Ахіла Банольдзі
Ахіла Банольдзі | |
Дата нараджэньня | 1821 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1871 |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | загінуў у баі[d] |
Занятак | фатограф, сьпявак |
Джузэпэ Ахіла Эльміра Банольдзі (1821—1871) — сьпявак, танцмайстар, фатограф, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Італьянец па паходжаньні, нарадзіўся ў гішпанскай Барсэлёне ў тэатральнай сям’і. Разам з бацькамі, якія з опэрнымі трупамі вандравалі па ўсёй Эўропе, Ахіла ў дзяцінстве й юнацтве аб’езьдзіў Францыю, Нямеччыну, Швайцарыю ды іншыя краіны. Вучыўся ў Лязанскім унівэрсытэце. З 1842 году — у Вільні. Выкладаў сьпевы ў Дваранскім інстытуце, сам выступаў як сьпявак. Блізка пасябраваў са Станіславам Манюшкам, часта бываў у яго ў Менску, выконваў творы вядомага кампазытара, браў удзел у першай пастаноўцы ягонай опэры «Галька» ў 1848 годзе. Джузэпэ Ахіла Эльміра пераклаў лібрэта опэры на італьянскую, і менавіта паводле гэтага перакладу «Гальку» ў 1905 годзе паставіць Ля-Скаля. У рэпэртуары Банольдзі быў таксама шэраг песьняў на словы Яна Чачота.
У 1862 годзе Банольдзі разам з Каліноўскім увайшоў у склад ЛПК. У віленскай фотамайстэрні італьянца рыхтаваліся падпольныя выданьні патрыётаў. Менавіта тут быў зроблены адзіны вядомы фатаздымак К. Каліноўскага ў поўны рост. Неўзабаве пасьля выбуху паўстаньня ўлады выслалі Банольдзі з краіны. Зрэшты, ёсьць і другая вэрсія, паводле якой Ахіла ў лютым 1863 году быў зьняволены ў сутарэньнях замка ў Троках, але сябры дапамаглі яму, наладзіўшы ўцёкі. Гэтак ці іначай, але ён стаў прадстаўніком віленскага паўстанцкага цэнтру за мяжой, бо меў там шырокія сувязі. Яму былі давераны так званыя «літоўскія сумы» — замежныя фінансавыя сродкі паўстанцаў, на якія мелася закупляцца зброя й амуніцыя. 11 лістапада 1863 году перадаў свае абавязкі Баляславу Длускаму-Ябланоўскаму. Распаўсюджваў інфармацыю аб разьвіцьці паўстаньня на Літве (Беларусі) і Жамойці. Апошні даючы справаздачу аб атрыманьні справаў у сувязі з нараканьнямі з Радзімы аб дрэнна наладжнай працы ў замежжы і арганізацыі дапамогі паўстаньню і закупы зброі, адкідваў усё абвінавачваньні ад Банольдзі, паважаючы «шчырасьць яго высілкаў». Стэля — псэўданім Банольдзі, таксама ў лістах яго згадваюць, як «італьянец», або «агент за мяжою».
Эміграцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля паразы паўстаньня Банольдзі займаўся фатаграфіяй у Парыжы, але па-ранейшаму заставаўся верным сваім перакананьням. Падчас Парыскай камуны 1871 году ён служыў капітанам у злучэньнях В. Урублеўскага. Сканаў ад ран.