Перайсьці да зьместу

Santa Maria

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Santa Maria
Альбом «Старога Ольсы»
Выдадзены 2013
Жанр фольк
Храналёгія «Старога Ольсы»
Дрыгула
(2009)
Santa Maria
(2013)
Medieval Classic Rock
(2016)

Santa Maria — альбом гурта «Стары Ольса». Запісаны ў 2013 годзе.

У аздабленьні альбома выкарыстаныя: фрагмэнт малюнку «Мадона» (1416) італьянскага мастака Джэнтыле да Фабрыяна (Gentile da Fabriano, 1370–1427); фрагмэнт гравюры «Дудар» (1514) нямецкага мастака Альбрэхта Дурэра; мапа ВКЛ, складзеная ў 1655 годзе францускім гісторыкам і картографам Нікаля Сансонам (Nicolas Sanson, 1600–1667).

«Віленскі сшытак» (іншая назва «Віленская табулатура» ці «Tabulatura Vilnensis») — ананімны зборнік п’ес для сольнага (на лютні і аргане) і ансамблевага выкананьня. Быў складзены ў Вільні ў 1600 годзе, зьмяшчае рычэркары, такаты, разнастайныя танцы ўсходне- і заходнеэўрапейскага паходжаньня, апрацоўкі канцон і іншых вакальных твораў. Найбольш верагодным аўтарам Віленскага сшытка называюць Дыямэда Катона (Diomedes Cato, 1560 — пасьля 1619).

«Полацкі сшытак» — зборнік барочнай музыкі (навуковыя назвы «Астрамечаўскі рукапіс» ці «Рукапіс 127/56 Ягелонскай бібліятэкі», сучасная архіўная сыгнатура 10002). Пасьля вайны зь нямецкіх запасьнікаў у Польшчу трапіў беларускі ўніяцкі служэбнік, які ў 1956 годзе паступіў у Бібліятэку Ягелонскага ўнівэрсытэту (Кракаў). У вокладку гэтага служэбніка быў уклеены нотны рукапіс, які ў 1962 годзе знайшоў беларускі прафэсар Адам Мальдзіс. Дасьледваў рукапіс польскі музыказнаўца Ежы Голас. З таго часу Е. Голас фігуруе ў энцыкляпэдыях як афіцыйны адкрывальнік рукапісу. Зборнік быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Берасьцейшчыне, але належаў полацкаму біскупу, таму атрымаў назву «Полацкі сшытак». У наш час творы з «Полацкага сшытку» трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў.

Валянцін Бакфарк (Valentin Bakfark, 1506–1576) — лютніст і кампазытар вугорскага паходжаньня. Жывучы ў Вільні, стаў адным з самых славутых віртуозаў-лютністаў эпохі Рэнэсансу, стваральнікам прынцыпова новай тэхнікі ігры на інструмэнце, заснаванай на выкарыстаньні дасягненьняў вакальнай поліфаніі.

Войцех Длугарай (Wojciech Długoraj, 1557 — пасьля 1619) — кампазытар і лютніст-віртуоз, у 1583—1585 гадах лютніст караля Стэфана Баторыя. Вядомы сваімі лютневымі п’есамі (віланэламі, фантазіямі і танцамі). Творы В. Длугарая захаваліся ў рукапіснай «Табулатуры Длугарая», у табулатуры «Thesaurus harmonicus» (1603) і іншых нямецкіх выданьнях.

«Llibre Vermell de Montserrat» (у перакладзе з каталянскай «Чырвоная кніга кляштара Мансэрат») — рукапіс XIV ст., утрымлівае 10 сярэднявечных песьняў. Згодна з камэнтарам укладальніка, падабраныя песьні можна выконваць паломнікам, якія спыніліся ў манастыры і маюць жаданьне сьпяваць і танчыць. Адна з гэтых песьняў «Cuncti simus concanentes» («Засьпяваем разам»).

Альфонс X Мудры (1221—1284) — кароль Кастыліі і Леону, укладальнік і выдавец зборніку «Las Cantigas de Santa Maria». Вершы Альфонса Мудрага галоўным чынам прысьвечаны Дзеве Марыі.

  1. «Ave Maria. Cuncti simus concanentes» (Llibre Vermell de Montserrat, XIV ст., пераклад: З. Сасноўскі)
  2. «Saltarello» (Дыямэд Катон)
  3. «Balkano» *
  4. «Nuovo» *
  5. «Ciupa» *
  6. «Eiusdem nationis» (Войцех Длугарай)
  7. «Pasterz» *
  8. «Sliczna kwiecie» *
  9. «Tryton»
  10. «Schöner deutscher dantz» (Валянцін Бакфарк)
  11. «Cantario» *
  12. «Totentanz». XIII ст.
  13. «Maci karaleva. Quen a omagen da virgin» (Альфонс X Мудры, XIII ст., пераклад: З. Сасноўскі)
* — са зборніку XVII ст. «Полацкі сшытак»
  • Запіс — Віталь Кулеўскі, Андрэй Апановіч
  • Студыя — Sunflowers
  • Мастэрынг — Анатоль Шаўцоў
  • Фота — Аляксандр «Tarantino» Ждановіч
  • Вёрстка вокладкі — Алесь Чумакоў

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]