Перайсьці да зьместу

Зьміцер Прышчэпаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьміцер Прышчэпаў
Сьцяг БССР, 1919 намесьнік старшыні Дзяржпляну БССР
1929 — верасень 1929
Сьцяг БССР, 1919 наркам земляробства БССР
сьнежань 1924 — 1929
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 21 лістапада 1896(1896-11-21)
Памёр: 31 студзеня 1940(1940-01-31) (43 гады)
Партыя: КПБ
Вокладка працы Зьмітра Прышчэпава
«Сельская гаспадарка
і сялянка». 1926

Зьміцер Філімонавіч Прышчэпаў (21 лістапада 1896, в. Калодніца, цяпер Крупскі раён — 31 студзеня 1940, Менск) — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч БССР.

Здаў экстэрнам іспыты на званьне народнага настаўніка. У 1915-м быў мабілізаваны на вайсковую службу ў царскую армію. Прайшоўшы паскораны курс навучаньня ў Віленскай вайсковай вучэльні, быў прапаршчыкам, потым — камандзірам роты 698-га Шыргародзкага палка. Пасьля рэвалюцыі салдаты абралі яго сваім палкавым камандзірам. У 1918 годзе ўзначальваў антыбальшавіцкае паўстаньне ў Сяньне[1].

Ад імя губвыканкаму падпісаў у 1924-м акт пра вяртаньне Віцебскай губэрні (адарванай бальшавікамі ад Беларусі ўзімку 1919-га) у склад БССР[2]. У 1924—1929 — наркам земляробства БССР. Прыхільнік ідэі «хутарызацыі» і абароны моцных сялянскіх гаспадарак пры абмежаваньні калгаснага ладу. З 1926 году пачаў выдаваць свае працы выключна на беларускай мове.

У верасьні 1929 арыштаваны па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, але паўжывога яго выцягнулі зь пятлі, каб засудзіць на 10 гадоў лягераў. Пазьней справа Адамовіча, Прышчэпава, Баліцкага і Ігнатоўскага была выдзеленая ў асобнае справаводзтва. 18 траўня 1931 году прысуджаныя да 10 гадоў пазбаўленьня волі. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Зьмітра Прышчэпава прадугледжвалася «спальваць»[3]. У чэрвені 1937-га Прышчэпава выпусьцілі на волю, але праз 2 месяцы ізноў арыштавалі ў Магадане. У 1939 яго вярнулі ў БССР, асудзілі паўторна і прыгаварылі да расстрэлу па этапу, дзе ён не дачакаўся выкананьня сьмяротнага прысуду — памёр у турэмным шпіталі[4].

  • Мяснікоў, Анатоль Фёдаравіч. Айчыны верныя сыны : Гіст. нарысы. — Мн. : Дзярж. прадпрыемства «Дом прэсы», 1997. — 95 с — (Бібліятэка часопіса «Маладосць»; 5 (107)).
  • Бусько В. Н. Прышчэпаў З. Сельская гаспадарка і сялянка // Реферат в сб.: «Научно-реферативный бюллетень». Мн.: БелНИИНТИ, 1989. № 97. С.136-140.
  • Калупаеў (Акуліч) У. А. Забыты рэнесанс. Беларуская эканамічная школа 1920-х г. // Arche. — 2005. — №2. С. 129—138.
  • Алег Дзьячкоў. Беларускія эканамісты Зьміцер Прышчэпаў і Ян Кісьлякоў па дакумэнтах Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласьці // Гісторыя Магілёва : мінулае і сучаснасьць : зборнік прац Х міжнар. навук. канф. 25-26 траўня 2017 г., Магілёў / уклад. Аляксей Бацюкоў, Ігар Пушкін. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт харчаваньня, 2017. — 482 с. — ISBN 978-985-6985-85-3
  • Акшевский, Игорь Мечиславович. Он любил эту землю : Повесть о наркоме, неправедно осужден., сослан. и, вероятно, расстрелян., не получившем после своей смерти пяди земли на могилу. — Мн. : Беларусь, 1991. — 127 с ISBN 5-338-00835-1: 70 к.
  • Бусько В. Н. Экономическая наука Беларуси в 30-е годы ХХ в. Минск. 2005. 298 с.
  • Бусько В. Н. Экономическая мысль Беларуси в период НЭПа (1920-е годы). Минск. 2000. 280 с.