Андрэа Палядыё
Андрэа Палядыё | |
Дата нараджэньня | 30 лістапада 1508 |
---|---|
Месца нараджэньня | Падуя, Вэнэцыянская рэспубліка |
Дата сьмерці | 19 жніўня 1580 |
Месца сьмерці | |
Занятак | архітэктура |
Навуковая сфэра | архітэктура |
Сябра ў | Акадэмія прыгожых мастацтваў[d] |
Плынь | палядыянства |
Працы | Віла Ратонда, Сабор Сан-Джорджа Маджорэ |
Андрэа Палядыё (па-італьянску: Andrea Palladio), сапраўднае імя — Андрэа ды П’етра (30 лістапада 1508, Падуя — 19 жніўня 1580) — вялікі італьянскі архітэктар позьняга Адраджэньня. Заснавальнік палядыянства й клясыцызму. Верагодна, самы ўплывовы архітэктар у гісторыі[3].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Падуі, якая была на той час часткай Вэнэцыянскай рэспублікі, у сям’і млынара П’етра «дэльля Гандоля» (Pietro «della Gondola»). У 1524 годзе перасяліўся ў Вічэнцу, дзе пачаў працаваць у скульптурнай майстэрні Барталямэа Кавацца з Сасаны, сумна вядомай кепскімі ўмовамі працы. Двойчы спрабаваў адтуль зьбегчы — другая спроба, у 1524 годзе, была ўдалай, і Палядыё перабраўся ў Вічэнцу на працу ў майстэрню Сан-Б’яджа ў квартале Пэдэмура. Ейныя ўладальнікі, Джаваньні ды Джакама з Парлеццы й Джыраляма Пітоні зь Люміньяны, былі знакамітымі ў Вічэнцы скульптарамі. Андрэа рабіў працу, якая звычайна даручалася чаляднікам: капітэлі, рэльефы, фрызы.
У 1534 годзе, калі яму было 26 гадоў, ягонай жонкай стала Алеградона, дачка цясьляра Маркантоніё. У іх нарадзілася 5 дзяцей: сыны Леаніда, Маркантоніё, Арацыё й Сыла й дачка Зэнобія. У Вічэнцы будучы майстар зблізіўся з гуманістам Джан Джорджа Трысына, пад кіраўніцтвам якога пачаў вывучаць архітэктуру й атрымаў гуманістычную адукацыю. Трысына пераканаў яго зьмяніць імя на псэўданім Палядыё (паводле грэц. палядыён — гэтак звалася статуя багіні Атэны Паляды, якая, паводле атэнскага паданьня, звалілася зь неба й абараняла горад ад ворагаў; імём Палядыё сам Трысына пасьля назваў нябеснага пасланца ў адной са сваіх эпічных паэм). Паводле парады Трысына будучы архітэктар зьдзейсьніў сваё першае вандраваньне ў Рым, а па сваім вяртаньні гуманіст стаў ягоным першым заказчыкам.
Пры заступніцтве Трысына майстар пазнаёміўся са шматлікімі выбітнымі помнікамі рымскай антычнай і рэнэсансавай архітэктуры падчас вандровак у Вэрону (1538—1540), Вэнэцыю (1538—1539), Рым (1541—1548; 1550—1554) і іншыя гарады. Досьвед і творчыя прынцыпы Палядыё склаліся як пад уплывам уважлівага вывучэньня Вітрувіюса, гэтак і вывучэньню архітэктуры й трактатаў архітэктараў XV стагодзьдзя й ягоных сучасьнікаў (Леон Батыста Альбэрці, Джуліё Рамана, Дж. М. Фальканэта, Сэбастыяна Сэрліё, Мікеле Санмікелі).
З 1558 году архітэктар працаваў у Вэнэцыі, дзе ўзьвёў шэраг цэркваў, гарадзкіх палацаў, грамадзкіх пабудоваў, паводле заказаў вэнэцыянскай арыстакратыі будаваў вілы ў навакольлях Вэнэцыі й Вічэнцы. У 1570 годзе атрымаў тытул «найслыннага грамадзяніна Вэнэцыі» («прота дэльля Сэрэнісыма»).
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Базыліка Палядыё ў Вічэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1545 годзе Палядыё атрымаў перамогу ў конкурсе на права перабудовы гарадзкой ратушы XIII стагодзьдзя. Паляцца дэльля Раджонэ (цяпер — Базыліка Палядыё; 1546—1549) у Вічэнцы. У гэтай пабудове фармуецца адна з асноўных асаблівасьцяў творчага мэтаду Палядыё — ён стварае новую сыстэму прапорцыяў ордараў, выкарыстоўваючы ордар ня толькі як простую дэкарацыю фасаду, а як галоўны арганізуючы прынцып канструкцыі, з-за чаго яна становіцца выразнай, здаецца проста й ясна арганізаванай, гарманічнай.
Палацавыя пабудовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уважліва вывучаючы «Дзесяць кнігаў пра архітэктуру» Вітрувіюса й разьвіўшы ягоную ідэю дома з атрыюмам і пэрыстылем, дойлід стварыў новы тып гарадзкога палаца — паляцца. Раньнія паляцца ў Вічэнцы (палацца Т’енэ, 1550—1551; Ізэпа да Порта, 1552) яшчэ блізкія да флярэнтыйскіх паляцца XV стагодзьдзя. У паляцца К’ерыкаці, пачатым у 1550 годзе, злучаны рысы невялікага палаца й грамадзкага збудаваньня. Фасад упрыгожаны адкрытымі калённымі лоджыямі ў двух ярусах. Паводле клясычнай старажытнарымскай схеме, ужытай яшчэ ў Калізэі, на першым ярусе ўжыты дарычны (тасканскі) ордар, на другім — іянічны. Унутры палацца ўладкованы анфілады залаў з цэнтральнай вялікай залай на другім паверсе. Дзякуючы глыбокім лоджыям фасад набывае аб’ёмнасьць і рацыянальную тэктоніку.
У афармленьні фасадаў шэрагу вілаў і гарадзкіх дамоў Палядыё нярэдка ўжываў вялікі ордар (недабудаванае паляцца Порта-Брэганзэ ў Вічэнцы, 1571). Велізарныя калёны на высокіх пастамэнтах глядзельна аб’ядноўваюць вокны першага й другога паверхаў, сьціснутымі паміж калёнамі. Яшчэ ў паляцца Вальмарана (пачата ў 1566) быў ужыты вялікі ордар у выглядзе пілястраў. Але самая знакамітая пабудова Палядыё, упрыгожаная каланадай вялікага кампазытнага ордара — няскончаная Лоджыя дэль Капітаньнё (1571-72) на плошчы Сыньнёрыі ў Вічэнцы насупраць базылікі.
Вілы ў навакольлях Вэнэцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш значная частка спадчыны Палядыё — шматлікія спраектаваныя ім вілы ў навакольлях Вэнэцыі й Вічэнцы. Вілы былі прыстасаваны для вядзеньня сельскай гаспадаркі й адказвалі запатрабаваньням шляхецтва вобласьці Вэнэта, якая ўкладвала капіталы ў зямельныя ўгодзьдзі. Кампазыцыя кожнага ансамбля строга сымэтрычная — ад параднага саду й пад’ездаў праз галоўны портык ці аркаду, папярэднюю парадным залям, да лоджыі ці портыку процілеглага боку будынка, якая выходзіць у другі сад. Калённы портык з франтонам у духу рымскай архітэктуры надаваў жыльлю чалавека «храмападобы» характар, тым самым узвышаючы й асобу ўладальніка, і быццам само кола ягонага жыцьця. У вілах Палядыё асабліва выдатна выявілася ягоная здольнасьць майстэрска спалучаць архітэктуру й прыроду, ператвараючы пэйзажнае асяродзьдзе ў натуральнае асяродзьдзе жыцьця чалавека (для вэнэцыянцаў гэта было асабліва значным, бо сама Вэнэцыя пазбаўлена зеляніны).
Шэдэўрам Палядыё зьяўляецца віла Альмэрыка-Вальмарана («Ля Ратонда» (ці «Капра») у Вічэнцы (1551—1567, дабудавана Вінчэнца Скамоццы) — першая сьвецкая пабудова эпохі Адраджэньня, якая мела купал. Будынак быў выбудаваны ў прапорцыях залатога сячэньня па тыпу бэльвэдэру з заляй у форме акружыны, меў купал са сьветлавым ліхтаром і разьмешчанымі вакол яго па баках фасадаў лёгкімі іянічнымі 6-калённымі портыкамі зь лесьвіцамі.
Палядыё дасьціпна й тактоўна абыходзіўся з матывамі старажытнарымскай архітэктуры, вывучанай ім у Рыме й паводле трактату Вітрувіюса, абыгрываючы спалучэньні калёнаў рознай вышыні й розных ордараў, нярэдка аб’ядноўваючы паверхі будынка масіўнымі калённымі («вялікі ордар»), накладваючы портыкі й аркі на простыя геамэтрычныя архітэктурныя аб’ёмы й гэтым падкрэсьліваючы чысьціню формаў і гармонію іхных суадносін. Апроч сваіх дасьледчых працаў у Рыме, Палядыё праводзіў абмеры антычных помнікаў у Вэроне, Спліце й Німе.
Цэрквы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Вэнэцыі Палядыё паводле заказаў Царквы выканаў некалькі праектаў і пабудаваў шэраг цэркваў (Сан-П’етра ін Кастэля, 1558; клюатар царквы Санта Марыя дэльля Карыта [цяпер Музэі Акадэміі]; фасад царквы Сан-Франчэска дэльля Віньня, 1562; Сан-Джорджа Маджорэ на аднайменным востраве, 1565 [завершана Скамоццы да 1610]; «Іль Рэдэнторэ», гэта значыць царква Збавіцеля, на востраве Джудэка, 1576—1592; Санта-Марыя дэльля Прэзэнтацыёнэ, ці «Ле Цытэле»; Санта-Лючыя, разабрана ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя пры будаўніцтве чыгуначнай станцыі). Калі вілы Палядыё ў цэлым аб’ядноўвае ўражаньне гармоніі й заміранасьці формаў, то ў ягоных цэрквах галоўнае — дынаміка формаў, часам — усхваляваная патэтыка.
Позьнія грамадзкія пабудовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Позьнія грамадзкія пабудовы Палядыё некаторымі сваімі рысамі — прыцягненьнем да маштабнасьці формаў, трыюмфальнасьцю — блізкія да архітэктуры барока. Будаўніцтва Лёджыі дэль Капітаньнё (1571), разьмешчанай насупраць базылікі ў Вічэнцы, супала зь перамогай вэнэцыянцаў над туркамі ў бітве пры Лепанта й таму не выпадкова сваёй кампазыцыяй яна нагадвае рымскую трыюмфальную арку (у рэльефах бакавых фасадаў адлюстраваны ўзятыя ў турак трафэі). Магутныя паўкалёны карынцкага ордару, якія аб’ядноўваюць два паверхі, падкрэсьліваюць патэтычны рытм усяго будынка.
Сапраўдным шэдэўрам Палядыё зьяўляецца тэатар Алімпіка, збудаваны дзеля адкрытай ім Алімпійскай Акадэміі ў Вічэнцы (1580—1585, скончаны Скамоццы). Ён уяўляе сабой пераасэнсаваны дойлідам варыянт антычнага тэатральнага будынка. Невялікі высокі амфітэатар, які зьмяшчае тысячу чалавек, з каменнымі лавамі-прыступкамі абнесены зьверху калянадай з статуямі. Скрозь арку й чатыры бакавыя праёмы, зробленыя ў задніку сцэны, бачны вуліцы гораду.
«Чатыры кнігі пра архітэктуру» і Палядыянства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Архітэктурная й літаратурная спадчына Палядыё («Рымскія старажытнасьці» — своеасаблівы даведнік па рымскіх руінах, вывучаным самім Палядыё, 1554; камэнтары з малюнкамі да працаў Вітрувіюса, выдадзеныя Даніеле Барбара, 1556; «Чатыры кнігі пра архітэктуру», 1570; праца па дасьледаваньні фасаду Сан-Пэтроніё ў Балёньні, 1574 г, і інш.), якое зрабіла клясычную мову архітэктуры агульнадаступнай і ўнівэрсальнай, згуляла выключную ролю ў разьвіцьці архітэктурных ідэяў барока й клясыцызму ў XVII і XVIII стагодзьдзях. Пасьлядоўнікі майстра, як то Ініга Джонз, Крыстафэр Рэн, лорд Бэрлінгтан, Ўільям Кент — у Ангельшчыне, Вінчэнца Скамоццы — у Італіі, Джакама Кварэнгі — у Расеі, Томас Джэфэрсан — у ЗША, стварылі цэлы кірунак у эўрапейскай архітэктуры, які атрымаў назву палядыянства, зварот да якога застаецца актуальным у архітэктуры да цяперашняга часу. Разам з сынамі Палядыё падрыхтаваў новы пераклад «Занатовак пра Гальскую вайну» Цэзара ў 1574 годзе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Палладио Андреа // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ RKDartists (нід.)
- ^ Palladio the most influential architect — Google Books
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Андрэа Палядыё — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Цэнтар імя Палядыё
- Вілы створаныя Палядыё
- Андрэа Палядыё. Каталічная энцыкляпэдыя