Дружба (нафтаправод)
Дру́жба — найбуйнейшая ў сьвеце сыстэма магістральных нафтаправодаў. Пабудаваная ў 1960-я прадпрыемствам Ленгазспэцбуд для транспартоўкі нафты з Волгаўральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны народнай дэмакратыі Ўсходняй Эўропы.
Маршрут нафтаправода праходзіць ад Альмецьеўску праз Самару, Бранск да Мазыру, затым разгаліноўваецца на 2 участкі: паўночны (па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Латвіі і Летувы) і паўднёвы (па тэрыторыі Ўкраіны, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны).
У сыстэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў, 45 помпавых станцыяў, 38 прамежкавых помпавых станцыяў, рэзэрвуарныя паркі якіх месьцяць 1,5 млн м³ нафты. Па нафтаправодзе ў краіны «далёкага замежжа» штогод экспартуецца 66,5 млн тон, у тым ліку па паўночнай галіне — 49,8 млн т.
Расейскі адрэзак трубаправода эксплюатуецца кампаніяй «Транснефть»; славацкі — кампаніяй Transpetrol.
Закрыцьцё прыбалтыйскага напрамку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ліпені 2006 году на ўчастках Унеча — Полацак-1 і 2 у Бранскай вобласьці адбылося здарэньне. У выніку абсьледаваньня аварыйнага ўчастку трубы было вырашанае зьнізіць ціск з 4 да 0,7 МПа і цалкам спыніць прапампоўку па паўночным напрамку «Дружба».[1] Існуе меркаваньне, што сапраўдным чыньнікам прыпынку паўночнай галінкі зьяўляецца продаж урадам Летувы завода «Мажэйкаўская нафта» Польскаму нафтаканцэрну «Орлен». У выніку аварыі, нафта на Mažeikių nafta дастаўляецца танкерамі з порту Прыморск.[2]
У сувязі з плянамі будаўніцтва БТС-II, якая дазваляе абыйсьці аварыйны ўчастак, паўночная галінка хутчэй за ўсё ніколі ня будзе выкарыстоўвацца, ва ўсякім разе як частка «Дружба». У той жа час, існуюць 2 праекты па выкарыстаньні галінкі:
- у якасьці працягу нафтаправода Адэса-Брады для экспарту нафты праз балтыйскія парты;
- у рэвэрсным рэжыме для паставак нафты ў Беларусь праз тэрміналы Бутынге і Вэнтсьпілс.
14 траўня 2008 году віцэ-прэм’ер ураду Расеі па прамысловасьці Ігар Сечын пракамэнтаваў просьбу летувіскага ўраду аб аднаўленьні паставак нафты з Расеі на НПЗ наступным чынам: «Якія да нас могуць быць патрабаваньні і прэтэнзіі? Чаму мы павінны аддаваць нашы рэсурсы?»[3].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ РБК Daily. «Дружба» скончылася
- ^ Расея можа хутка пабудаваць трубу ў абыход Беларусі і адмовіцца ад паставак нафты ў Летуву (рас.)
- ^ Анна Николаева, Алексей Баусин, Надежда Иваницкая. Сечин заговорил // Ведомости, № 87 (2109), 15 мая 2008
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |