штогадовы прыбытак у 5000 коку рысу. Басё праводзіў шмат часу са сваім гаспадаром, які быў толькі на 2 гады старэйшы за яго. Хлопцы хутка пасябравалі і разам захапляліся паэзіяй. Ёсітада меў магчымасьць браць урокі ў лепшых настаўнікаў і паэтаў таго часу, і сваімі ведамі ён ахвотна дзяліўся зь сябрам. Гэтак яны захапіліся хайку ад вядомага майстра слова Кітамуры Кігіна, прадстаўніка паэтычнае школы тэйман[7].
Дзінсітыра, разам са сваім другім сюзэрэнам Тода Ёсітада, які абраў псэўданім Сэнгін, звычайна практыкаваліся ў вершаскладаньні, ствараючы ў той час модны стыль. Малады чалавек быў адзначаны мясцовым паэтам Агіна Ансэй, які апублікаваў у 1662 годзе некалькі іхных твораў у анталёгіі «Саёна Накая-Масю»[7], якая была першай публікацыяй Басё ў 18-гадовым узросьце. Менавіта тады ён узяў літаратурнае імя Мунэфуса[8].
Праз год Ёсітада і Мунэфуса ўдзельнічалі ў складаньні калектыўнай паэмы, на сто строфаў разам зь лепшымі паэтамі правінцыі Іга. Ачоліў гэтую групу аўтараў знакаміты Кітамуры Кігін, які зьяўляўся вядомым японскім паэтам і гісторыкам гісторыі японскае культуры. Такім чынам, пачатак паэтычнай кар’еры абодвух сяброў склаўся вельмі пасьпяхова. Але ў траўні 1666 году адбылося нечаканае, то бок Тода Ёсітада памёр ад хваробы. Такім чынам, Басё страціў сябра, калегу і ўплывовага заступніка, які мог бы дапамагчы яму ў далейшай кар’еры. Басё быў вымушаны вярнуцца ў свой дом, дзе некаторы час жыў са старэйшым братам[7].
Пераезд у сталіцу Кіёта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ з 1664 году Мунэфуса і Сэнгін наведвалі Кіёта, каб навучацца ў мясцовых настаўнікаў і майстроў слова. Гэтак, разьвітваючыся зь сям’ёй Тода Ёсітады, у 1666 годзе ён паехаў да настаўніка ў Кіёта. Там, пад апекай Кітамуры Кігіна, Басё вывучаў японскую клясычную літаратуру і ўдасканальваў сваё паэтычнае майстэрства. Ён таксама пазнаёміўся з кітайскай паэзіяй, асабліва з паэзіяй эпохі Тан. Тут ягоным настаўнікам быў пасьлядоўнік канфуцыянцтва Іта Таньян.
У трэцяй чвэрці ХVII стагодзьдзя, калі Басё пачаў сваю паэтычную кар’еру, у Японіі існавалі дзьве школы хайку: тэйман, якую заснаваў Мацунага Тэйтоку, і данрын на чале зь Нісіяма Сойнам. Прыхільнікі тэйманскай школы стыль сваіх вершаў называлі кофу («старажытны стыль»), паэты данрыну прапаведвалі зусім супрацьлеглую манеру — арэндатору (літаральна «у галяндзкім духу», гэта значыць па-іншаму). На практыцы гэта выявілася ў тым, што прыхільнікі тэйману, выбіраючы тэмы, арыентуючыся на клясычную паэзію, вельмі асьцярожна і ўмела ўводзілі ў свае вершы «непаэтычную», гумарыстычную лексыку і, такім чынам, проста імкнуліся пашырыць традыцыйны паэтычны канон. Прыхільнікаў школы данрын таксама можна назваць змагарамі з усімі папярэднімі канонамі. Яны былі экспэрымэнтатарамі і паводле тэмаў, і паводле лексыцы, і нават паводле форме, то бок колькасьць складоў у іхных хоку часьцяком значна перавышала лічбу 17. Некаторыя рысы новага стылю, які потым будзе называцца сёфу («сапраўдны стыль»), пачалі зьяўляцца ў творах паэтаў, якія фармальна належалі да школаў тэйман ці данрын, але Басё зрабіў найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё новага стылю.
Спачатку, жывучы ва Ўэна і Кіёта, Басё зьяўляўся прыхільнікам «старога стылю» школы тэйман. Гэта зьвязана, па-першае, з тым, што горад Кіёта, старажытная сталіца Японіі, быў апорай гэтай школы, па-другое, тым, што ейная альтэрнатыўная школа данрын у 60-х гадох XVII стагодзьдзя толькі нарадзілася і прыблізна нейкая канкурэнцыя ўсё яшчэ не мала месца на той час. Мацуо пражыў у Кіёта наступныя шэсьць гадоў і апублікаваў вершы ў некалькіх альманахах. Вядома пра публікацыю дзьвюх ягоных вершаў у зборніку Каёі («Гульня ў ракавінкі») і камэнтары да 58 вершаў іншых паэтаў гэтага зборніку.
Перасяленьне ў новую сталіцу Эда
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увесну 1672 году сёгун запрасіў Кігіна ў Эда (сёньня гэта горад Токіё), Басё пераехаў у сталіцу разам са сваім настаўнікам. Пасьля пераезду ў Эда. Басё паступіў на дзяржаўную службу, атрымаўшы адказнасьць за будаўніцтва аб’ектаў водазабесьпячэньня ў горадзе Сэкігуці, у акрузе Койсікава ў Эда. Але, працуючы, Басё працягваў вывучаць клясыку, пісаць вершы і паступова адышоў ад школы тэймана. Яго больш прыцягваў стыль новага кірунку. Менавіта тут, у Эда, гэты кірунак быў названы ў 1675 годзе данрын і стаў папулярнай паэтычнай школай са шматлікімі прыхільнікамі. Некаторы час да ліку прыхільнікаў данрыну таксама ўваходзіў Басё, але ён ніколі не зьвяртаўся да ўскрайнасьцяў гэтага стылю, як, напрыклад, Іхара Сайкаку, пазьней вядомы празаік. Больш за тое, калі канкурэнцыя паміж тэйман і данрын толькі набірала хаду, Басё ўжо зразумеў абмежаванасьць, аднабаковасьць абедзьвюх школаў. Гэта можна праілюстраваць, здавалася б, нязначным фактам, то бок у 1674 годзе, менавіта ў пэрыяд спрэчак паміж «старымі пісьменьнікамі» і «новымі галяндцамі», Басё абраў псэўданім Тасэй.
Жыцьцё чыноўнікам было невыносным для паэта, і, апантаны вершамі, ён пакінуў афіцыйную руціну і станоўся настаўнікам паэзіі. У далейшым Тасэй стварыў уласную школу хайкай. У ейны склад паступова ўваходзілі шматлікія вучні і пасьлядоўнікі, як то Дзёсо, Кёрай, Кікаку, Рансэцу, Сампу, Сіко ды іншыя. Праз захапленьне кітайскай культурай і філязофіяй Басё грунтоўна вывучаў дзэн-будызм у 1680 годзе пад апекай манаха Буцё Осё.
Настаўнік хайку Тасэй стаў прыхільнікам і вядучым папярэднікам паэтычнай школы данрын. Колькасьць ягоных вучняў, многія зь якіх пазьней сталі вядомымі, павялічвалася. З кожнай публікацыяй ягоная слава расла. Адзін зь ягоных сяброў і пасьлядоўнікаў, Сугіяма Сампу, заможны дастаўнік рыбы да двору сёгуна, падараваў хатку свайму настаўніку, якая месьцілася на левым беразе ракі Суміда ў акрузе Фукагава. Тут, у садзе, Тасэй пасадзіў бананавае дрэва, і студэнты пачалі называць ягоную хатку «Басо-ан» («прыстанак з бананавага лісьця»). Пасьля гэтага паэт прыняў імя Басё, пад якім ён найбольш вядомы на сёньня.
Падарожжы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1684 году ў суправаджэньні свайго вучня Тыры, у сорак гадоў, Мацуо Басё пачынае сваё першае падарожжа. У гэты час падарожнічаць па Японіі было вельмі складана, бо шматлікія кантрольна-прапускныя пункты і бясконцыя праверкі пашпарту непакоілі вандроўнікаў увесь час, але дбайнасьць Басё і ягоныя вядомасьць спрыялі пераадоленьню гэтых перашкодаў. Паводле легенды, ягоная вопратка складалася зь вялікага плецены капялюша, які звычайна насілі сьвятары, і сьветла-карычневы баваўняны плашч, на шыі вісеў мяшок, а ў руцэ быў вожаг. У сумцы былі дзьве-тры кітайскія і японскія хрэстаматыі, флейта і малюсенькі драўляны гонг[9].
Пасьля доўгага падарожжа па галоўнаму тракт Такайда, Басё і ягоны таварыш прыбылі ў правінцыю Ісэ, дзе пакланіліся легендарнаму комплексу храмаў Ісэ-дайдзінг, прысьвечанаму сынтаістычнай багіні Сонца Аматэрасу Амікамі. У верасьні яны апынуліся на радзіме Басё, ва Ўэда, дзе паэт пабачыў брата і даведаўся пра сьмерць бацькоў. Затым Тыры вярнуўся дадому, а Басё, падарожнічаючы па правінцыях Ямата, Міно і Авары, вярнуўся ва Ўэна, каб сустрэць там новы год. Затым ён зноў адправіўся пешшу праз правінцыі Ямата, Ямасіра, Омі, Авары і Кай, а ў красавіку вярнуўся ў сваю бананавую хатку. Падарожжа Басё, акрамя пазнавальнасьці, служыла таксама распаўсюджваньню ягонага паэтычнага стылю, бо паэты і арыстакраты ўсюды запрашалі яго наведаць іхнае жытло.
Знаходзячыся ў сталай трывозе, ён напісаў аднаму знаёмаму, што ён хвалюецца за іншых і яму няма спакою[10]. Таму ён адправіўся ў сваё самае доўгае пажарожжа зь вучнем Сора, якое распачалоса ў сакавіку 1689 году і доўжылася цягам сташасьцідзесяці дзён. Вярнуўшыся да Эда ўзімку 1691 году, Басё пасяліўся ў сваёй трэцяй «бананавай хаце», таксама пабудаванай пры ўдзеле сваіх студэнтаў. Аднак на гэты раз ён жыў у ёй не адзін, а разам з пляменьнікам і сваёй дзяўчынай. У 1691 годзе ён ненадоўга пераехаў у Кіёта. Праз тры гады ён зноў наведаў родны край, а потым прыехаў у Осаку. Стары паэт спадзяваўся працягнуць свае падарожжы далей на поўнач, дзе жыве айны, каб пабачыць усю Японію.
Сьмерць паэта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошнія дні Мацуо Басё былі трагічнымі. У 1694 годзе ён у апошні раз наведаў родную зямлю і вярнуўся ў Осаку, дзе 2 верасьня ён стаў госьцем у маёнтку пані Сона, якая правёла цудоўны прыём у ягоны гонар. Паэт, маючы вельмі дрэннае здароўе, доўгі час пакутаваў ад стрававальных расстройстваў. Гэты абед стаў для яго фатальным, хвароба абгастрылася[11].
Басё не хацеў, каб яго лічыў чужы лекара, і даверыў свой лёс студэнту Макусэцу з Оса. Але ён ужо быў нямоглы дапамагчы настаўніку і настойваў на запрашэньні лекара. Басё наадрэз адмовіўся. Вестка пра хваробу настаўніка хутка распаўсюдзілася, і натоўпы ягоных прыхільнікаў сьцякаліся ў дом Нідзаэмона, уладальніка кветкавай крамы, дзе ў адным з пакояў ляжаў паміраючы паэт. Найбольш блізкія сябры-вучні ахоўвалі спакой Басё і нікога не пускалі да яго, выказваючы вялікую ўдзячнасьць за ўвагу[12]. У кастрычніку паэт сканаў.
Уплыў і крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Замест таго, каб прытрымлівацца формулаў кіга (яп. 季語), якія застаюцца папулярнымі ў Японіі нават і сёньня, Басё імкнуўся адлюстраваць свой сьветапогляд і эмоцыі ў хайку. Нават пры ягоным жыцьці, стыль ягонай паэзіі атрымаў шырокае прызнаньне, а пасьля ягонай сьмерці, ён толькі павялічыўся. Некаторыя зь ягоных вучняў скампілявалі цытаты Басё ад ягонай уласнай паэзіі, у першую гэта Мукаі Кёрай і Хаторы Доха.
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На беларускую мову Басё перакладалі Лявон Баршчэўскі, Алесь Разанаў, Макс Шчур. У 2018 годзе выйшаў зборнік «Выбраныя хайку» ў перакладзе Разанава.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Краткая литературная энциклопедия (рас.) — Москва: Советская энциклопедия, 1962.
- ^ (not translated to mul) Bashō Matsuo // Праект „Гутэнбэрг“ (мн.) — Project Gutenberg Literary Archive Foundation, 1971.
- ^ Swartz A. Bashō Matsuo // Open Library (анг.) — 2007.
- ^ Bashô Matsuo // Babelio (фр.) — 2007.
- ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ Matsuo Basho, 1644-1694 // CONOR.SI
- ^ а б в г Мацуо Басьо // «Енциклопедія Ніппоніка»: в 26 т. 2-е видання. — Токіо: Сьоґаккан, 1994—1997.
- ^ «Басі (сьогодення ім'я: Мацуо Мунефуса) — японський поет». Киевская городская библиотека.
- ^ «Биография Мацуо Басё». Студенческая библиотека онлайн.
- ^ Ueda 1992. С. 348.
- ^ Ueda 1992. С. 34.
- ^ «Поэтические странствия Мацуо Басё». Проза.ру.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ueda, Makoto Bashō and His Interpreters: Selected Hokku with Commentary. — Stanford, CA: Stanford University Press, 1992. — ISBN 0-8047-1916-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Басё. Хоку (у перакладзе Алеся Разанава)
- Мацуо Басё у перакладзе Макса Шчура