Перайсьці да зьместу

Валянцін Мураўёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валянцін Мураўёў
Дата нараджэньня 28 студзеня 1938 (86 гадоў)
Месца нараджэньня Мішнева, Новасакольніцкі раён, Пскоўская вобласьць, Расейская СФСР, СССР
Месца вучобы Ленінградзкая вышэйшая інжынэрная марская вучэльня (1960), Кіеўскі політэхнічны інстытут (асьпірантура)
Занятак прафэсар унівэрсытэту, навуковец
Навуковая сфэра радыёфізыка
Месца працы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1965 году)
Вядомы як распрацоўнік кароткіх дыёдаў зь нітрыду галю
Навуковая ступень доктар навук (1977)
Узнагароды
Ордэн Айчыны 3 ступені (Беларусь)
Ордэн Айчыны 3 ступені (Беларусь)

Валянці́н Уладзі́меравіч Мураўё́ў (1938, Мішнева, Новасакольніцкі раён, Пскоўская вобласьць, цяпер Расея) — беларускі радыёфізык.

Доктар тэхнічных навук (1977), прафэсар (1978), заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларусі (1988), сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989) і кавалер ордэна Айчыны 3-й ступені (1998). Аўтар звыш 250 навуковых працаў, у тым ліку 35 вынаходак і 13 патэнтаў. Правёў навуковыя дасьледаваньні ў галіне генэраваньня і ўзмацненьня электрамагнітных ваганьняў звышвысокіх (ЗВЧ) і вельмі высокіх частасьцяў. Прапанаваў новыя спосабы павышэньня ўстойлівасьці частасьці і разьліку ЗВЧ аўтагенэратара, сынхранізаваных генэратараў і ўзмацняльніка на паўправадніковых прыборах з улікам уласьцівасьцяў дзейнага складніка[1]. Дзеля гэтага распрацаваў тэарэтычныя асновы працы кароткіх дыёдаў зь нітрыду галю[2]. Таксама распрацаваў звышвысокачастасьцевыя генэратары і ўзмацняльнікі ў дыяпазоне ад 4 да 100 гігагэрц[3].

У 1960 годзе скончыў Ленінградзкую вышэйшую інжынэрную марскую вучэльню (Расейская СФСР) па спэцыяльнасьці «радыётэхніка». Пазьней скончыў асьпірантуру ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце (Украінская ССР)[4]. У 1965 годзе ўладкаваўся старэйшым выкладнікам у Менскі радыётэхнічны інстытут (МРТІ), дзе ў 1966 годзе заняў пасаду дацэнта. У 1975—1979 гадох быў дэканам канструктарска-тэхналягічнага факультэту МРТІ. У 1977 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара тэхнічных навук, а ў 1978-м — навуковую годнасьць прафэсара. У 1979—2004 гадох займаў пасаду прарэктара ў навуковай працы МРТІ, які ў 1993 годзе перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). У 1988 годзе атрымаў ганаровую годнасьць «Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР», а ў 1989-м стаў сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1998 годзе быў узнагароджаны ордэнам Айчыны 3-й ступені[3].

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 28 студзеня 2014. — № 15 (27625). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Мураўёў Валянцін Уладзіміравіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 30. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  3. ^ а б Мураўёў, Валянцін Уладзімеравіч (сябры-карэспандэнты) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2018 г. Праверана 6 сьнежня 2021 г.
  4. ^ Мураўёў, Валянцін Уладзімеравіч (доктар тэхнічных навук ; нар. 1938) // Зводны электронны каталёг бібліятэк Беларусі, 2018 г. Праверана 6 сьнежня 2021 г.