95 тэзісаў
95 тэ́зісаў — дакумэнт на лацінскай мове, напісаны Мартынам Лютэрам і вывешаны 31 кастрычніка 1517 году на дзьверах Замкавай царквы ў Вітэнбэргу, які зьяўляўся адміністрацыйным цэнтрам княства Саксонія. Ад гэтага дакумэнта адлічваецца пачатак Рэфармацыі й гісторыя пратэстанцтва. Асноўны матыў і ідэя напісаньня 95 (XCV) тэзісаў ёсьць крытыка практыкі продажу індульгенцыяў і эксклюзіўных правоў рымскага папы дараваць грахі, а таксама зацьвярджэньне Сьвятога Пісаньня як адзінага аўтарытэту.
Стварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асновай для напісаньня Лютэрам сваіх тэзісаў стала практыка Каталіцкай Царквы адносна хросту й адпушчэньня грахоў. Важна адзначыць, што тэзісы асуджалі продаж індульгенцыяў, то бок рэмісіі часовага пакараньня за грахі, якія ўжо былі дараваныя. Яны таксама разглядалі падобны гандаль як цынічную практыку, якая прадстаўляла пакаяньне за грэх фінансавай апэрацыяй, а не сапраўдным раскаяньнем. Тэзісы Лютэра сьцьвярджалі, што продаж індульгенцыяў ёсьць грубым парушэньнем першапачатковага намеру споведзі й пакаяньня.
У рамках кампаніі па збору сродкаў па замове папы Льва X для фінансаваньня рэканструкцыі сабора Сьвятога Пятра ў Рыме Ёган Тэцэль, дамініканскі сьвятар, пачаў продаж індульгенцыяў у нямецкіх землях. Альбэрт Майнцкі, арцыбіскуп Майнца ў Нямеччыне, меў значную пазыку, калі заплаціў за сваё высокае званьне ў царкве. Ён пагадзіўся дазволіць продаж індульгенцыяў на ягонай тэрыторыі ў абмен на скарачэньне сумы пазыкі. Лютэр, відаць, ня ведаў пра гэта. Нягледзячы на тое, што князь Фрыдрых III і Георг Барадаты забаранілі іхны продаж у сваіх землях, прыхаджане Лютэра зьдзейсьнілі падарожжа на іх набыцьцё ў суседнія землі. Калі гэтыя людзі прыйшлі на споведзь да Лютэра, яны прадставілі свае індульгенцыі, за якія яны заплацілі добрыя грошы, сьцьвярджаючы, што яны больш ня маюць патрэбы каяцца ў сваіх грахах, бо дакумэнт абяцаў дараваць ўсе іхныя правіны. Лютэр быў абураны тым, што яны заплацілі грошы за тое, што належыць ім па праву, як падарунак ад Бога. Ён адчуваў сябе абавязаным выкрыць махлярства. Гэтае ўзьдзеяньне павінна было адбыцца ў выглядзе публічнай навуковай дыскусіі ва ўнівэрсытэце Вітэнбэргу.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першых сямі тэзісах Лютэр сьцьвярджае, што пакаяньне, да якога заклікае Ісус Хрыстос, зьдзяйсьняецца ня ў акце сакрамэнту, але доўжыцца ўсё жыцьцё хрысьціяніна й заканчваецца яно толькі з уваходжаньнем у валадарства нябеснае (4 тэзіс). Сапраўднае адпушчэньне грахоў робіць ня рымскі папа, а сам Бог (6 тэзіс). У наступных дзесяці тэзісах Лютэр крытыкуе каталіцкі дагмат пра чысьцец, які як бы сьцірае значэньне сьмерці (13 тэзіс). У тэзісах 21—52 Лютэр даказвае несапраўднасьць індульгенцыяў, бо толькі Бог валодае нашым выратаваньнем (28 тэзіс — аснова манэргызму). Акрамя таго, купіўшы індульгенцыю, грэшнік ня мае гарантыяў, што ён сапраўды будзе выратаваны (30 тэзіс). Мэта індульгенцыяў здабываецца ня купляй адпушчальнай граматы, а шчырым раскаяньнем (прынцып Sola fide).
У наступных 20 тэзісах Лютэр сьцьвярджае прыярытэт Боскага слова (лац. verbum dei) і Эвангельля над індульгенцыямі (55 тэзіс). «Сапраўды скарб Царквы, — піша ён у 62 пункце, — гэта Найсьвяцейшае Эвангельле пра славу й ласкі Бога», якое Бог явіў на крыжы (68 тэзіс). Гэтым закладваецца прынцып Sola Scriptura.
У апошніх 20 тэзісах Лютэр сьцьвярджае, што ў рымскага папы няма ніякіх асаблівых правоў адпускаць грахі (75 тэзіс). Лютэр таксама ня лічыць будаўніцтва храма сьвятога Пятра апраўданьнем для індульгенцыяў (86 тэзіс). У зьняволеньні ён закладвае асновы тэалёгіі крыжа, згодна зь якой на неба варта ўваходзіць не грашыма, а жальбамі (94—95 тэзісы).
Рэакцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Публікаваньне 95 тэзісаў выклікала рэзкую рэакцыю ў Рыме й разуменьне нямецкіх князёў, што абумовіла рэлігійны раскол Эўропы на пераважна пратэстантаў і каталікоў. Праз 3 гады пасьля выпуску тэзісаў тады ўжо даволі вядомы Мартын Лютар быў адлучаны ад Каталіцкай Царквы рашэньнем папы рымскага, што стала пачаткам хуткага разгалінаваньня й вялікага расколу ў Касьцёле. Ад гэтых канфліктаў ўспыхнула хваля рэлігійных канфліктаў і войнаў у заходняй Эўропе.
Глядзі таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]95 тэзісаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- 95 тэзісаў Мартына Лютэра (рас.) на бачыне Нямецкай хвалі
- 95 тэзісаў (ням.) на бачыне Эвангельскай царквы Нямеччыны