Геаграфія Славеніі
Славенія знаходзіцца на мяжы Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропы, на паўночна-заходняй ускрайку Балканскага паўвострава.
Працягласьць граніцы складае 1 086 км. На захадзе Славенія мяжуе з Італіяй (199 км), на поўначы — з Аўстрыяй (330 км), на паўночным усходзе — з Вугоршчынай (102 км), з усходу і поўдня — з Харватыяй (455 [1] або 670 км). Славенія мае выхад да Трыесцкага заліву Адрыятычнага мора і займае частку паўвострава Істрыя, дзе стаіць асноўны порт краіны, горад Капар. Даўжыня ўзьбярэжжа складае 46,6 км, тэрытарыяльныя воды — 12 марскіх міль[1].
Рэльеф Славеніі пераважна горны. На паўночным захадзе краіны знаходзяцца Юлійскія Альпы з самым высокім пунктам — гарой Трыглаў (2864 м), на поўначы яны маюць атрогі — горы Караванке і Пахор’е. Паміж горнымі хрэбтамі знаходзяцца Люблянская, Тольмінская, Цэльская катлавіны. На поўдні Славеніі знаходзіцца Дынарскі масіў, а на паўднёвым захадзе — плято Карст з карставымі формамі рэльефу і пячорамі (іх каля 6 тыс.). На паўночным усходзе на тэрыторыю Славеніі заходзіць паўднёва-заходняя ўскраіна Панонскай раўніны. Здараюцца землятрусы.
54% тэрыторыі Славеніі пакрытае лясамі (у ніжнім пасе — дубова-грабавыя лясы, вышэй — букавыя і піхтавыя). На Панонскай раўніне — лесастэп, у карставых раёнах — сухадольныя лугі і куставыя зарасьлі, на марскім узьбярэжжы распаўсюджаная міжземнаморская куставая расьліннасьць.
Клімат большай часткі краіны ўмерана-кантынэнтальны; каля ўзьбярэжжа Адрыятычнага мору клімат міжземнаморскага тыпу.
Галоўныя рэкі Сава і Драва — прытокі Дунаю.
Дольную часткі схілаў гор займаюць букавыя і дубовыя лясы, вышэй — хваёва-яловыя. На вяршынях высокіх масіваў разьвітыя альпійскія лугі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Slovenia — The World Factbook, CIA
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Геаграфія Славеніі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў