Перайсьці да зьместу

Адам Багдановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Багдановіч (неадназначнасьць).
Адам Багдановіч
Род дзейнасьці этнограф, фальклярыст, мэмуарыст
Дата нараджэньня 20 сакавіка (1 красавіка) 1862
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 16 красавіка 1940(1940-04-16) (78 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Грамадзянства Расейская імпэрыя Расейская імпэрыя
СССР СССР
Месца вучобы
  • Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя[d]
Занятак мэмуарыст, этноляг, фальклярыст, гісторык, мовазнавец
Навуковая сфэра этнаграфія, фальклярыстыка і гісторыя
Бацька Юры Лук'янавіч Багдановіч
Маці Анэля Фаміна Асьмак[d]
Жонка Марыя Апанасаўна Мякота
Дзеці Максім Багдановіч

Ада́м Яго́равіч Багдано́віч (1 красавіка 1862, паводле іншых зьвестак 6 красавіка 1862, мястэчка Халопенічы, цяпер Крупскі раён, Менская вобласьць, Беларусь  — 1940, Яраслаўль, цяпер Расея) — беларускі этнограф, фальклярыст, мэмуарыст.

Бацька паэта Максіма Багдановіча.

Навучаўся ў пачатковай школе ў Халопенічах і ў Менску. У 1882 скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. 3 1885 працаваў загаднікам менскай пачатковай вучэльні ў Менску, адзін з кіраўнікоў менскага гуртку «Народная воля». 3 1892 служыў у гарадзенскім аддзяленьні Сялянскага банку. Карэспандэнт-супрацоўнік вядомага фальклярыста Паўла Шэйна. У 1896 пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад, а ў 1907 — У Яраслаўль, дзе кіраваў аддзяленьнем Сялянскага банку. 3 1886 выступаў у беларускім пэрыядычным друку з артыкуламі па гісторыі і этнаграфіі.

Адам і Марыя Багдановічы з сынамі

Найбольш вядомыя і каштоўныя яго этнаграфічныя працы: «Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяродзьдзі беларускага краю» (1886), «Пра жанчыну», манаграфія «Перажыткі старажытнага сьветасузіраньня ў беларусаў» ([1895). Шмат рокаў працаваў над двухтомнай манаграфіяй «Мова зямлі. Утварэньне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць». Падрыхтаваў працу «Этнічны склад беларускага народу» і іншыя.

У 1920—1931 гадах загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага дзяржаўнага музэю. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах. У 1932-м арыштаваны Дзяржаўнай палітычнай управай на 3 тыдні. Быў вызвалены па хадайніцтве Кацярыны Пешкавай, бо быў сябрам яе мужа Максіма Горкага. Вёў ліставаньне зь дзеячамі беларускай і расейскай культуры. Напісаў успаміны пра Максім Горкага, яго сына Максіма і Фёдара Шаляпіна. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Адама Багдановіча прадугледжвалася «спальваць»[1].

Нарадзіўся ў Халопенічах у сям’і Юрыя (Ягора) Лук’янавіча Багдановіча і яго жонкі Анэлі, народжанай Асьмак. У маленстве насіў імя Адольф (Адоль, Адолік). Імя Адам атрымаў у 16 гадоў, пры аднаўленьні дакумэнтаў у праваслаўнай кансысторыі. У яго выхаваньні брала ўдзел бабка па кудзелі Рузаля Асьмак — варажбітка і казачніца, ад якой Багдановіч завучыў народныя казкі і на якую пазьней спасылаўся як на крыніцу сваіх ведаў аб народных павер’ях. У 1888 годзе ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякотай (1869—1896). Яны былі матэрыяльна забясьпечаныя. Адам зарабляў да 1500 рублёў у год пры гатовай кватэры з ацяпленьнем і асьвятленьнем, якая разьмяшчалася на Траецкай гары на Аляксандраўскай вуліцы ў доме Карказовіча, што ў двары, на 2-м паверсе. У той час у ім месьцілася 1-я прыходзкая вучэльня і настаўніцкія кватэры. Пазьней гэта быў дом 25 (цяпер тут частка вуліцы Багдановіча насупраць сквэру каля Тэатру опэры і балету. 6 (18) сакавіка 1890 у сям’і нарадзіўся першынец — Вадзім, а 27 лістапада (9 сьнежня) 1891 году — другі сын Максім. З 1892 году Адам Багдановіч служыў у Гарадзенскім аддзяленьні Сялянскага пазямельнага банка. Быў карэспандэнтам вядомага фальклярыста Паўла Шэйна. Некаторы час кіраваў публічнай бібліятэкай.

Партрэт Адама Багдановіча. Мастак Фёдар Панкоў. Яраслаўскі мастацкі музэй.

У Гародні сям’я жыла на ўскраіне гораду, на Садовай вуліцы. Тут 14 (26) лістапада 1894 году нарадзіўся трэці сын — Леў, а ў траўні 1896 году — дачка Ніна. Неўзабаве пасьля родаў дачкі хвароба Марыі Апанасаўны ўзмацнілася, і хутка сухоты сталі прычынай яе сьмерці. Празь некалькі тыдняў пасьля сьмерці жонкі, у лістападзе 1896 году быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад. Маці дзецям замяніла цётка па мячы Марыя Ягораўна Багдановіч, але самая малодшая дачка Ніна не дажыла і да году.

Адам Ягоравіч Багдановіч з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай

У Ніжнім Ноўгарадзе ў Адама Багдановіча завязаліся сяброўскія адносіны з Максімам Горкім, зь якім яны неўзабаве парадніліся, ажаніўшыся зь сёстрамі — Кацярынай (Горкі) і Аляксандрай (Багдановіч) Волжыных. Адам Багдановіч узяў шлюб з Аляксандрай у пачатку 1899 году, у канцы таго ж году яна памерла ад родаў, пакінуўшы яшчэ аднаго сірату — сына Аляксандра, які рос у сям’і Максіма Горкага і памёр у Крыме ад дызэнтэрыі ў 4-гадовым веку.

У 1908 годзе сям’я пераехала ў Яраслаўль. Сужыхаркай Адама Багдановіча стала сястра яго першай жонкі Аляксандра Апанасаўна Мякота. У іх нарадзілася яшчэ пяцёра сыноў — Павал, Аляксей, Вячаслаў, Мікалай і Раман. Памёр у Яраслаўлі ў 1940 годзе.

У 1998 годзе ў Халопенічах усталявалі помнік Адаму Багдановічу (скульптар Уладзімер Лятун, архітэктары С. Малюк, Юры Казакоў).

  1. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.