Перайсьці да зьместу

Аблога Ляхавічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аблога Ляхавічаў
Аблога Ляхавічаў, гравюра XVII стагодзьдзя
Дата: 23 сакавіка — 28 чэрвеня 1660
Месца: Ляхавічы, Наваградзкае ваяводзтва
Вынік: перамога Рэчы Паспалітай
Супернікі
Рэч Паспалітая Рэч ПаспалітаяМаскоўская дзяржава Масковія
Камандуючыя
Мікалай Уладзіслаў ЮдзіцкіІван Хаванскі
Колькасьць
250010 000—11 000
Ян Хрызастом Пасак пад Ляхавічамі. Карціна Юліюша Косака

Аблога Ляхавічаў адбывалася з 23 сакавіка да 28 чэрвеня 1660 року падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 рокаў.

23 сакавіка 1660 расейскае войска (к. 11 тыс. жаўнераў[1]) на чале з Іванам Хаванскім абклала Ляхавічы, адну з найбольшых цьвердзяў Рэчы Паспалітай на Наваградчыне. Гарнізонам фартэцыі кіраваў рэчыцкі войскі Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі, які меў у распараджэньні 29 гарматаў, 59 гакаўніц, два фальканэты.

Фартэцыя мела чатыры бастыёны, тры зь якіх мелі ўзвышэньні-кавальеры дзеля эфэктыўнейшага абстрэлу прылеглай тэрыторыі. Бастыёны злучаліся між сабою валамі-курцінамі. На садовым бастыёне разьмяшчаліся цяжкія гарматы, яшчэ некалькі гарматаў былі пастаўленыя на кавальерах і насупраць брамы. Бастыённы замак быў абкружаны вадзяным ровам.

20 сакавіка ваявода Іван Хаванскі выправіў дэлегацыю з прапановай здаць места. Кіраўнік фартэцыі Мікалай Юдзіцкі адмовіўся здаць Ляхавічы, паўторная адмова была атрыманая і ўдзень 23 сакавіка. Тады Іван Хаванскі загадаў распачаць падрыхтоўку да штурму. Першая спроба захопу адбылася на досьвітку 26 сакавіка. Бой працягваўся да трох гадзінаў дня, у выніку абаронцы забілі некалькі дзясяткаў нападнікаў[2]. Маскоўскія войскі адбівалі блізкія сілы Самуэля Аскеркі і рабавалі вакольнае насельніцтва (між іншага спалілі Зэльву).

15 траўня ў сувязі з актывізацыяй польска-літоўскага войска маскалі зладзілі другую атаку, аднак і яна была адбітая са стратай некалькіх соцень забітымі. 17 захопленых у палон нападнікаў былі павешаныя на валах замку.

У канцы траўня пасьля прыбыцьця з Масквы 3-хтысячнага аддзелу стральцоў адбыўся трэці штурм Ляхавічаў, які быў адбіты зь вялікімі стратамі для нападнікаў; уночы адбыўся чацьверты штурм, таксама адбіты залогай цьвердзі. У маскоўскім абозе пашырыла дэзэртырства (штоночы ўцякалі па некалькі дзясяткаў жаўнераў)[3].

Калі да Ляхавічаў выправіўся аддзел ваяводы рускага Стэфана Чарнецкага і гетмана вялікага літоўскага Паўла Сапегі, Хаванскі выступіў насустрач, пакінуўшы пад фартэцыяй абоз зь некалькімі тысячамі пехацінцаў. 28 чэрвеня літоўска-польскія войскі нанесьлі маскавітам паразу пад Палонкай, пасьля чаго маскоўскія войскі адышлі ад Ляхавічаў, а 2 ліпеня пад муры цьвердзі прыйшло войска пераможцаў.

Пасьпяховую абарону тагачасныя людзі прыпісалі заступніцтву Маці Божай, таму Ляхавічы назвалі «літоўскай Яснай Гурай». Акрамя Слуцку, Ляхавічы засталіся адзінай фартэцыяй ВКЛ, якую маскалі ня здолелі заваяваць да канца вайны.

  1. ^ Курбатов О. А. «Литовский поход 7168 г.» кн. И. А. Хованского и битва при Полонке 18 июня 1660 г. // Славяноведение. 2003. № 4. С. 25—40.
  2. ^ Акты Московского государства, Т. III. — № 58. — С.64-65
  3. ^ Gawęda M. Połonka-Basia 1660. — Warszawa, 2005. S. 167.