Аляксандар Шульгін (навуковец)
Аляксандар Шульгін | |
анг. Alexander Shulgin | |
Аляксандар Шульгін у 2010 годзе | |
Дата нараджэньня | 17 чэрвеня 1925[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Бэрклі, Каліфорнія, ЗША |
Дата сьмерці | 2 чэрвеня 2014 (88 гадоў) |
Месца сьмерці | Лафает, Каліфорнія, ЗША |
Прычына сьмерці | рак печані[d] |
Месца вучобы | Гарвардзкі ўнівэрсытэт, Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі, Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Сан-Францыска |
Занятак | біяхімік, фармаколяг, хімік, пісьменьнік, фармацэўт |
Навуковая сфэра | хімія, біялёгія, псыхалёгія, філязофія |
Месца працы |
|
Вядомы як | адкрывальнік псыхаактыўных рэчываў, складальнік «шкалы Шульгіна» |
Навуковая ступень | доктар філязофіі |
Сайт | cognitiveliberty.org/… (анг.) |
Алякса́ндар Тэадор Шульгі́н (анг. Alexander Theodore Shulgin; 17 чэрвеня 1925 — 2 чэрвеня 2014) — амэрыканскі навуковец, вядомы ў галінах дасьледаваньня мэдычнае хіміі, біяхіміі, фармакалёгіі ды псыхафармакалёгіі, які выявіў, сынтэзаваў і правёў асабісты аналіз звыш 230 псыхаактыўных злучэньняў, правёўшы ацэнкі іх псыхадэлічнага або энтактагенічнага патэнцыялу. Вядомы як першы дасьледчык, які ўвёў MDMA (таксама вядомы як экстазі) у псыхалягічных дасьледаваньнях з мэтаю псыхафармакалягічнага выкарыстаньня напрыканцы 1970-х гг.
У 1991 і 1997 гг. сумесна з жонкай Эн Шульгін выдаў працы PiHKAL і TiHKAL (скарачэньні ад «фэнільэтыльаміны й трыптаміны, якія я ведаў і любіў»), дзе апісаў досьвед уласнае працы над гэтымі клясамі псыхаактыўных рэчываў, выканаў дасьледаваньні па апісальным сынтэзе многіх з гэтых злучэньняў. Некаторыя з найбольш вядомых адкрыцьцяў Шульгіна ўключаюць у сябе сынтэз рэчываў сямействаў 2C* (напрыклад, 2C-B) і DOx (напрыклад, DOM). Працяглыя дасьледаваньні ў галіне псыхаактыўных дасьледаваньняў спрычыніліся да пэўнае славы Шульгіна, у выніку чаго за навукоўцам замацавалася мянушка «хросны бацька псыхадэлікі».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1925 годзе ў цэнтральнай Каліфорніі, у месьце Бэрклі, у сям’і Тэадора Стывэнса Шульгіна й Генрыеты Д. Шульгін[2][3]. Бацька — эмігрант расейскага паходжаньня, працаваў, як і жонка, настаўнікам у акрузе Аламіда Каліфорніі.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 16 год, падчас знаходжаньня у Гарвардзкім унівэрсытэце, пачаў праяўляць цікаўнасьць да арганічнае хіміі. У 1943 годзе пакінуў школу і ўступіў у шэрагі ВМС ЗША, дзе стаў цікавіцца псыхафармакалёгіяй. Падчас свайго знаходжаньня на флёце Шульгін меў эпізод са стаканам апэльсінавага соку, які таксама паўплываў на ягоныя навуковыя інтарэсы: выпіўшы вадкасьць і хутка заснуўшы, Шульгін па абуджэньні думаў, што ў сок былі даданае нейкае псыхаактыўнае рэчыва, з-за чаго ён хутка заснуў. Тым ня менш, пазьней Шульгін дазнаўся, што ў соку адсутнічалі будзь-якія пабочныя хімічныя рэчывы, што падштурхнула яго да цікаўнасьці эфэктам пляцэба[4].
Пасьля службы на флёце Шульгін вярнуўся да адукацыі і ў 1954 годзе атрымаў доктарскую ступень па біяхіміі ў Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі. У канцы пяцідзясятых Аляксандар Шульгін працуе па галінах псыхіятрыі й фармакалёгіі ў Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Сан-Францыска, пасьля чаго працаваў у кампаніі Bio-Rad Laboratories у якасьці дырэктара па дасьледаваньнях, неўзабаве пачаў працаваць у кампаніі Dow Chemical у якасьці старэйшага навуковага супрацоўніка па хімічных дасьледаваньнях[4]. На гэтыя часы прыпадаюць першыя псыхадэлічныя досьведы Шульгіна, што спрычынілася да пазьнейшых кірункаў ягонае навуковае дзейнасьці. Як адзначаў сам Шульгін, першым псыхаактыўным рэчывам, дзеяньне якога ён выпрабаваў асабіста, стаў мэскалін, што адбылося напрыканцы 1950-х гг.[5] Далейшая навуковая дзейнасьць Шульгіна вызначалася працай па распрацоўцы пэстыцыдаў у кампаніі Dow Chemical, падчас якой навуковец вынайшаў пэстыцыд, вядомы нацяпер як зэктран (або мэксакарбат). Посьпех у распрацоўцы пэстыцыдаў падштурхнуў кампанію надаць большуюю волю Шульгіну ў дасьледчай працы, у выніку чаго Аляксандар працягнуў дасьледаваньні па наркотыках. Вынікі дасьледаваньняў публікаваліся ў такіх выданьнях як Nature і Journal of Organic Chemistry. У рэшце рэшт, кампанія, дзе працаваў Шульгін, выказалася супраць яе згадваньня падчас публікацыяў навуковых працаў Шульгіна[4]. У канцы 1966 году Шульгін звальняецца з кампаніі.
Пасьля звальненьня, якое Шульгін растлумачыў перасьледам кампаніяй уласных інтарэсаў, навуковец два гады вывучаў нэўралёгію на мэдычным аддзяленьні Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска. У гэтыя часы Аляксандар Шульгін на базе ўласнага жыльлёвага ўчастку стварае лябараторыю (пазьней вядомая як «фэрма») і стаў працаваць у якасьці прыватнага кансультанта, а таксама выкладчыкам у лякарнях і ўнівэрсытэтах Сан-Францыска. Дзякуючы свайму сябру Бобу Сагеру, кіраўніку заходніх лябараторыяў амэрыканскага Ўпраўленьня па барацьбе з наркотыкамі, Шульгін пачынае працаваць з Упраўленьнем, праводзячы фармакалягічыя сэмінары для яго супрацоўнікаў і часам выступаючы ў якасьці судовага экспэрта. Урэшце, у 1988 годзе ён выдае працу па г.зв. кантраляваных рэчывах і атрымлівае некалькі ўзнагародаў ад Упраўленьня[4].
Для працы па дасьледаваньні псыхаактыўных рэчываў Шульгін атрымаў спэцыяльную ліцэнзію ад Упраўленьня па барацьбе з наркотыкамі і пабудаваў хімічную лябараторыю ў невялікім будынку на ўласным участку. У 1976 годзе Шульгін адкрывае новы спосаб сынтэзу наркотыку MDMA і азнаёміў зь ім амэрыканскага псыхоляга Леа Зэфа, які намагаўся выкарыстоўваць рэчыва пры размоўнай тэрапіі. У гэты пэрыяд Аляксандар Шульгін знаёміцца з тэрапэўткай Эн Шульгін, сваёй будучай жонкай, зь якой пабраўся шлюбам у 1981 годзе[4]. Пачынаючы з 1960 году Шульгін працаваў разам з групай ягоных сяброў, зь якімі навуковец распрацаваў г.зв. «шкалу Шульгіна» ды новую тэрміналёгію для апісаньня эфэктаў пасьля ўзьдзеяньня псыхаактыўных рэчываў. У прыватнасьці, Шульгін на сабе правяраў дзеяньне шматлікіх прэпаратаў, публікуючы справаздачы з апісаньнем іх дзеяньня ў кнігах і навуковых выданьнях[4].
У 1994 годзе Шульгін быў аштрафаваны Ўпраўленьнем па барацьбе з наркотыкамі на 25 тыс. даляраў за захоўваньне хімічных узораў, адпраўленых дасьледчыку дзеля выпрабаваньня, аднак пазьней парушэньні не былі выяўленыя[6]. Тым ня менш, паводле Рычарда Мэера, прадстаўніка аддзелу Ўпраўленьня па Сан-Францыска, навуковыя працы, копіі якіх былі знойдзеныя ў Шульгіна й аўтарства якіх прыпісвалася дасьледчыку, у значнай ступені фактычна ўяўлялі сабою кіраўніцтва па вырабе наркатычных рэчываў[4]. Сваю навуковую дзейнасьць Шульгін працягваў практычна да 2010 году[7].
Асабістае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часе ўласнай навуковай дзейнасьці Шульгін пазнаёміўся з тэрапэўткай Эн Шульгін, зь якой пабраўся шлюбам у 1981 годзе. Большую частку асабістага жыцьця правёў на ўласнай «фэрме».
У 2008 годзе, ва ўзросьце 82 год, Шульгін перанёс апэрацыю на аартальным кляпане, праз два гады зьведаў інсульт, пасьля якога, аднак, здолеў у значнай ступені аднавіць здароўе. З 2010 году Шульгін зазнае праблемы з памяцьцю (дэмэнцыя), праз што ягоная жонка была змушаная прадаць частку маёмасьці сям’і. У красавіку 2014 году Аляксандар Шульгін захварэў на рак печані, 2 чэрвеня гэтага ж году стала вядома пра ягоную сьмерць ад хваробы ва ўзросьце 88 гадоў[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #114115230 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Згодна са зьвесткамі базы дадзеных California Birth Index.
- ^ Alberta Chamberlain Lawrence. Authors Biographical Monthly Service.. — Golden Syndicate Publishing Company, 1952.
- ^ а б в г д е ё Bennett, Drake. Dr. Ecstasy // New York Times Magazine. — 2005.
- ^ Dennis Romero. Sasha Shulgin, Psychedelic Chemist // Los Angeles Times / Times Mirror. — 1995.
- ^ DEA Raid of Shulgin's Laboratory // erowid.org. — 1994.
- ^ Hamilton Morris, Ash Smith. The last interview wuth Alexander Shulgin // vice.com. — 2010.
- ^ Krishnadev Calamur. Alexander Shulgin, The 'Godfather Of Ecstasy,' Dies At 88 // npr.org. — 2014.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аляксандар Шульгін (навуковец) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў