Люблянская біржа
Каардынаты: 46°3′22″ пн. ш. 14°30′23″ у. д. / 46.05611° пн. ш. 14.50639° у. д.
«Люблянская біржа» | |
славен. Ljubljanska borza | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Любляна, Славенія |
Заснаваная | 26 сьнежня 1989 (34 гады таму) |
Уладар | «Заграбская біржа» (Харватыя) |
Ключавыя асобы | Алеш Іпавец[1], Івана Гажыч[2] |
Валюта | эўра |
Колькасьць лістынгаў | 27 (2021 год)[3] |
РынКап | ▼6,919 млрд эўра (канец 2020 г.) |
Аб'ём | ▲378,4 млн эўра (2020 год)[4] |
Індэксы | «СБІ Топ» |
Сайт | ljse.si |
«Любля́нская бі́ржа» — фондавая біржа Славеніі, заснаваная ў сьнежні 1989 году.
На 2021 год месьцілася ў Любляне на Славенскай дарозе, д. 56 і налічвала 13 супрацоўнікаў. Яе капітал пайшчыкаў складаў 1,4 млн эўра[5]. Біржа працавала з панядзелка па пятніцу ад 8:00 да 16:00[6]. Зьяўлялася акцыянэрным таварыствам пад поўнай назвай «Люблянская біржа каштоўных папераў»[7].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сход. Склікаецца штогод зь ліку пайшчыкаў цягам 8 месяцаў пасьля сканчэньня фінансавага году. Выбірае Назіральную раду і аўдытара. Вызначае прыбытак для разьмеркаваньня.
- Назіральная рада. Прызначаецца на 4 гады. Складаецца з 3—5 асобаў. Прызначае Ўправу. Правярае справаводзтва біржы. Зацьвярджае выплату прамежкавых дывідэндаў.
- Управа. Абіраецца на 5 гадоў. Складаецца з 2—3 асобаў на чале са старшынёй. Складае штогадовую справаздачу цягам 3-х месяцаў па сканчэньні фінансавага году. Прызначае склад Рады выдаўцоў і Рады біржавых сябраў. Ажыцьцяўляе стратэгію разьвіцьця паводле рашэньняў Назіральнай рады. Вызначае правілы наконт гандлю і разьмяшчэньня каштоўных папераў.
- Рада выдаўцоў. Прызначаецца на 3 гады. Складаецца зь 5—8 асобаў. Адсочвае празрыстасьць дзейнасьці і раскрыцьцё зьвестак.
- Рада біржавых сябраў. Прызначаецца на 3 гады. Складаецца зь 5—8 асобаў. Адсочвае гандлёвыя разьлікі і фінансавыя прылады[7].
Рынкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Люблянская біржа» ўлучала 2 гандлёвыя пляцоўкі — арганізаваны рынак і шматбаковую сыстэму гандлю (ШСГ) «Энтэр»[8]. Арганізаваны рынак біржы складаўся з 3-х сэгмэнтаў: 1) паёў першай і звычайнай расцэнкі; 2) аблігацыяў, у тым ліку дзяржаўных вэксаляў і камэрцыйных папераў; 3) структураваных прадуктаў, такіх як акцыі ўкладальніцкіх таварыстваў, укладальніцкія купоны, пасьведчаньні, закупныя боны і правы[9]. Для ўдзелу ў сэгмэнце паёў першай расцэнкі патрабавалася: правераныя справаздачы за 3 гады, капітал вартасьцю 10 млн эўра і 25 % паёў у вольным абарачэньні[10]. Да першай расцэнкі належалі паі 10 прадпрыемстваў, да звычайнай — 17[11]. Прадпрыемствамі першаснай расцэнкі былі: «Цынкарня Цэле» (Цэле, Савінскі рэгіён), «Інтэрэўропа» (Копэр, Прыбярэжна-Карставы рэгіён), «Кэрка» (Нова мэста, Паўднёва-Ўсходняя Славенія), «Копэрскі порт», «Мэркатор», «Новы Люблянскі банк», «Пэтрол», «Перастрахавальніца Сава», «Страхавальніца Трыглаў» і «Тэлекам Славеніі»[12]. Усе 10 прадпрыемстваў 1-й расцэнкі складалі біржавы індэкс «СБІ Топ»[13].
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 20201 год рынкаўтваральнік]]ам (пастаўніком ліквіднасьці) «Люблянская біржа» выступала ТАА «Інтэркапітал»[14]. Таксама ўдзельнікамі біржы былі яшчэ 8 прадпрыемстваў, у тым ліку 3 замежныя: «Банк Карынтыі і Штырыі», «Жыльлёва-камунальны банк», «Ілірыка», «Новы крэдытны банк Марыбору» (Марыбор, Падраўскі рэгіён), «Новы Люблянскі банк», «Райфайзэн Цэнтрабанк» (Аўстрыя), «Ўуд і кампанія» (Чэхія) і «Эрст Банк» (Аўстрыя)[15].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 жніўня 1923 году Драгоцін Хрыбар склікаў 1-ы сход «Люблянскай біржы» ў будынку на Кангрэсавай плошчы. 16 жніўня 1924 году біржа запрацавала, пасьля чаго праз 2 дні заключылі першыя зьдзелкі. Пры адкрыцьці гандлявалі 27 каштоўнымі паперамі, большасьць якіх склалі дзяржаўныя аблігацыі. Рэшту склалі каштоўныя паперы банкаў і заводаў, такіх як: «Піваварны зьвяз», «Гасьцінічна-будынкавы зьвяз», «Тэкстыльня Кочаўя», капялюшнікі «Шэшыр-Скофья-Лока», «Азотны завод Рушэ», «Злучаныя паперніцы», «Краньскае прамысловае таварыства Есэніцаў» і «Трбоўльскае вуглякопнае таварыства Любляны». Першапачаткова гандлявалі каштоўнымі паперамі, а таксама драўнінай і збожжам. У 1927 годзе дазволілі гандаль валютай, які склаў 93 % абарачэньня біржы. У 1930 годзе біржу перанесьлі на вуліцу Грыгорчычава, д. 27, дзе быў Купецкі дом. У 1942 годзе біржа спыніла гандаль[16].
26 сьнежня 1989 году было заснаванае акцыянэрнае таварыства «Люблянская біржа». 29 сакавіка 1990 году на 1-м паседжаньні біржы 14 пасярэднікаў гандлявалі 11 каштоўнымі паперамі. У 1993 годзе біржа пераехала на сучасны адрас у Любляне па Славенскай дарозе, д. 56. Пры гэтым, на біржы ўвялі сыстэму электроннага гандлю «БІС». 14 сьнежня 1995 году брокеры сабраліся на біржавой пляцоўцы апошні раз, пасьля чаго гандаль стаў выключна электронным. 8 студзеня 1996 году Цэнтральнае клірынгава-дэпазытарнае таварыства пачало расцэнку 1-х нематэрыяльных акцыяў на біржы, якія належалі АТ «Калінскае». У 1999 годзе набыў моц Закон «Аб нематэрыяльных каштоўных паперах», паводле якога іх сталі выпускаць толькі ў электронным выглядзе. Таксама ў 1999 годзе сыстэму гандлю перанесьлі на «БГС». Зь 2000 году «Люблянская біржа» пачала вылічваць біржавыя індэксы, у тым ліку галоўны «СБІ 20». У 2002 годзе запрацавала электронная сыстэма апавяшчэньня «СЕОнэт». У 2006 годзе індэкс «СБІ Топ» дасягнуў сваёй найвышэйшай вартасьці ў 1506,88 пунктаў, а біржавы гандаль дасягнуў найбольшага памеру ў сувязі з прыватызацыяй прадпрыемстваў. 3 студзеня 2007 годзе пачалі гандляваць у эўра[16].
У 2008 годзе «Венская біржа» (Аўстрыя) заключыла пагадненьне аб набыцьці 81,01 % паёў «Люблянскай біржы». У выніку зь 2009 году «Люблянская біржа» ўвайшла ў холдынг фондавых біржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у складзе якога былі «Будапэшцкая фондавая біржа» (Вугоршчына) і «Праская біржа каштоўных папераў» (Чэхія). У 2010 годзе «Люблянская біржа» перайшла на гандлёвую сыстэму «Ксэтра», якой кіравала «Франкфурцкая біржа каштоўных папераў» (зямля Гэсэн, Нямеччына). 30 сьнежня 2015 году «Заграбская біржа» (Харватыя) набыла 100 % паёў «Люблянскай біржы». 8 сьнежня 2016 году «Люблянская біржа» далучылася да гандлёвай плятформы «Повязь ЦУЭ». Зь 2017 году біржа стала кіраваць пляцоўкай рынку «Сі Энтэр», на якой у 2018-м утварылі разьдзел «Прагрэс» для малых прадпрыемстваў[16]. У 2019 годзе выручка біржы скарацілася да 1,409 млн эўра, а прыбытак — да 22 тыс. эўра[17]. Па выніках 2020 году на біржы мелі ход каштоўныя паперы на 40,8 млрд эўра, зь іх 33 млрд эўра (80,7 %) складалі аблігацыі, 918 млн эўра — дзяржаўныя аблігацыі і 25 млн эўра — камэрцыйныя паперы. Паі прадпрыемстваў мелі капіталізацыю 6,919 млрд эўра (16,9 %), зь іх 6,258 млрд эўра (90,4 %) прыпадала на 10 прадпрыемстваў 1-й расцэнкі[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Управа (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Назіральная рада (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Фінансавыя прылады (паі) (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ а б Статыстычная справаздача за 2020 год (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Пра нас (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Кантакт (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ а б Статут (слав.) // «Люблянская біржа», 13 чэрвеня 2019 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Месцы гандлю (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Сэгмэнты біржавога гандлю (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Умовы лістынгу (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Сьпіс цэнаў (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Першая расцэнка (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ «СБІ Топ» (склад) (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Сьпіс пастаўнікоў ліквіднасьці (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Сьпіс біржавых сябраў (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ а б в Кантакт (слав.) // «Люблянская біржа», 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
- ^ Алеш Іпавец. Справаздача за 2019 год (слав.) // «Люблянская біржа», 10 красавіка 2020 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Правілы біржы і іншае заканадаўства (слав.) // «Люблянская біржа», 9 студзеня 2021 г. Праверана 10 красавіка 2021 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |