Тып (біялёгія)
Тып (па-лацінску: phylum) — адна з найвышэйшых катэгорыяў таксанамічнай герархіі ў заалёгіі. У батанічных клясыфікацыях ёй адпавядае аддзел (па-лацінску: divisio).
У герархіі таксанамічных катэгорыяў тып і аддзел знаходзяцца ніжэй за царства і вышэй за клясу.
Прыклады:
- Кляса Казуркі (Insecta) адносіцца да тыпу Чэлясаногія (Arthropoda).
- Кляса Адналісьценевыя (Liliopsida) адносіцца да аддзелу Пакрытанасенныя, або Кветкавыя (Magnoliophyta).
Часам ужываюцца таксама вытворныя катэгорыі:
- у заалёгіі:
- надтып (па-лацінску: superphylum) — ранг вышэй за тып,
- падтып (па-лацінску: subphylum) — ранг ніжэй за тып;
- у батаніцы:
- нададдзел (па-лацінску: superdivisio) — ранг вышэй за аддзел,
- пададдзел (па-лацінску: subdivisio) — ранг вышэй за аддзел.
Гісторыя панятку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да пачатку XIX стагодзьдзя найвышэйшым рангам у герархіі таксанамічных катэгорыяў была Кляса. Гэтага было дастатне пры параўнальна невысокім узроўні дэталізацыі сыстэмы, характэрным для таго часу.
У сыстэме Карла Лінэя было ўсяго шэсьць клясаў: сысуны, птушкі, гады, рыбы, вусякі і чарвякі. Да «гадаў» адносіліся ня толькі паўзуны і амфібіі, але й некаторыя рыбы, да «вусякоў» адносіліся ўсе чэлясаногія, а «чарвякі» ўяўлялі з сябе сапраўдны сьметнік, сфармаваны па рэшткавым прынцыпе (выраз «лінэеўскія чарвякі» ў заалягічным жаргоне надоўга стаў сынонімам групы, сыстэма якой знаходзіцца ў хаатычным стане і патрабуе сур’ёзнай перапрацоўкі).
У канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў колькасьць клясаў паступова пачала ўзрастаць. Гэта было зьвязана з тым, што ў выніку параўнальна-анатамічных дасьледаваньняў так званых «ніжэйшых жывёлаў» (лінэеўскіх вусякоў і, галоўным чынам, чарвякоў), натуралісты адкрылі значную разнастайнасьць арганізацыі. З вусякоў былі вылучаныя ракападобныя, павукападобныя, вусаногія (працяглы час гэтая група ракападобных не знаходзіла сабе месца ў сыстэме). З чарвякоў — малюскі, «заафіты» (жывёларасьліны — па большай частцы кішкапаражнёвыя), «наліўнікі» (амаль усе мікраскапічныя бесхрыбетныя).
Аб’яднаньне клясаў жывёлаў у буйнейшыя групы — заслуга францускага натураліста Жоржа Кюўе (1769—1832), які прапанаваў сыстэму, паводле якой усе вядомыя клясы былі разьмеркаваныя між чатырма групамі, якія ён назваў адгалінаваньнямі (па-француску: embranchement). Гэтымі чатырма групамі былі хрыбетныя, чэлесавыя (па-француску: animaux articulées), малюскі (па-француску: animaux mollusques) і прамяністыя (па-француску: animaux rayonnées).
Пазьней колькасьць тыпаў значна вырасла. У сучасных сыстэмах жывёлаў іх налічваюць некалькі дзясяткаў. Латынізаванае грэцкае слова phylum было ўжыта нямецкім заолягам Эрнстам Гэкелем (1834—1919) і з таго часу замацавалася ў заалягічнай сыстэматыцы.
Доўгі час лічылася, што вылучэньня ў асобны тып заслугоўвае група, што валодае самастойным плянам будовы, які не сыходзіцца да плянаў будовы іншых тыпаў. Аднак праз адсутнасьць строгай фармулёўкі панятку плян будовы (і самой магчымасьці яго строгай фармулёўкі) патрабаваньне страціла сваю актуальнасьць.
Назвы тыпаў (аддзелаў)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назвы таксонаў, ранг якіх вышэй за род, зьяўляюцца ўнінаміяльнымі, то бок складаюцца з аднаго слова — назоўніка (ці прыметніка ў якасьці назоўніка) у множным ліку, напісанага зь вялікай літары.
У батаніцы і мікалёгіі для назваў аддзелаў і пададдзелаў ужываюцца стандартызаваныя канчаткі (яны рэкамэндаваныя, але не абавязковыя):
аддзел | пададдзел | |
расьліны | -phyta | -phytina |
грыбы | -mycota | -mycotina |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Джеффри, Чарлз. Биологическая номенклатура: Пер. с англ. — М.: Мир, 1980. — С. 16, 24—25.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- International codes of Botanical Nomenclature: Saint-Louis Code, 2000, Vienna Code, 2006 (анг.)
- International Code of the Zoological Nomenclature (4-е издание, 2000) (анг.)
- International Code of Nomenclature of Bacteria (1990) (анг.)
- The International Code of Virus Classification and Nomenclature (2002) (анг.)
|