Від (біялёгія)
Біялягічны від (па-лацінску: species) — асноўная катэгорыяй біялягічнай таксаноміі, самаўзнаўляльная адзінка прыроды. Пад відам таксама маецца на ўвазе сукупнасьць пакаленьняў, якія паходзяць ад агульнага продка і адасоблены ад астатняга сьвету жывых істотаў. Агульнапрынятага, дакладнага і ўнівэрсальнага фармуляваньня гэтай катэгорыі на сёньняшні дзень не існуе. Існуюць шматлікія камплемэнтарныя, ўзаемадакладняючыя відавыя канцэпты, якія, аднак, не вядуць да ідэнтычнай клясыфікацыі.
Традыцыйныя канцэпты сучаснай біялёгіі прытрымліваюцца прымату «гістарычна-племяннога радства»: звычайна панятак біялягічнага віду абагульняе групу жывых істотаў, якія ў выніку насьледваньня вызначаюцца агульнай колькасьцю сваеасаблівых марфалягічных альбо фізыялягічных асаблівасьцяў, сукупнасьць якіх дазваляе аб’яднаньне гэтай групы жывых істотаў у асабістую і ейнае абмежаваньне ад любой іншай групы. Паводле розных адзнак, у тым ліку экалягічных і эвалюцыйных, адрозьніваюць віды зьніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сынантропныя і іншыя.
Панятак віду ўвёў ангельскі батанік Джон Рэй у 1704 годзе. Швэдзкі прыродазнавец Карл Лінэюс паказаў унівэрсальнасьць і значэньне віду ў якасьці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для ягонага абазначэньня двайную лацінскую назву (бінарную намэнклятуру). Асновы сучаснага разуменьня віду і відаўтварэньня заклаў Чарлз Дарвін. У канцы XIX стагодзьдзя было ўведзена дадатковы панятак падвіду, а ў сярэдзіне XX стагодзьдзя зьявіліся назвы больш дробных, элемэнтарных відаў — жарданон, больш вялікіх (шырокіх) — лінэон.
Для азначэньня віду карыстаюцца лінэеўскай падвоенай намэнклятурай, з абавязковым паказаньнем прозьвішча аўтара, які выдзяліў від, з-за наяўнасьці выпадкаў, калі такі ж самы від выдзяляўся і апісваўся рознымі аўтарамі пад рознымі назвамі.
Крытэры віду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для таго каб аднесьці асобіны да аднаго і таго ж або да розных відаў, іх параўноўваюць паміж сабой па шэрагу пэўных характэрных прыкметаў, то бок крытэраў. Крытэрымі віду ёсьць сукупнасьць характэрных аднатыпных прыкметаў, па якіх асобіны аднаго віду падобныя, а асобіны розных відаў адрозьніваюцца паміж сабой. Вылучаюць наступныя асноўныя крытэры віду: марфалягічны, фізыялягічны, біяхімічны, генэтычны, экалягічны, геаграфічны.
Марфалягічны крытэры адлюстроўвае сукупнасьць характэрных прыкметаў зьнешняй будовы. Напрыклад, віды канюшыны адрозьніваюцца па афарбоўцы суквецьцяў, форме і афарбоўцы лістоў. Гэты крытэры адносны. У межах віду асобіны могуць прыкметна адрозьнівацца па будове ў залежнасьці ад плоці (плоцевы дымарфізм), стадыі разьвіцьця, спосабу размнажэньня, умоваў асяродзьдзя пражываньня, прыналежнасьці да сартоў або пародаў.
Напрыклад, у качкі крыжанкі самец ярка афарбаваны, а самка цёмна-бурая, у высакароднага аленя самцы маюць рогі, а ў самак іх няма. У матыля капуснай бялянкі вусень адрозьніваецца ад дарослай асобіны зьнешнімі прыкметамі. У папараці шчытоўніка мужчынскага спарафіт мае лісты і карані, а гамэтафіт прадстаўлены зялёнай пласьцінкай з рызоідамі. У той жа час некаторыя віды настолькі падобныя па марфалягічных прыкметах, што іх называюць відамі-двайнікамі. Напрыклад, некаторыя віды малярыйных камароў, дразафіл, паўночнаамэрыканскіх цвыркуноў зьнешне не адрозьніваюцца, але не скрыжоўваюцца паміж сабой. Такім чынам, на аснове аднаго марфалягічнага крытэру нельга меркаваць аб прыналежнасьці асобіны да таго або іншага віду.
Фізыялягічным крытэрам ёсьць сукупнасьць характэрных асаблівасьцей працэсаў жыцьцядзейнасьці, як то размнажэньня, страваваньня, выдзяленьня і іншых. Адной з важных прыкметаў зьяўляецца здольнасць асобінаў скрыжоўвацца. Асобіны розных відаў ня могуць скрыжоўвацца з-за зруху тэрмінаў размнажэньня, несумяшчальнасьці плоцевых вузаў, неадпаведнасьці паводзінаў у шлюбны пэрыяд. Гэты крытэр адносны, паколькі і асобіны аднаго віду часам ня здольныя да скрыжаваньня. Напрыклад, расьліны дзьмухаўца на паўднёвым схіле ўзгорка зацвітаюць раней і могуць адцвісьці да моманту цвіценьня расьлінаў на паўночным схіле. Значыць, апыленьне паміж імі будзе немагчымым, не зважаючы на тое, што яны і адносяцца да аднаго віду. I наадварот, вядомы такія віды, прадстаўнікі якіх могуць скрыжоўвацца паміж сабой. Напрыклад, конь і асёл, прадстаўнікі некаторых відаў вербаў, таполяў, зайцаў, канарак. 3 гэтага вынікае, што для вызначэння відавай прыналежнасьці асобінаў недастаткова параўноўваць іх толькі па фізыялягічным крытэры.
Біяхімічны крытэр адлюстроўвае характэрны хімічны склад цела і абмен рэчываў. Гэта самы ненадзейны крытэр. Няма рэчываў або біяхімічных рэакцыяў, характэрных толькі для пэўнага віду. Асобіны аднаго віду могуць значна адрозьнівацца па гэтых паказчыках. Тады як у асобінаў розных відаў сынтэз бялкоў і нуклеінавых кісьляў адбываецца аднолькава. Шэраг біялягічна актыўных рэчываў адыгрывае аналягічную ролю ў абмене рэчываў у розных відаў. Напрыклад, хлярафіл ва ўсіх зялёных расьлінах удзельнічае ў фотасынтэзу. З гэтага вынікае, што вызначэньне відавай прыналежнасьці асобінаў на выснове аднаго біяхімічнага крытэру таксама немагчыма.
Генэтычны крытэр характарызуецца наборам храмасомаў, падобных па памерах, форме і складзе. Гэта самы надзейны крытэр, таму што ён зьяўляецца фактарам рэпрадуктыўнай ізаляцыі, якая падтрымлівае генэтычную цэласнасьць віду. Аднак і гэты крытэр не зьяўляецца абсалютным. У асобінаў аднаго віду колькасьць, памеры, форма і склад храмасомаў могуць адрозьнівацца ў выніку геномных, храмасомных і генных мутацыяў. У той жа час пры скрыжаванні некаторых відаў часам зьяўляюцца жыцьцяздольныя пладавітыя міжвідавыя гібрыды. Напрыклад, сабака і воўк, таполя і вярба, канарка і зяблік у выніку скрыжоўваньня даюць пладавітае патомства. Такім чынам, падабенства па названым крытэры таксама недастаткова, каб аднесьці асобіны да аднаго віду.
Экалягічным крытэрам зьяўляецца сукупнасьць характэрных фактараў асяродзьдзя, неабходных для існаваньня віду. Кожны від можа пражываць у тым асяродзьдзі, дзе кліматычныя ўмовы, асаблівасьці глебы, характар рэльефу і крыніцы ежы адпавядаюць ягоным межам талерантнасьці. Але ў гэтых жа ўмовах асяродзьдзя могуць пражываць арганізмы іншых відаў. Вывядзеньне чалавекам новых пародаў жывёл і сартоў расьлін паказала, што асобіны аднаго віду (дзікія і акультаваныя) могуць жыць ва ўмовах асяродзьдзя, якія моцна адрозьніваюцца. Гэта даказвае адносны характар экалягічнага крытэру і неабходнасьць выкарыстаньня іншых крытэраў для вызначэньня прыналежнасьці асобінаў да пэўнага віду.
Геаграфічны крытэр уяўляе сабой пэўную частку зямной паверхні (арэал) у прыродзе, дзе пражываюць асобіны дадзенага віду. Напрыклад, лістоўніца сыбірская распаўсюджана ў Сыбір, а лістоўніца даурская — на Далёкім Усходзе, марошка — у тундры, а чарніцы — ва ўмеранай зоне. Гэты крытэр паказвае на прыстасаванасьць віду да пэўнага месцапражываньня. Але ёсьць віды, якія не маюць дакладных межаў расьсяленьня, а пражываюць практычна паўсюдна (лішайнікі, бактэрыі). У некаторых відаў наогул няма ўласнага арэалу. Яны суправаджаюць чалавека і называюцца сынантропнымі відамі (пакаёвая муха, пасьцелевы клоп, свойская мыш, шэры пацук). У розных відаў могуць супадаць месцапражываньні. Такім чынам, гэты крытэр мае адносны характар і ня можа выкарыстоўвацца ў якасьці адзінага для вызначэньня відавой прыналежнасьці асобінаў.
Такім чынам, ні адзін з апісаных крытэраў не зьяўляецца абсалютным і ўнівэрсальным, таму падчас вызначэньня прыналежнасьці асобіны да пэўнага віду трэба ўлічваць усе ягоныя крытэры.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- С. С. Маглыш, А. Я. Карэўскі Біялогія: вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання. — Мінск.: Народная асвета, 2010. — ISBN 978-985-03-1462-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Від (біялёгія) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|